Уздоўж усяго ўзлеску да дрэў былі прывязаны верхавыя коні. Яны загароджвалі Фяліма, і яму ўдалося дабрацца да кабылы незаўважаным.
Але тут ён выявіў, што не прыхапіў з сабой неабходных прыстасаванняў. Ён упусціў галінку кактуса, калі яго схапілі, і яна так і валялася пад нагамі натоўпу. Адправіцца за ёй было б вельмі рызыкоўна. У яго не было ні нажа, ні іншай прылады, каб зрэзаць яшчэ адну галінку.
Ён спыніўся ў сумным роздуме, не ведаючы, што рабіць. Але толькі на імгненне: час губляць было нельга. Кожная хвіліна прамаруджвання магла стаць пагібельнай для яго гаспадара. Яго трэба было ўратаваць у што б там ні стала. З гэтай думкай Фялім кінуўся да кактуса і голымі рукамі адламаў адну з яго калючых галін.
Яго пальцы былі падраны да крыві. Але ці можна было звяртаць увагу на такія дробязі, калі справа тычыцца жыцця яго малочнага брата! Ірландзец памчаўся да кабылы і, рызыкуючы, што яна яго брыкне, сунуў ёй пад хвост прыладу катавання.
К гэтаму часу пятля ўжо была надзета на шыю мустангера і ўважліва праверана; другі канец вяроўкі, перакінуты цераз сук смакоўніцы, трымалі добраахвотныя каты, у якіх, здавалася, рукі свярбелі хутчэй тузануць яе. У іх поглядах і позах адчувалася бязлітасная рашучасць. Яны чакалі толькі каманды.
Уласна, ніхто не меў права аддаць такую каманду. Іменна з-за гэтага і адбылася затрымка. Ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць за смяротны сігнал. Хаця ўсе яны лічылі асуджанага злачынцам і верылі, што ён забойца, але ўзяць на сябе абавязкі шэрыфа ніхто не адважваўся. Нават Калхаўн адступіў.
Гэта адбывалася не з-за недахопу злой волі – у гэтым нельга было папракнуць ні адстаўнога капітана, ні многіх прысутных. Затрымка тлумачылася адсутнасцю адпаведнага выканаўцы. Гэта было толькі зацішша ў час навальніцы – зацішша перад новым моцным ударам грому.
Усталявалася магільная цішыня. Усе ведалі, што яны перад тварам смерці – смерці ў яе самай жахлівай і агіднай праяве. Большасць адчувалі сябе замешанымі ў ёй, і ніхто не сумняваўся, што яна блізка.
Людзі стаялі моўчкі і нерухома, чакаючы развязкі.
Але, замест таго каб убачыць, як Морыс Джэральд павісне на суку, яны сталі сведкамі зусім іншага відовішча; яно было нісколькі недарэчным, што парушыла змрочную ўрачыстасць моманту і затрымала пакаранне.
Старая кабыла – усе ведалі, што яна належыць Зебу Стумпу, – раптам нібы звар’яцела. Яна пачала скакаць па траве, высока падкідваючы заднія ногі і напаўняючы паляну шалёным іржаннем. Сотня коней, што стаялі побач, паўтаралі яе дзікія скокі.
Сцэна перад хацінай змянілася як быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі. He толькі пакаранне мустангера было прыпынена, але ім наогул на нейкі час перасталі цікавіцца.
Аднак у настаўшай перамене не было нічога камічнага. Наадварот, на ўсіх тварах адбілася трывога, пачуліся спалоханыя крыкі.
Людзі кінуліся хто да зброі, хто да коней.
– Індзейцы!
Гэты вокліч быў на ўсіх на вуснах, хаця яго нельга было пачуць з-за шуму. Толькі напад каманчаў мог выклікаць такі перапалох.
Некаторы час людзі з крыкамі кідаліся з боку ў бок па паляне або стаялі моўчкі са спужанымі тварамі. Многія адвязалі сваіх коней і схаваліся за імі ад індзейскіх стрэл. Толькі нямногім з прысутных даводзілася трапляць у падобны пераплёт; большасць жа, не выпрабаваныя ў такіх справах, былі ахоплены жахам. Перапалох цягнуўся да той пары, пакуль усе коні не трапілі ў рукі да гаспадароў і не супакоіліся. Толькі адзін працягваў іржаць – старая кабыла, якая распачала канцэрт. Тады і выявілі сапраўдную прычыну трывогі, а акрамя таго, заўважылі, што Фялім знік.
Ён прадбачліва схаваўся ў кустах, і гэта яго выратавала.
Чалавек дваццаць з абурэннем ухапіліся за стрэльбы і прыцэліліся ў віноўніцу перапалоху. Але, перш чым яны паспелі спусціць куркі, хтосьці з тых, што стаялі паблізу, накінуў ласо на шыю каня і заставіў яго замаўчаць.
Спакой адноўлены, і ўсе вяртаюцца туды, дзе ляжыць асуджаны. Натоўп па-ранейшаму ўзлаваны. Недарэчнае здарэнне не здалося ім смешным, а, наадварот, узмацніла раздражнёнасць.
Некаторыя саромеюцца маладушнасці, праяўленай у час беспадстаўнай трывогі. Другія незадаволены тым, што былі перарваны змрочныя прыгатаванні.
Явы ўзнаўляюцца, чуюцца лаянкі і гнеўныя воклічы.
Прагны да помсты натоўп змыкаецца вакол асуджанага – акцёры страшнай трагедыі зноў завялі свае месцы.
Зноў добраахвотныя каты бяруцца за вяроўку, зноў у кожнага з прысутных мільгае адна і тая ж думка:
Хутка Морыс Джэральд развітаецца з жыццём!»
На шчасце, жахлівая цырымонія зноў перарвана.
Як не падобна на смерць светлая стройная фігура, якая вырвалася з-пад ценю дрэў на яркае сонечнае святло!
Жанчына! Чароўная жанчына!
Гэта думка толькі мільганула; ніхто не асмельваецца загаварыць. Усе па-ранейшаму стаяць нерухома, але выраз іх твараў неяк дзіўна змяніўся. Нават самыя грубыя лічацца з прысутнасцю гэтай нязванай госці, яны збянтэжаны і нібы адчуваюць сябе вінаватымі.
Яна прабягае скрозь натоўп моўчкі, не гледзячы ні на каго, і нахіляецца над асуджаным, усё яшчэ распасцёртым на траве.