– Вунь там, над абрывам. Я выйшаў сустракаць гаспадара – ён абяцаў вярнуцца тым ранкам з пасёлка. Спачатку я падумаў, што гэта ён і едзе. I раптам пад’язджае гэты… без галавы… спыняецца на хвілінку, а потым імчыцца галопам як звар’яцелы, а Тара з выццём – за ім. Так і імчаліся яны па раўніне, пакуль не прапалі з маіх вачэй. Тады я вярнуўся сюды, у хаціну, запёрся і лёг спаць. I раптам – якраз калі я заснуў і мне прыснілася, як… Прабачце, міс, вы ж стаміліся, нават на хвілінку не прыселі – увесь час на нагах. Здыміце ваш прыгожы капялюшык з пяром і садзіцеся на куфэрак – гэта будзе зручней, чым ва табурэтцы. Сядайце, прашу вас, я ж яшчэ не ўсё расказаў.

– He турбуйцеся аба мне. Працягвайце. Хто ж яшчэ, акрамя гэтага дзіўнага конніка, быў тут? Гэта, мабыць, хто-небудзь пажартаваў з вас?

– Пажартаваў? Тое ж самае сказаў мне і стары Зеб.

– Значыць, і ён быў тут?

– Так, але пасля таго, як сюды прыходзілі іншыя…

– Іншыя?

– Так, міс. Зеб прыйшоў толькі ўчора раніцай. Яны ж наведалі мяне ўначы напярэдадні, у вельмі позні час. Разумееце, я спаў салодкім сном, а яны прыйшлі і разбудзілі мяне.

– Але хто яны, гэтыя «іншыя»?

– Ды індзейцы ж!

– Індзейцы?

– Ну так! Цэлае племя! Уявіце сабе, міс, як я ўжо казаў, я спаў салодкім сном. Раптам чую – хтосьці размаўляе прама над маёй галавой, потым шамаценне паперы, як быццам нехта тасуе карты… Святы Патрык, а што гэта?

– Што?

– Хіба вы нічога не чулі?.. Вось і зноў! Тупат коней! Яны каля хаціны…

Фялім кінуўся да дзвярэй.

– Святы Патрык! Нас акружылі з усіх бакоў коннікі. Іх цэлая тысяча, і яшчэ пад’язджаюць… Гэта, напэўна, тыя, пра якіх Зеб… Трэба, значыць, яго вызваць. О Божа! Чаго добрага, не паспею!

Ірландзец схапіў галінку кактуса, якую для зручнасці прынёс з сабой і выбег з хаціны.

– Ах! – усплёснула крэолка. – Гэта яны! Мой бацька, а я тут… Што сказаць? Святая Дзева, уратуй мяне ад ганьбы!

Луіза інстынктыўна кінулася да дзвярэй і заперла іх, але тут жа зразумела, што дарэмна. Тых, хто быў звонку, падобная перашкода наўрад ці спыніць. Яна заўважыла ў сцяне шчыліну. Уцякаць?

Позна! Тупат капытоў ужо чуўся ззаду хаціны. Коннікі акружылі хакале з усіх бакоў.

Ды і ўсё роўна яе крапчасты мустанг прывязаны каля хакале; не пазнаць яго яны не маглі.

Але і другая думка ўтрымлівала дзяўчыну ад уцёкаў: яе каханаму пагражае небяспека, ад якой яго не ўратуе нават непрытомны стан; хто, акрамя яе, можа яго абараніць?

«Хай я страчу сваё добрае імя, – надумала крэолка, – страчу бацьку, сяброў, усіх – толькі не яго! Гэта мой лёс. Буду я зняслаўлена ці не, але я застануся яму вернай».

Луіза стала каля пасцелі хворага, гатовая ахвяраваць дзеля яго нават жыццём.

<p>62. Напружанае чаканне</p>

Ніколі яшчэ каля хаціны мустангера не чулася такога тупату капытоў – нават у дні, калі яго караль быў поўны толькі што злоўленымі дзікімі коньмі.

Фяліма, які выбег з дзвярэй, спыняюць некалькі дзясяткаў галасоў.

Самы гучны і ўладарны голас сказаў:

– Стой, нягоднік! Уцякаць бескарысна! Яшчэ адзін крок – і ты будзеш забіты! Стой, кажуць табе!

Ірландцу, які кінуўся да кабылы Зеба Стумпа, прывязанай па той бок паляны, прыйшлося спыніцца.

– Паверце, джэнтльмены, я зусім не збіраўся ўцякаць, – вымавіў ён дрыжачым голасам, калі ўбачыў раз’юшаныя твары і наведзеныя на яго стрэльбы. – У мяне такіх памераў зусім не было я толькі хацеў…

– …збегчы, калі табе ўдасца. Пачаў ты нядрэнна… Сюды, Дзік Трэсі! Ану, звяжы яго!.. Дапамажы яму, Шэлтан! Каб яго чорт, вельмі ўжо дзікаваты гэты дурань! Наўрад ці гэта той, якога мы шукаем.

– Канешне, не! Гэта яго слуга.

– Гэй, вы там, за хацінай! He зводзьце з яго вачэй. Мы яго яшчэ не злавілі. Глядзіце лепш, каб і мыш не праскочыла… А цяпер адказвай: хто там унутры?

– Унутры? У хаціне, ці што?

– Адказвай, дурань! – гаворыць Трэсі, хвастануўшы ірландца вяроўкай. – Хто ўнутры хаціны?

– О Божа! Тут ужо не да жартаў. Ну добра. Па-першае, мой гаспадар…

– Дзіўна… Што гэта такое? – пытае Вудлі Пойндэкстэр, які толькі што пад’ехаў і заўважыў крапчастага мустанга. – Гэта ж… конь Луізы?

– Так, гэта ён, дзядзька, – адказвае Касій Калхаўн, які пад’язджае разам з плантатарам.

– Хто ж прывёў яго сюды?

– Мабыць, сама Лу.

– Што за глупства! Ты жартуеш, Каш?

– He, дзядзька, я гавару зусім сур’ёзна.

– Ты хочаш сказаць, што мая дачка была тут?

– Была? Яна і зараз тут – я ў гэтым не сумняваюся.

– Немагчыма!

– А вось паглядзіце туды!

Дзверы толькі што ўзламалі. У хаціне бачна жаночая фігура.

– Мая дачка!

Пойндэкстэр хутка саскоквае з каня і паспешліва накіроўваецца да хакале. Калхаўн ідзе за ім. Абодва ўваходзяць у хаціну.

– Луіза, што гэта значыць?.. Ранены? Хто гэта? Генры?

Перш чым пачуць адказ, плантатар заўважае капялюш і плашч Генры.

– Гэта ён! Ён жывы! Слава Богу!

Пойндэкстэр кідаецца да пасцелі.

Радасць яго імгненна згасла. Бледны твар на падушцы – не твар яго сына. Плантатар са стогнам адхіснуўся.

Калхаўн, здаецца, усхваляваны не менш. У яго вырываецца крык* жаху. Скурчыўшыся, ён паціху выходзіць з хаціны.

– О Божа! Што ж гэта? – шэпча плантатар. – Што ж гэта? Ці можаш ты мне растлумачыць, Луіза?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже