Але не гэта прымусіла яе спыніць каня. У галаве мільганула думка, чарнейшая за цень кіпарыса. Аб гэтым можна было меркаваць па насупленаму лбу, па ссунутых бровах над чорнымі бліскучымі вачамі і па злоснаму выразу твару.

– Чаму я не забіла яе на месцы? – прашаптала яна. – Можа, яшчэ не позна вярнуцца? Але што зменіцца, калі я заб’ю яе? Гэтым жа не вернеш яго сэрца. Яно для мяне згублена, згублена назаўсёды! Тыя ж словы вырваліся з глыбіні яго душы. Толькі яна жыве ў яго марах! Для мяне, беднай, не засталося надзеі! He, гэта ён павінен памерці! Гэта ён зрабіў мяне няшчаснай… Але, калі я заб’ю яго, што тады? У што ператворыцца маё жыццё? У нясцерпную пакуту!.. А хіба зараз гэта не пакута? Я не магу болей зносіць гэтыя мукі! I мне няма іншага суцяшэння, акрамя помсты. He толькі яна, але і ён – абодва павінны памерці! Але не зараз, а тады, калі ён зможа зразумець, ад чыёй рукі ён гіне! Святая Дзева, дай мне сілы адпомсціць!

Ісідора шпорыць каня і хутка падымаецца па крутым адхоне.

Выехаўшы на верхнюю раўніну, яна не спыняецца і не дае каню адпачыць, а імчыцца шалёным галопам па прэрыі, напэўна сама не ведаючы куды. Hі голас, ні павады не кіруюць канём, і толькі шпоры гоняць яго ўперад.

Пакінуты на самога сябе, конь імчыцца па той жа дарозе, па якой прыскакаў сюды. Яна вядзе да Ляоны. Але ці туды ён павінен везці сваю гаспадыню?

Дзяўчыне, здаецца, усё роўна. Апусціўшы галаву, паглыбіўшыся ў цяжкія думы, яна не заўважае нічога, нават шалёнага галопу свайго каня. He заўважае яна і цёмнай чарады коннікаў, якая набліжаецца да яе, пакуль конь, фыркнуўшы, не спыняецца як укопаны.

Тады яна бачыць у прэрыі конны атрад.

Індзейцы? He, белыя – мяркуючы не столькі па колеру скуры, колькі па сёдлах і пасадцы; гэта пацвярджаецца і бародамі, але колер скуры нельга разабраць пад густым слоем пылу.

– Тэхасцы, – мармыча Ісідора. – Напэўна, атрад, які шукае каманчаў… Але індзейцаў тут няма. Калі ў пасёлку кажуць праўду, яны ўжо далёка адсюль.

Мексіканка не хоча з імі сустракацца. У іншы час яна не стала б пазбягаць іх, але ў хвіліну гора ёй непрыемны пытанні і цікаўныя погляды.

Ёсць час схавацца. Яна ўсё яшчэ знаходзіцца сярод кустоў. Мабыць, коннікі не бачаць яе. Збочыўшы ў зараснікі, можна застацца незаўважанай.

Але не паспела Ісідора гэтага зрабіць, як яе конь гучна заржаў. Дваццаць другіх коней адказваюць яму.

Усё ж яшчэ можна збегчы. Яе, несумненна, будуць даганяць. Але ці дагоняць, асабліва па гэтых звілістых сцежках, так добра ёй знаёмых?

З гэтай думкай яна ўжо паварочвае каня, але зараз жа зноў спыняе яго і спакойна чакае атрада, які нясецца да яе. Яе словы тлумачаць, чаму яна гэта зрабіла:

– Яны занадта добра адзетыя для простых паляўнічых. Гэта, мабыць, атрад, пра які я чула, – на чале з яе бацькам… Так-так, гэта явы. Вось магчымасць адпомсціць! Гэта воля Божая.

Замест таго каб збочыць у зараснікі, Ісідора выязджае на адкрытае месца і з рашучым выглядам кіруе насустрач коннікам. Яна нацягвае павады і чакае іх набліжэння. У яе выспеў здрадніцкі план.

Праз хвіліну мексіканку з усіх бакоў акружаюць коннікі.

Іх чалавек сто, яны ўзброены самай разнастайнай зброяй, адзеты страката. Адзінае, што робіць іх падобнымі адзін на аднаго, – гэта налёт бурага пылу на іх адзенні і суровы выраз твараў, толькі злёгку змякчаны ледзь прыметнай цікавасцю.

Перад такой кампаніяй хто хочаш напалохаўся б, тым больш жанчына, але Ісідора не выказвае ні ценю страху. Яна не лічыць апаснымі людзей, якія так бесцырымонна акружылі яе. Некаторых з іх яна ведае на выгляд. Але пажылога чалавека, які, мабыць, узначальвае атрад і зараз звяртаецца да яе з пытаннем, яна ніколі раней не бачыла, хаця здагадваецца, хто ён. Гэта, напэўна, бацька забітага юнака, бацька дзяўчыны, якую яна хацела б бачыць забітай або, прынамсі, зняслаўленай.

Які спрыяльны выпадак!

– Вы размаўляеце па-французску, мадэмуазэль? – пытае яе Вудлі Пойндэкстэр, мяркуючы, што гэту мову яна хутчэй зразумее.

– Вельмі нямнога, сеньёр. Лепш размаўляйце па-англійску.

– Па-англійску? Тым лепш для нас. Скажыце мне, міс, вы нікога не бачылі тут? Я хачу сказаць – ці не сустрэлі вы якога-небудзь конніка або, можа, вы заўважылі чый-небудзь лагер?

Ісідора ці то вагаецца, ці то абдумвае свой адказ.

Плантатар ветліва працягвае свае роспыты:

– Дазвольце вас спытаць, дзе вы жывяце?

– На Рыо-Грандэ, сеньёр.

– Вы зараз прама адтуль?

– He, з Ляоны.

– З Ляоны!

– Гэта пляменніца старога Марцінеса, – тлумачыць адзін з прысутных. – Яго плантацыі мяжуюць з вашымі, містэр Пойндэкстэр.

– Так-так, гэта праўда. Я пляменніца дона Сільвіо Марцінеса.

– Вы едзеце прама з яго асьенды? Даруйце маю настойлівасць, але паверце, міс, мы распытваем вас не з пустой цікаўнасці. Нас прымушаюць да гэтага вельмі сур’ёзныя прычыны.

– Так, я еду прама з асьенды Марцінеса, – адказвае Ісідора, нібы не пачуўшы яго апошніх слоў.– Я выехала з дома майго дзядзькі роўна дзве гадзіны назад.

– Тады, без сумнення, вы чулі, што ўчынена забойства?

– Так, сеньёр. Учора ў доме дзядзькі Сільвіо пра гэта гаварылі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже