Да апошніх адносіліся Біл Грыфін і яго памочнік. Калі пачуўся загад: «Адпусціце!» – явы адразу зразумелі небяспеку і кінулі ласо; цяпер яно валяецца на траве.

– Што вы за глупства ўдумалі, хлопцы? – працягвае паляўнічы, звяртаючыся да анямелага ад здзіўлення натоўпу. – Няўжо вы збіраліся вешаць хворага? He можа гэтага быць!

– Іменна гэта мы і хацелі зрабіць, – чуецца суровы голас.

– А чаму б і не? – пытае другі.

– Чаму б і не? Хто даў вам права павесіць без суда грамадзяніна Тэхаса?

– Калі ўжо на тое пайшло – ён не тэхасец! Ды і, акрамя таго, яго судзілі, судзілі па ўсіх правілах.

– Во як! Чалавек, пазбаўлены розуму, прыгавораны да смерці! Адпраўляюць яго на той свет, калі ён нічога не ўсведамляе! I гэта вы называеце справядлівым судом?

– Ну і што? Мы ж ведаем, што ён вінаваты. Мы ўсе ў гэтым упэўнены.

– Упэўнены? Во як! З табой, Джым Стордас, не варта гаварыць. Але ты, Сэм Мэнлі, і вы, містэр Пойндэкстэр, – не можа быць, каб вы пагадзіліся на гэта. Гэта ж, проста кажучы, забойства…

– Ты не ўсё ведаеш, Зеб Стумп, – перабівае яго Сэм Мэнлі, жадаючы апраўдаць сваю згоду на пакаранне. – Вядомы факты…

– К чорту вашы факты! А таксама і выдумкі. Я не хачу нічога чуць! У нас хопіць часу ў гэтым разабрацца, калі будзе сапраўдны суд, супраць якога, канешне, ніхто пярэчыць не стане: хлопец усё роўна збегчы не можа. Хто-небудзь супраць?

– Вы занадта многа бераце на сябе, Зеб Стумп, – пярэчыць Касій Калхаўн. – I якая вам да гэтага справа, хацеў бы я ведаць? Забіты не быў вам ні сынам, ні братам, ні нават дваюрадным братам, a то вы, мабыць, загаварылі б інакш. He бачу, якім чынам вас гэта тычыцца.

– Затое я бачу, як яно мяне тычыцца: па-першае, гэты хлопец – мой друг, хаця ён і нядаўна пасяліўся ў нашых краях, і, па-другое, Зеб Стумп не сцерпіць подласці, хаця б і ў прэрыях Тэхаса.

– Подласці? Вы называеце гэта подласцю?.. Тэхасцы, няўжо вы баіцеся гэтага балбатуна? Пара давесці справу да канца. Кроў забітага кліча да помсты. Бярыцеся за вяроўку!

– Толькі паспрабуйце! Клянуся, што першы, хто асмеліцца, зваліцца раней, чым паспее ўхапіцца за яе! Вы можаце павесіць няшчаснага так высока, як вам падабаецца, але не раней, чым Зебулон Стумп зваліцца мёртвым на траву і некалькі чалавек з вас побач з ім. Ану! Хто першы возьмецца за вяроўку?

Пасля слоў Зеба настае магільная цішыня. Людзі не рухаюцца з месца – часткова баючыся прыняць выклік, часткова з павагі да мужнасці і велікадушнасці паляўнічага.

Стары паляўнічы ўмела скарыстоўвае іх настрой.

– Назначце над хлопцам справядлівы суд, – патрабуе ён. – Давайце адвязём яго ў пасёлак, і хай яго судзяць там. У вас няма доказаў, што ён удзельнічаў у гэтай бруднай справе, і каб мне праваліцца, калі паверу гэтаму, не пераканаўшыся на ўласныя вочы! Я ведаю, як ён ставіўся да маладога Пойндэкстэра. Ён зусім не быў яго ворагам – наадварот, заўсёды гаварыў пра яго з захапленнем, хаця і паспрачаўся крыху з яго дваюрадным братам.

– Вы не ведаеце, містэр Стумп, – пярэчыць Сэм Мэнлі,– таго, што нам нядаўна расказалі.

– Што ж гэта?

– Паказанні, якія сведчаць якраз аб адваротным. У нас ёсць доказы не толькі таго, што паміж Джэральдам і маладым Пойндэкстэрам была варожасць, але што была сварка, якая адбылася іменна гэтай ноччу.

– Хто сказаў, Сэм Мэнлі?

– Я сказаў гэта! – адказвае Калхаўн, выступаючы ўперад, каб Зеб яго заўважыў.

– Ах, гэта вы, містэр Касій Калхаўн? Вы ведаеце, што паміж імі была варожасць. А вы бачылі сварку, пра якую расказвалі?

– Я гэтага не казаў. А акрамя таго, я зусім не збіраюся адказваць на вашы пытанні, Зеб Стумп. Я даў свае паказанні тым, хто меў права іх патрабаваць, і гэтага дастаткова… Я думаю, джэнтльмены, вы ўсе згодны з вынесеным рашэннем. Я не разумею, чаму гэты стары дурань умешваецца…

– «Стары дурань»! – крычыць паляўнічы. – Вы называеце мяне старым дурнем? Клянуся, што вам яшчэ прыйдзецца ўзяць гэтыя словы назад! Гэта кажа Зебулон Стумп з Кентукі. Ну, ды ўсяму свой час. Прыйдзе і ваша чарга, містэр Касій Калхаўн, і, магчыма, раней, чым вы думаеце… А што тычыцца сваркі паміж Генры Пойндэкстэрам і гэтым хлопцам, – працягвае Зеб, звяртаючыся да Сэма Мэнлі,– я не веру ніводнаму слову. I ніколі не паверу, пакуль не будзе больш пераканаўчых доказаў, чым пустая балбатня містэра Калхаўна. Яго словы супярэчаць таму, што я ведаю. Вы кажаце, у вас ёсць новыя факты? У мяне яны таксама ёсць. I факты, якія, мне здаецца, могуць праліць некаторае святло на гэту таямнічую справу.

– Якія факты? – пытае Сэм Мэнлі.– Гавары, Стумп.

– Іх некалькі. Перш за ўсё вы самі бачыце, што хлопец паранены. Я не кажу пра драпіны. Гэта яго патрапалі каёты, учуўшы, што ён паранены. Але паглядзіце на яго калена. Гэта ўжо ніяк не работа каётаў. Што ты думаеш наконт гэтага, Сэм Мэнлі?

– Гэта… Хлопцы думаюць, што гэта здарылася ў час схваткі паміж ім і…

– Паміж ім і кім? – рэзка пытае Зеб.

– I чалавекам, які прапаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже