Хуткім рухам яна хапае ласо абедзвюма рукамі і вырывае яго ў разгубленых катаў.
– Тэхасцы! Баязліўцы! – крычыць яна, гледзячы на натоўп. – Ганьба! Ганьба!
Усе нібы скурчваюцца ад яе гнеўнага папроку.
– I гэта, па-вашаму, суд? Абвінавачаны асуджаны без абаронцы, не атрымаўшы магчымасці сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне. I гэта вы называеце правасуддзем! Тэхаскім правасуддзем! Вы не людзі, а звяры! Забойцы!
– Што гэта значыць? – абураецца Пойндэкстэр. Ён кідаецца ўперад і хапае дачку за руку. – Ты страціла розум, Лу! Як ты трапіла сюды? Хіба я не прасіў цябе ехаць дамоў? Едзь адсюль, зараз жа едзь! I не ўмешвайся ў тое, што цябе не тычыцца!
– Тата, гэта мяне тычыцца!
– Цябе тычыцца! Як?.. Ах, праўда, ты сястра. Гэты чалавек – забойца твайго брата.
– Я не веру, я не магу паверыць… Гэта няпраўда! Што магло яго штурхнуць на злачынства?.. Тэхасцы, калі вы людзі, то не дзейнічайце, як звяры. Хай будзе справядлівы суд, а тады… тады…
– Над ім быў справядлівы суд! – крычыць нейкі бамбіза, відаць кімсьці падвучаны. – У яго вінаватасці сумнявацца не прыходзіцца. Гэта ён забіў вашага брата. I вельмі нядобра, міс Пойндэкстэр, – прабачце, што я так кажу, – але нядобра, што вы заступаецеся за яго.
– Правільна! – далучаюцца некалькі галасоў.
– Хай здзейсніцца правасуддзе! – выкрыквае нехта ўрачыстую судовую формулу.
– Хай здзейсніцца! – падхопліваюць астатнія.
– Даруйце, міс, але мы павінны прасіць вас пайсці адсюль… Містэр Пойндэкстэр, бадай, вам трэба адвесці вашу дачку.
– Пойдзем, Лу! Тут не месца для цябе. Ты павінна дайсці… Ты адмаўляешся? Божа міласэрны! Ты адмаўляешся мяне паслухацца?.. Касій, вазьмі яе за руку і адвядзі прэч… Калі ты не пойдзеш добраахвотна, нам прыйдзецца адвесці цябе сілай. Але будзь жа разумніцай! Зрабі тое, аб чым я цябе прашу. Ідзі ж!
– He, тата! Я не хачу. Я не пайду да той пары, пакуль ты мне не паабяцаеш, пакуль усе не паабяцаюць…
– Мы нічога не можам абяцаць вам, міс, як бы вам гэтага ні хацелася. Ды і наогул гэта не жаночая справа. Учыненае злачынства, забойства, вы гэта самі ведаеце. Забойцу не будзе літасці!
– He будзе літасці! – паўтараюць дваццаць гнеўных галасоў.– Павесіць яго! Павесіць!
Прысутнасць жанчыны болей не стрымлівае натоўп. Магчыма, усё, што адбылося, нават наблізіла фатальную хвіліну. Цяпер мустангера ненавідзіць не толькі Касій Калхаўн. Зайздросцячы шчасцю паляўнічага на коней, яго зненавідзелі і другія.
Касій Калхаўн, падпарадкоўваючыся распараджэнню Пойндэкстэра, адводзіць ці, дакладней, цягне Луізу прэч з паляны. Яна вырываецца з рук, якія так ненавідзіць, заліваецца слязамі і гучна пратэстуе супраць бесчалавечнага пакарання.
– Вылюдкі! Забойцы! – зрываецца з яе вуснаў.
Яна не можа вырвацца, яе ніхто не слухае. Яе выводзяць з натоўпу, і яна страчвае надзею дапамагчы чалавеку, за якога гатова аддаць сваё жыццё.
Калхаўну прыходзіцца выслухаць шмат горкага; яна асыпае яго словамі, поўнымі нянавісці.
Упэўненасць у помсце – дрэннае суцяшэнне для яго. Яго сапернік хутка памрэ; але хіба ад гэтага што-небудзь зменіцца? Ён можа забіць каханага Луізы, але яна яго ніколі не пакахае.
Трэці раз гледачы і акцёры страшнай трагедыі займаюць свае месцы.
Ласо зноў закідваюць на сук смакоўніцы. Тыя ж два каты хапаюць свабодны канец. Цяпер яны туга яго нацягваюць.
Трэці раз на ўсіх мільгае думка: «Хутка Морыс Джэральд развітаецца з жыццём!»
Нават каханне аказалася бяссільным уратаваць яго. Якая ж яшчэ сіла можа прадухіліць фатальны канец?
Уратаваць яго немагчыма – для гэтага ўжо няма часу. У суровых позірках гледачоў не відаць спагады – адна нецярплівасць. Каты таксама спяшаюцца, нібы баючыся новай затрымкі. Яны арудуюць вяроўкай са спрытнасцю вопытных прафесіяналаў. Мяркуючы па іх фізіяноміях, для іх гэта справа звыклая.
He пройдзе і шасцідзесяці секунд, як прысуд натоўпу будзе прыведзены ў выкананне.
– Гэй, Віл, ты гатовы? – пытае адзін кат другога, мабыць, вырашыўшы не чакаць каманды.
– Так, – адказвае Біл. – Павесім гэтага нягодніка.
Вяроўку тузаюць, але недастаткова моцна, каб падняць з зямлі цела асуджанага. Пятля зацягваецца вакол яго шыі, крыху прыпадымае яго галаву – і ўсё. Толькі адзін з катаў пацягнуў вяроўку.
– Цягні ж ты, пракляты! – крычыць Віл, здзіўлены бяздзейнасцю свайго памочніка. – Чаго зяваеш?
Біл стаіць спінай да лесу і яе заўважае чалавека, які з’явіўся з-за дрэў.
– Ну, давай! – крычыць Біл. – Раз, два – цягні!
– He выйдзе! – чуецца грамавы голас; высокі чалавек са стрэльбай у руцэ выйшаў з-за дрэў, і праз імгненне ён ужо ў самай гушчы натоўпу. – He выйдзе! – паўтарае ён, нахіляючыся над распасцёртым чалавекам і накіроўваючы дула сваёй доўгай стрэльбы ў бок катаў.– Яшчэ чуць-чуць рана, па маіх разліках. Гэй, Біл Грыфін, калі ты зацягнеш гэту пятлю хоць на адну восьмую дзюйма, то атрымаеш свінцовую пілюлю прама ў жывот, і наўрад ці ты яе пераварыш! Адпусціце, вам кажуць!
Нават дзікі віск старой кабылы не зрабіў на натоўп такога моцнага ўражання, як з’яўленне яе гаспадара – Зеба Стумпа. Яго ведалі амаль усе прысутныя; яго паважалі і многія баяліся.