Луіза Пойндэкстэр была не з тых, хто можа заставацца ў няўпэўненасці. Нават каханне, якое падпарадкоўвае самых моцных, не магло зрабіць яе пакорнай. Яна павінна ведаць праўду! Можа, яе чакае шчасце, а можа, гібель усіх яе надзей. Нават апошняе здавалася ёй лепшым за пакутлівыя сумненні.
Яна разважала амаль гэтак жа, як і яе саперніца!
Пераконваць Луізу ў адваротным было б бескарысна. Нават слова бацькі не магло б яе спыніць.
Зара застала Луізу ў сядле. Выехаўшы за вароты Каса-дэль-Корва, яна накіравалася ў прэрыю па ўжо знаёмай сцежцы.
Сэрца яе не раз замірала ад салодкіх успамінаў, калі яна праязджала па знаёмых і дарагіх мясцінах.
У такія хвіліны яна забывала пра пакуты, што прымусілі яе адважыцца на гэту паездку, думала толькі пра спатканне з каханым і марыла выратаваць яго ад ворагаў, якія, магчыма, ужо акружылі яго.
Нягледзячы на трывогу аб каханым, гэта былі шчаслівыя хвіліны, асабліва ў параўнанні з тымі гадзінамі, калі яе разрывалі думкі пра яго здраду.
Дваццаць міль аддзялялі Каса-дэль-Корва ад самотнай хаціны мустангера.
Такая адлегласць магла здацца цэлым падарожжам для чалавека, які прывык да еўрапейскай верхавой язды. Але для жыхароў прэрыі няцяжка адолець гэту адлегласць за дзве гадзіны – яны імчацца так, нібы гоняцца за лісой або аленем.
Такое падарожжа не нуднае нават на лянівым кані, але на быстраногай крапчастай прыгажуні Луне, якая рвалася ў родную прэрыю, яно скончылася хутка – можа, занадта хутка, на няшчасце для нашай наезніцы.
Як ні была змучана Луіза, яна цяпер не адчувала адчаю – у яе сумным сэрцы ззяў прамень надзеі.
Але ён згас, ледзь яна ступіла на парог хакале. Прыглушаны крык вырваўся з яе вуснаў – здавалася, сэрца яе разарвалася.
У хаціне была жанчына!
Для маладой крэолкі ўсё стала ясна, пакутліва ясна. Перад ёй была жанчына, якая напісала любоўнае пісьмо. Спатканне ўсё-такі адбылося! Магчыма, у той сварцы на паляне ўдзельнічаў яшчэ і трэці – Морыс Джэральд? Ці не гэтым тлумачыцца яго стан: Луіза паспела ўбачыць, што Морыс, увесь забінтаваны, ляжыць у пасцелі.
Так, гэта яна напісала запіску, гэта яна называла яго «дарагі» і захаплялася яго вачамі, гэта яна клікала яго на спатканне; а цяпер яна каля яго, пяшчота даглядае яго – значыць, ён належыць ёй. О, гэта думка была занадта пакутлівай, каб выказаць яе словамі!
He менш яснымі і не менш пакутлівымі былі і словы Ісідоры. Яна ўжо ведала, што для яе няма надзеі. Занадта доўга лавіла яна бязладную гаворку хворага, каб сумнявацца ў горкай праўдзе. На парозе стаяла саперніца, якая выціснула яе з сэрца мустангера.
Тварам да твару, з бліскучымі вачамі стаялі яны адна перад другой, усхваляваныя адным і тым жа пачуццём, узрушаныя адной і той жа думкай.
Абедзве закаханыя ў аднаго і таго ж чалавека, абедзве апантаныя рэўнасцю, яны стаялі каля яго – а ён, на жаль, не ўсведамляў прысутнасці ні той, ні другой.
Кожная лічыла другую сваёй шчаслівай саперніцай. Луіза не чула тых слоў, якія суцешылі б яе, тых слоў, якія да гэтай вары гучалі ў вушах Ісідоры, paзрываючы яе душу. Абедзвюх перапаўняла нянавісць, маўклівая і таму яшчэ больш страшная. Яны не абмяняліся ні словам. Hі адна з іх не прасіла тлумачэнняў, ні адна з іх не мела патрэбы ў тлумачэнні. Бываюць хвіліны, калі словы залішнія. Гэта было сутыкненне абражаных пачуццяў, выражанае толькі ненавіснымі поглядамі і пагардлівым выгібам губ.
Але яны стаялі так толькі адно імгненне.
Потым Луіза Пойндэкстэр павярнулася і накіравалася да выхаду. У хаціне Морыса Джэральда няма месца для яе!
Ісідора таксама выйшла, амаль наступаючы на шлейф сваёй саперніцы. Тая ж думка гнала і яе: у хаціне Морыса Джэральда няма месца для яе!
Здавалася, яны абедзве спяшаліся як мага хутчэй пакінуць тое месца, дзе разбілася іх сэрца.
Сівы конь стаяў бліжэй, крапчасты – далей. Ісідора першая ўскочыла ў сядло. Калі яна праязджала міма Луізы, тая ўжо садзілася на каня.
Зноў саперніцы абмяняліся поглядамі – ні адзін з іх нельга было назваць пераможным, але ў іх не відаць было і даравання. Погляд крэолкі быў поўны суму, гневу і здзіўлення. Апошні ж погляд Ісідоры, які суправаджаўся вульгарызм воклічам, быў поўны бяссільнай злосці.
Калі б можна было параўнаць з’явы знешняга свету з перажываннямі чалавека, то цяжка было б знайсці больш рэзкі кантраст, чым асляпляльны бляск сонца над Аламо і змрок у душы Ісідоры, калі яна пакідала хакале мустангера. Шалёныя страсці бушавалі ў яе грудзях, і мацней за ўсё была прага помсты. У ёй яна знаходзіла нейкае горкае задавальненне – гэта пачуццё ратавала яе ад адчаю. Інакш цяжар яе гора быў бы невыносным.
Апантаная змрочнымі думкамі, ехала яна ў цені дрэў. I яны не сталі весялейшымі, калі, пад’ехаўшы да абрыву, яна ўбачыла ззяючае блакітнае неба – ёй здалося, што яно смяецца з яе.
Ісідора спынілася пад адхонам. Над ёю распасціраліся вялізныя цёмныя галіны кіпарыса. Іх густы цень быў бліжэй тужліваму сэрцу, чым радасныя промні сонца.