– Але сёння, калі вы выехалі, ці не было якіх-небудзь свежых навін у пасёлку? У нас былі весткі адтуль, але больш раннія. Вы нічога не чулі, міс?

– Я чула толькі, што на пошукі забойцы выехаў атрад. Ваш атрад, сеньёр?

– Так-так, напэўна, яны мелі на ўвазе нас… Вы больш нічога не чулі?

– О так, але толькі вельмі дзіўнае, сеньёры, настолькі дзіўнае, што вы падумаеце – я жартую.

– Што ж такое? – пытаюць чалавек дваццаць адначасова і з напружанай цікаўнасцю глядзяць на чароўную наезніцу.

– Кажуць, што бачылі кагосьці без галавы… на кані… недзе тут… Божа міласэрны! Мы, мабыць, паблізу ад гэтага месца. Гэта дзесьці каля Нуэсес, недалёка ад броду, дзе дарога паварочвае на Рыо-Грандэ. Так казалі вакера.

– Ах, так, значыць, яго бачылі нейкія вакера?

– Так, сеньёры, іх было трое, і яны божацца, што бачылі яго.

Ісідору некалькі здзіўляе той незразумелы спакой, з якім выслухалі тэхасцы яе аповяд. Хтосьці тлумачыць прычыну гэтага:

– Мы таксама яго бачылі, гэтага конніка без галавы, толькі здалёк. А вашы вакера блізка яго бачылі – яны разабралі, што гэта такое?

– Святая Мадонна, не!

– А вы гэтага не ведаеце, міс?

– Што вы, не! Я толькі чула пра гэта, як ужо сказала. Але што яно такое, хто ведае!

Некаторы час усе маўчаць, задумаўшыся.

Потым плантатар працягвае роспыты:

– Вы нікога не сустрэлі ў гэтых месцах, міс?

– He, сустрэла.

– Каго ж? Ці не будзеце вы так ласкавы апісаць…

– Жанчыну.

– Жанчыну? – паўтараюць некалькі галасоў.

– Так, сеньёры.

– Якую жанчыну?

– Амерыканку.

– Амерыканку? Тут? Адну?

– Так.

– Хто ж гэта?

– Хто ведае!

– Вы не ведаеце яе? А як яна выглядае?

– Як яна выглядае?

– Так, як яна была адзета?

– У касцюм для верхавой язды.

– Значыць, яна ехала вярхом?

– Так.

– Дзе ж вы яе сустрэлі?

– Недалёка адсюль, па той бок зараснікаў.

– У якім напрамку яна ехала? Там ёсць якое-небудзь жыллё?

– Толькі адно хакале.

Пойндэкстэр паварочваецца да аднаго з членаў атрада, які ведае іспанскую мову:

– Што такое хакале?

– Яны так называюць свае халупы.

– Каму належыць гэта хакале?

– Дону Марысіо, мустангеру.

Пераможны гул чуецца ў натоўпе. Пасля двухдзённых няспынных пошукаў, гэткіх жа бясплодных, як і ўпорных, яны нарэшце натрапілі на след забойцы.

Тыя, хто сышоў з коней, зноў ускокваюць у сёдлы, гатовыя рушыць у дарогу.

– Прашу прабачэння, міс Марцінес, але вы павінны паказаць нам дарогу да гэтага месца.

– Мне прыйдзецца зрабіць для гэтага круг. Ну добра, паедзем! Я правяду вас, калі вы гэтага хочаце.

У суправаджэнні ста коннікаў Ісідора зноў перасякае паласу зараснікаў.

Яна спыняецца на заходнім узлеску. Паміж імі і Аламо распасціраецца адкрытая прэрыя.

– Вунь там, – гаворыць Ісідора, – бачыце чорную кропку на гарызонце? Гэта вяршыня кіпарыса. Ён расце ў даліне Аламо. Едзьце туды. Побач з ім адхон, па якім вы можаце спусціцца з абрыву. Крыху далей вы знойдзеце хакале, пра якое я казала.

Далейшыя ўказанні не патрабуюцца. Амаль забыўшы пра тую, якая паказала ім дарогу, коннікі імчацца па прэрыі, кіруючы да кіпарыса.

Толькі адзін не рушыў з месца: не той, хто ўзначальваў атрад, а чалавек, які не менш за яго зацікаўлены ў тым, што адбываецца, – і нават больш, калі гаворка зайшла пра жанчыну, якую бачыла Ісідора. Ён ведае мову Ісідоры гэтак жа добра, як сваю родную.

– Скажыце мне, сеньярыта, – звяртаецца ён да мексіканкі амаль умольным тонам, – ці заўважылі вы каня, на якім ехала гэта жанчына?

– Канешне! Хто б мог яго не заўважыць!

– Яго масць? – пытае ён, задыхаючыся ад хвалявання.

– Крапчасты мустанг.

– Крапчасты мустанг? О Божа! – са стогнам усклікае Касій Калхаўн і імчыцца даганяць атрад.

Для Ісідоры становіцца ясна, што яшчэ адно сэрца ахоплена тым нязгасным полымем, перад якім усё бясссільнае, акрамя смерці.

<p>61. Анёл на Зямлі</p>

Хуткія і нечаканыя ўцёкі саперніцы ўразілі Луізу Пойндэкстэр. Яна ўжо гатова была прышпорыць Луну, але затрымалася ў нерашучасці, ашаломленая тым, што адбылося.

Толькі хвіліну назад, зазірнуўшы ў хаціну, яна ўбачыла гэту жанчыну, якая, відаць, адчувала сябе там гаспадыняй.

Як зразумець яе раптоўныя ўцёкі? Чым вытлумачыць гэты позірк, поўны злоснай нянавісці? Чаму ў ім не было пераможнай упэўненасці, усведамлення свайго трыумфу?

Погляд Ісідоры не абразіў крэолку – наадварот, ён абудзіў у ёй тайную радасць. I, замест таго каб памчацца ў прэрыю, Луіза Пойндэкстэр зноў саслізнула з сядла і ўвайшла ў хаціну.

Убачыўшы бледнасць мустангера, яго дзіка блукаючыя вочы, крэолка на нейкі час забыла сваю крыўду.

– Божа мой! – усклікнула яна, падбягаючы да пасцелі.– Ён паранены… памірае… Хто гэта зрабіў?

Адзіным адказам было нейкае бязладнае мармытанне.

– Морыс! Морыс! Адкажы мне? Ты не пазнаеш мяне? Луізу! Тваю Луізу! Ты ж называў мяне так!

– Ах, якія вы цудоўныя, анёлы нябёс! Цудоўныя… Так-так, такімі вы здаяцеся, калі глядзіш на вас. Але не кажыце, што на зямлі няма падобных на вас; гэта няпраўда. Там шмат прыгажунь, але я ведаю адну, якая яшчэ больш цудоўная, чым вы, анёлы нябесныя! Я кажу аб прыгажосці; дабрата – гэта іншая справа; пра дабрату я не думаю – не-не!

– Морыс, дарагі Морыс, чаму ты так гаворыш? Ты ж не на нябёсах. Ты тут са мной – з тваёй Луізай.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже