Тлумачэнні Фяліма, блытаныя і няскладныя, не выклікаюць даверу. Ці можа быць інакш? Гэта ж выдумка саўдзельніка. Некаторыя проста не хочуць слухаць – гэта тыя, хто крычыць з нецярплівасцю: «Павесіць забойцу!»
Напэўна, прысуд ужо прадрашоны. На зямлі ляжыць вяроўка з пятлёй на адным канцы. Праўда, гэта толькі ласо, але для такой мэты яно падыходзіць як найлепш. Гарызантальны сук смакоўніцы, якая расце паблізу, цалкам можа замяніць вісельню.
Большасць выказаліся за смяротны прысуд. Некаторыя падмацавалі сваё рашэнне грубымі лаянкамі. Чаму ж прысуд не прыводзіцца ў выкананне?
Чаму? Ды таму, што няма поўнай аднадушнасці. He ўсе згодны з прысудам.
Сярод прысутных ёсць такія, якія супраць пакарання Морыса. Іх меншасць, аднак яны сказалі сваё «не» з не меншай рашучасцю.
3-за гэтага і адбылася затрымка пакарання.
Сярод меншасці і сам суддзя – Сэм Мэнлі.
– Суграмадзяне! – крычыць ён натоўпу, скарыстаўшы момант, калі яго могуць пачуць. – Мне здаецца, што ў нас няма дастатковых доказаў. Трэба выслухаць абвінавачанага – канешне, калі ён будзе ў стане гаварыць. Зараз як вы самі бачыце, дапытваць яго бескарысна. Па гэтаму я прапаную адкласці разбор гэтай справы да…
– Які сэнс адкладваць? – перарывае яго гучны пратэстуючы голас Касія Калхаўна. – Вам добра разглагольстваваць, Сэм Мэнлі! Але калі б подла забілі вашага друга, сына або брата, вы разважалі б інакш. Што вам яшчэ трэба, каб пераканацца ў вінаватасці гэтага нягодніка? Дадатковыя доказы?
– Вось іменна, капітан Калхаўн.
– Ці ёсць яны ў вас, містэр Касій Калхаўн? – пытае з натоўпу чыйсьці голас з моцным ірландскім акцэнтам.
– Можа, і ёсць.
– Тады падзяліцеся з намі.
– Яй-богу, доказаў больш чым дастаткова. Нават абаронца з яго ўласных дурных суайчыннікаў…
– Вазьміце свае словы назад! – крычыць той жа голас. – Памятайце, містэр Калхаўн, вы ў Тэхасе, а не на Місісіпі! Запомніце гэта, бо ваш язык не давядзе вас да дабра!
– Я зусім не хацеў каго-небудзь зняважыць, – гаворыць Калхаўн, імкнучыся выйсці з непрыемнага становішча, у якое трапіў з-за сваёй антыпатыі да ірландцаў.– Джэнтльмены! – звяртаецца нарэшце Калхаўн да натоўпу, як быццам ён збіраецца сказаць прамову. – Тое, што я скажу зараз, я мог бы сказаць вам даўно. Але я спадзяваўся, што гэта не спатрэбіцца. Вы ўсе добра ведаеце, што адбылося паміж гэтым чалавекам і мной, і я не хацеў, каб мяне палічылі злапамятным. Я не такі. I калі б я не быў упэўнены, што ён учыніў забойства, гэтак жа як я ўпэўнены ў тым, што мая галава ў мяне на плячах…
Калхаўн пачынае запінацца, бо фраза, што міжвольна сарвалася, аказвае дзіўнае ўражанне на навакольных; ды і яму самому робіцца не па сабе.
– Калі б, – працягвае ён, – я не быў у гэтым упэўнены, я нічога не сказаў бы пра тое, што бачыў або, дакладней, чуў,– гэта было ўначы.
– Што ж вы чулі, містэр Калхаўн? – пытае Сэм Мэнлі, вяртаючыся да абавязкаў суддзі.– Ваша сварка з абвінавачаным, пра якую, мне здаецца, усе прысутныя ведаюць, не мае ніякіх адносін да вашых паказанняў. Ніхто не збіраецца абвінаваціць вас з-за гэтага ў ілжэсведчанні. Калі ласка, працягвайце. Што вы чулі, калі і дзе?
– Пачну з указання часу. Гэта было ў тую ноч, калі прапаў мой дваюрадны брат. У ноч на сераду.
– У ноч на сераду? Далей.
– Я ўжо пайшоў да сябе ў пакой: я думаў, што і Генры пайшоў у свой. Было нясцерпна горача, адольвалі маскіты, спаць было немагчыма. Я ўстаў, запаліў цыгару, пакурыў крыху ў пакоі, але потым вырашыў выйсці на дах. Вы, напэўна, ведаеце, што на старой асьендзе плоскі дах? Вось я і пайшоў туды, каб пабыць на свежым паветры. Гэта было каля поўначы ці крыху раней – дакладна не магу сказаць, бо я даволі доўга варочаўся на пасцелі і не сачыў за часам. Толькі я паспеў скурыць цыгару і ўжо хацеў быў дастаць другую, як пачуў з боку ракі галасы. Два галасы. Яны данесліся з таго берага – як мне здалося, з дарогі, што вядзе ў пасёлак. Я, напэўна, не пачуў бы іх і не змог бы адрозніць адзін ад другога, калі б яны гаварылі спакойна. Але гэта была гучная, раздражнёная размова; ясна было, што адбываецца сварка. Я падумаў, што гэта п’яніцы, якія вяртаюцца з бара Абердофера, і перастаў звяртаць на іх увагу. Аднак, прыслухаўшыся, я пазнаў адзін з галасоў, а затым другі. Першы быў голас майго дваюраднага брата Генры, другі – вось гэтага чалавека, забойцы…
– Працягвайце, містэр Калхаўн. Мы хочам спачатку выслухаць вашы паказанні, а сваю думку вы выкажаце потым.