Яна бачыць, як атрад спускаецца ў лагчыну і апошнім – чалавек, які так падрабязна распытваў яе. Калі яго галава схавалася за краем абрыву, Ісідоры здаецца, што яна засталася адна сярод гэтых прастораў.
Але яна памыляецца.
Некаторы час яна ў нерашучасці застаецца на месцы.
Наўрад ці можна пазайздросціць яе думкам. Можа, яна ўжо адпомшчана, але гэта яе не радуе. Хай яна зганьбіла саперніцу, якую ненавідзіць, але ж яна, магчыма, загубіла чалавека, якога кахае. Нягледзячы на ўсё, што адбылося, яна па-ранейшаму кахае яго.
– Святая Дзева! – шэпча яна ў ліхаманкавай трывозе. – Што я нарабіла? Калі толькі гэтыя лютыя суддзі прызнаюць яго вінаватым, чым гэта скончыцца? Яго смерцю! Святая Дзева, я не хачу гэтага! Толькі не ад іх рукі! Не-не! Якія ў іх жорсткія, суровыя твары! Калі я паказала ім дарогу, як хутка кінуліся яны ўперад, адразу забыўшы пра мяне! Яны ўжо загадзя вырашылі, што дон Марысіо павінен памерці. Ён тут усім чужы, ураджэнец іншай краіны. Адзін, без сяброў, акружаны толькі ворагамі… Што мне прыйшло ў галаву! Той, які апошнім спыніў мяне, – ці не дваюрадны брат забітага? Цяпер я разумею, чаму ён мяне распытваў.
Погляд дзяўчыны блукае па прэрыі. Сівы мустанг па-ранейшаму неспакойны, хаця атрад ужо даўно прапаў з вачэй. Ён адчувае, што яго гаспадыня нечым устрывожана. Конь першы заўважае небяспеку – ён раптам ціха ржэ і паварочвае галаву ў бок зараснікаў, як быццам указвае, што ворагі набліжаюцца адтуль.
Хто ж гэта?
Занепакоеная паводзінамі мустанга, Ісідора таксама азіраецца і ўглядаецца ў сцежку, па якое толькі што праехала. Гэта дарога на Ляону. Яна бачна толькі на дзвесце ярдаў, і затым яе засланяе хмызняк. На ёй нікога не відаць, акрамя двух ці трох худых каётаў, якія ціснуцца ў цені дрэў, абнюхваючы сляды коней з надзеяй знайсці што-небудзь ядомае. He, не яны ўстрывожылі сівога каня. Ён бачыць іх, але што з таго? Воўк прэрый для яго – занадта звычайнае відовішча. Ён учуў нешта іншае.
Ісідора прыслухоўваецца, але пакуль няма нічога трывожнага. Адрывіста вые каёт – гэта таксама не страшна, асабліва сярод белага дня. Больш яна нічога не чуе.
Яе думкі зноў вяртаюцца да тэхасцаў. I асабліва да таго, хто апошнім пакінуў яе. Яна задумваецца, чаму ён так падрабязна яе распытваў, але конь перарывае яе роздум. Чаму яе мустанг праяўляе нецярплівасць, не хоча стаяць на месцы, храпе і, нарэшце, іржэ гучней, чым раней?
На гэты раз яму адказвае ржанне некалькіх коней, якія, відаць, скачуць па дарозе, але пакуль яны ўсё яшчэ стававы зараснікамі. Вось даносіцца іх тупат.
Потым зноў усё заціхае. Коні або спыніліся, або пайшлі шагам.
Ісідора дапускае першае. Яна думае, што коннікі спынілі коней, пачуўшы ржанне яе каня. Яна супакойваецца і прыслухоўваецца. З зараснікаў далятае вейкі слабы гул. Можна распазнаць некалькі прыглушаных мужчынскіх галасоў.
Неўзабаве яны змаўкаюць, і ў зарасніках зноў цішыня. Коннікі, хто б яны ні былі, напэўна, спыніліся ў нерашучасці.
Ісідору гэта не здзіўляе і не трывожыць.
Хто-небудзь едзе на Рыо-Грандэ або, можа, гэта коннікі, якія адсталі ад атрада тэхасцаў. яны пачулі ржанне каня і спыніліся – напэўна, з асцярогі; гэта зразумела: вядома, што індзейцы зараз на сцежцы вайны.
Зусім натуральна, што і ёй трэба быць асцярожнай, хто б ні былі гэтыя невядомыя коннікі. З гэтай думкай Ісідора ціха ад’язджае ўбок і спыняецца пад прыкрыццём акацый. Тут яна зноў прыслухоўваецца.
Хутка яна заўважае, што коннікі набліжаюцца да яе, але не па дарозе, а праз гушчар зараснікаў. Здаецца, яны раздзяліліся і спрабуюць яе акружыць. Яна здагадваецца аб гэтым таму, што ціхі тупат капытоў даносіцца з розных бакоў; коннікі захоўваюць глыбокае маўчанне – гэта або асцярога, або хітрасць. Ці няма ў іх варожых намераў?
Адкуль ёй ведаць.
У яе ёсць ворагі, і асабліва апасны адзін з іх – дон Мігуэль Дыяс. Акрамя таго, і каманчаў заўсёды трэба асцерагацца, тым больш што яны на сцежцы вайны.
Ісідору апаноўвае трывога. Да гэтай пары яна была спакойная, але цяпер паводзіны коннікаў здаюцца ёй падазронымі. Калі б гэта былі звычайныя падарожнікі, яны працягвалі б ехаць па дарозе, а не падкрадвацца праз зараснікі.
Яна аглядае месца, у якім затаілася: лёгкае перыстае лісце акацыі не схавае яе, калі яны праедуць блізка.
Па тупату капытоў ясна, што коннікі набліжаюцца. Зараз яны яе ўбачаць…
Ісідора выязджае з зараснікаў і імчыцца па адкрытай прэрыі да Аламо.
Яна вырашыла ад’ехаць на дзвесце-трыста ярдаў і тады спыніцца, каб даведацца, хто набліжаецца – сябры ці ворагі.
I калі гэта акажуцца ворагі, яна даверыцца свайму быстраногаму мустангу, які прымчыць яе пад ахову тэхасцаў.
Але ўжо позна: коннікі выскачылі з зараснікаў; імчацца прама да яе.
Азірнуўшыся, яна бачыць бронзавую скуру напаўаголеных целаў, ваенную размалёўку на тварах і вогненныя пёры ў валасах.
– Індзейцы… – шэпча мексіканка і стрымгалоў імчыцца да кіпарыса.
Быстры позірк цераз плячо пераконвае яе, што за ёю гоняцца, хаця яна і так ведае гэта. Яны ўжо блізка – настолькі блізка, што, наперакор сваёй звычцы, не напаўняюць паветра ваенным клічам.