– Але, такая наша думка, – гаворыць адзін з «рэгулятараў». – Мы ўсе ведаем, што Генры Пойндэкстэр не дазволіў бы сябе забіць, як цяля. Паміж імі была бойка, і мустангер стукнуўся каленам аб камень. Вось яно і распухла. Акрамя таго, на лбе ў яго сіняк – здаецца, што ад рукаяткі рэвальвера. А адкуль драпіны, мы не ведаем – можа, ад калючак або ад кіпцюроў каётаў, як ты кажаш. Гэты дурань плёў тут нешта пра ягуара, але нас не правядзеш.
– Пра якога дурня ты кажаш? Пра ірландца Фяліма? А дзе ён?
– Уцёк, ратуючы сваю шкуру. Мы адшукаем яго, як толькі скончым гэту справу. Накінем на яго пятлю, і тады ён скажа праўду.
– Калі пра ягуара, то вы нічога новага не ўведаеце. Я сам бачыў гэта стварэнне і ледзь паспеў, каб уратаваць хлопца ад яго кіпцюроў. Але не ў гэтым справа. Што яшчэ расказваў Фялім?
– Доўгую гісторыю пра нейкіх індзейцаў. Але хто гэтаму паверыць!
– Што ж, ён і мне расказаў тое ж самае. Усё гэта падобна на праўду. Ён казаў, што яны гулялі ў карты. Вось глядзіце, я знайшоў поўную калоду ў хаціне на падлозе. Гэта іспанскія карты.
Зеб дастае з кішэні калоду карт і працягвае яе Сэму Мэнлі. Карты аказваюцца мексіканскімі, якія звычайна ўжываюць для гульні ў монтэ: дамы на іх намаляваны вярхом, віны абазначаюцца мячом, а трэфы – вялізным молатам.
– Дзе гэта чутна, каб каманчы гулялі ў карты? – пачуўся голас, які высмеяў паказанні пра індзейцаў.– Лухта!
– Лухта, па-твойму? – адгукаецца адзін са старых паляўнічых, якому давялося прабыць каля года ў палоне ў каманчаў.– Можа, гэта і лухта, але тым не менш гэта праўда. He раз мне даводзілася бачыць, як яны гулялі ў карты на шкуры бізона замест стала. Гулялі ў гэта самае мексіканскае монтэ, якому яны, напэўна, навучыліся ў сваіх палонных – іх налічваецца да трох тысяч у розных плямёнаў. Як бы там ні было, – заканчвае стары, – каманчы гуляюць у карты, гэта чыстая праўда.
Зеб Стумп рады гэтай заяве – яна на карысць абвінавачанаму. Той факт, што ў наваколлі пабывалі індзейцы, мяняе справу. Да гэтай пары ўсе думалі, што яны разбойнічаюць далёка ад пасёлка.
– Канешне, гэта так, – падхоплівае Зеб, выкарыстоўваючы гэты аргумент, каб пераканаць прысутных у неабходнасці адкласці судовы разбор. – Тут былі індзейцы ці, на ўсякім выпадку, нехта вельмі на іх падобны… Іасафат! Адкуль гэта яна скача?
У гэта імгненне з боку абрыву выразна даносіцца тупат капытоў.
Для ўсіх цяпер ясна, чаму Зеб перарваў сваю гаворку: уздоўж абрыву стрымгалоў імчыцца конь. Вярхом на ім жанчына – яе валасы развяваюцца, капялюш матляецца за спінай на шнуры.
Конь імчыцца такім шалёным галопам і так блізка ад краю абрыву, нібы сядок не можа з ім справіцца. Але не. Мяркуючы па паводзінах наезніцы, гэта не так – яе, відаць, не задавальняе гэта скорасць, і яна раз-пораз падганяе свайго каня плёткай, шпорамі і панукваннем.
Людзі на паляне стаяць у маўклівым здзіўленні – але не таму, што не ведаюць, хто гэта. Усе пазналі яе з першага погляду. Смелая наезніца – тая самая жанчына, якая паказала ім дарогу да хаціны.
Гэта Ісідора з’явілася так нечакана і так дзіўна. Што заставіла яе вярнуцца? I чаму яна скакала такім шалёным галопам?
Каб вытлумачыць гэта, мы павінны вярнуцца да яе змрочных роздумаў, якія былі перарваны сустрэчай з тэхасцамі.
Калі Ісідора галопам аддалялася ад берагоў Аламо, яна ні разу не азірнулася, каб праверыць, ці едзе за ёю хто-небудзь. Паглынутая змрочнымі думкамі аб помсце, яна працягвала свой шлях.
Тое, што Луіза Пойндэкстэр як быццам таксама збіралася пакінуць хакале, мала суцяшала мексіканку. З жаночай праніклівасцю яна адгадвала прычыну, але ж сама яна занадта добра ведала, што гэта толькі непаразуменне. I Ісідора злараднічала, уяўляючы, як яе саперніца ў няведанні свайго шчасця пакутуе гэтак жа, як і яна сама.
Мексіканка са змрочнай радасцю думала пра гэта, калі сустрэла атрад.
Калі яна павярнула назад разам з імі, настрой яе змяніўся. Луіза павінна была вяртацца той жа дарогай, што і яна. На сцежцы нікога не было бачна.
Крэолка, напэўна, перадумала і засталася ў хаціне і, магчыма, зараз даглядае хворага, аб чым яна сама марыла.
Цяпер Ісідора суцяшала сябе думкай, што ўжо блізка хвіліна, калі яна зганьбіць саперніцу, якая адняла яе шчасце.
Пытанні, якія задавалі ёй Пойндэкстэр і яго спадарожнікі, многае вытлумачылі для Ісідоры, і ўсё стала канчаткова ясна пасля роспытаў Калхаўна. Калі атрад аддаліўся, яна некаторы час заставалася на ўскрайку зараснікаў, вагаючыся, ехаць ёй да Ляону ці вярнуцца да хакале і самой быць сведкай той бурнай сцэны, якая дзякуючы ёй павінна была там разыграцца.
* * * Ісідора на ўскрайку зараснікаў, у цені дрэў. Яна сядзіць на сівым кані; ноздры мустанга раздуваюцца, ён касавурыць спалоханым вокам услед атраду, які толькі што ад’ехаў і следам за якім нясецца адзінокі коннік. Мустанг, мабыць, не разумее, чаму яму даводзіцца скакаць то туды, то назад; зрэшты, ён прывык да капрызаў сваёй гаспадыні.
I яна глядзіць у той жа бок – на вяршыню кіпарыса, якая паднімаецца над абрывам даліны Аламо.