– Вы разумееце, джэнтльмены, што я быў вельмі здзіўлены, пачуўшы голас майго дваюраднага брата: я думаў, што ён даўно ўжо спіць. Аднак я быў упэўнены, што гэта іменна ён, і нават не пайшоў у яго пакой праверыць. He менш ясна мне было і тое, што другім са спрачальнікаў быў гэты мустангер. Мне здалося асабліва дзіўным, што Генры, насуперак звычцы, выйшаў у такі позні час. Але факт заставаўся фактам, памылкі тут быць не магло. Я пачаў прыслухоўвацца, каб дазнацца, з-за чаго яны спрачаюцца. Галасы даносіліся слаба, і я не мог зразумець, пра што яны гаварылі. Мне ўдалося разабраць толькі, што Генры лае мустангера, нібы той зняважыў яго першым, потым выразна данесліся пагрозы мустангера. Кожны гучна назваў другога па імені, і тут ужо ў мяне не засталося ніякіх сумненняў, што гэта іменна яны. Мне варта было б пайсці туды і высветліць, у чым справа, але я быў у начных туфлях; і, пакуль я надзяваў боты, усё ўжо сціхла. Я чакаў Генры каля паўгадзіны, але ён не вяртаўся. Тады я вырашыў, што ён адправіўся ў бар, дзе мог сустрэць знаёмых з форта і прасядзець доўга, і лёг спаць… Такім чынам, джэнтльмены, я расказаў вам усё, што ведаю. Бедны Генры не вярнуўся ў Каса эль-Корва: ніколі больш не ляжа ён у сваю пасцель. Яго пасцеллю ў тую ноч была прэрыя ці зараснікі – ведае толькі гэты чалавек!

Драматычным жэстам ён паказаў на мустангера. А той толькі павёў дзікімі, блукаючымі вачамі, выяўляючы поўную абыякавасць да жахлівага абвінавачання і не адчуваючы на сабе гнеўных поглядаў, звернутых на яго з усіх бакоў.

Грунтоўная прамова Калхаўна зрабіла ўражанне. Ніхто болей не сумняваўся ў тым, што мустангер вінаваты. Адбыўся новы ўзрыў абурэння.

– Павесіць! Павесіць! – крычаць з усіх бакоў.

Нават сам суддзя, здаецца, пачынае вагацца. Тых, хто пярэчыць, застаецца яшчэ менш. Ужо не восемдзесят, а дзевяноста са ста паўтараюць пагібельнае патрабаванне. Хваля раззлаваных галасоў заглушае больш спакойныя.

Натоўп прыходзіць у рух. Напружанасць расце, хутка яна дасягае крайняй мяжы.

Нейкі нягоднік кідаецца да вяроўкі. Ён толькі што адышоў ад Калхаўна, пасля таго як пашаптаўся з ім, хаця гэтага ніхто не заўважыў. Ён бярэ ласо, нахіляецца і хутка накідвае пятлю на шыю асуджанага, які па-ранейшаму нічога не ўсведамляе.

Ніхто не ўмешваецца. У гэтага чалавека за поясам тарчаць кінжал і рэвальверы, і яму дадзена свабода дзеянняў; у яго знайшліся і памочнікі з такіх жа нягоднікаў, як і ён, – з тых, хто толькі што сцярог палоннага.

Астатнія спакойна стаяць і глядзяць на тое, што адбываецца, – большасць з нямым адабрэннем, некаторыя ж нават падбадзёрваюць катаў злоснымі воклічамі: «Уздзірай яго! Вешай!»

Некаторыя ашаломлены; некалькі чалавек шкадуюць мустангера, але ніхто яе асмельваецца стаць на яго абарону.

На яго шыю накінута пятля. Другі канец вяроўкі ўжо закінуты на сук…

Хутка Морыс Джэральд развітаецца з жыццём!

<p>64. Непрадбачаная затрымка</p>

«Хутка Морыс Джэральд развітаецца з жыццём! – так думаў кожны з удзельнікаў трагедыі, што разыгралася на лясной паляне. Ніхто не сумняваўся, што пройдзе яшчэ адна хвіліна – і яны ўбачаць, як яго цела павісне на суку смакоўніцы.

Але тут адбылася непрадбачаная затрымка.

Адначасова і, можна сказаць, на той жа сцэне быў разыграны і фарс. Але дзякуючы таму, што на гэты раз трагедыя цалкам завалодала ўвагай прысутных, камедыя засталася без гледачоў.

Тым не менш артысты фарсу аднесліся да сваіх ролей зусім сур’ёзна. Іх было двое: чалавек і кабыла. Фялім зноў разыграў сцэну, якая ўразіла Ісідору.

Доказы Калхаўна яшчэ больш распалілі прагу помсты і засяродзілі ўвагу натоўпу толькі на галоўным злачынцы. Слуга нікога не цікавіў, ніхто не думаў, быў ён ці не быў саўдзельнікам, – усе глядзелі толькі на мустангера.

А калі каты пачалі прыладжваць вяроўку, пра Фяліма зусім забылі, і ён не прамінуў гэта выкарыстаць.

Качаючыся па траве, ён аслабіў вяроўку, якая сцягвала яго, вызваліўся ад яе і паціху прапоўз паміж нагамі гледачоў.

Ніхто не заўважыў яго манеўру. У страшнай узбуджанасці людзі штурхалі адзін аднаго, не адрываючы вачэй ад смакоўніцы. Можна было падумаць, што Фялім, скарыстаўшы зручны выпадак, ратуе сваё жыццё і ўжо больш не турбуецца пра свайго гаспадара. Праўда, ён не мог яму нічым дапамагчы і ведаў гэта. Ён выказаў у абарону гаспадара ўсе доказы, якія ў яго былі; далейшае ўмяшанне з яго боку не толькі было б бескарысным, але магло яшчэ больш раззлаваць абвінаваўцаў. Яго ўцёкі ніхто не назваў бы здрадай – яго гнаў інстынкт самазахавання. Так разважаў бы выпадковы сведка.

Але ён не меў бы рацыі. Адданы слуга зусім не збіраўся пакінуць свайго гаспадара на волю лёсу. Наадварот, ён зноў спрабаваў уратаваць Морыса Джэральда ад немінучай смерці. Ён ведаў, што адзін нічога не зможа зрабіць. Усе спадзяванні ён ускладваў на Зеба Стумпа і таму вырашыў вызваць яго як мага хутчэй ужо вядомым нам спосабам, які аказаўся такім удалым.

Выбраўшыся з натоўпу, Фялім ціхенька праслізнуў у лес і, хаваючыся за дрэвамі, стаў прабірацца да месца, дзе паслася старая кабыла.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже