Іх маўчанне сведчыць аб тым, што яны хочуць узяць яе ў палон і дамовіліся аб гэтым загадзя.

Да гэтай пары Ісідора амаль не баялася сустрэчы з індзейцамі. На працягу шэрагу гадоў яны жылі ў згодзе як з тэхасцамі, так і з мексіканцамі. Але цяпер перамір’е скончылася. Ісідоры пагражае смерць.

* * *

Уперад па адкрытай раўніне імчыцца Ісідора; воклічамі, плёткай, шпорамі гоніць яна свайго каня.

Чутны толькі яе голас. Тыя, хто гоніцца за ёю, маўклівыя, як здані.

Яна азіраецца другі раз. Іх усяго толькі чацвёра; але чацвёра супраць аднаго – гэта занадта многа, і асабліва супраць адной жанчыны.

Адзіная надзея – тэхасцы.

Ісідора імчыцца да кіпарыса.

<p>67. Індзейцы</p>

Наезніца, за якой гоняцца індзейцы, ужо на адлегласці трохсот ярдаў ад абрыву, над якім узвышаецца кіпарыс.

Яна зноў азіраецца.

«Я прапала. Паратунку няма!»

Індзеец, што скача ўперадзе, здымае ласо з лукі сядла і круціць ім над галавой.

Перш чым дзяўчына дасягне лагчыны, пятля ласо абаўецца вакол яе шыі. I тады…

Раптам шчаслівая думка прыходзіць да Ісідоры.

Да спуску яшчэ далёка, але абрыў побач. Яна ўспамінае, што ён бачны з хаціны.

Ісідора хутка тузае павады і рэзка мяняе напрамак: замест таго каб ехаць да кіпарыса, яна скача прама да абрыву.

Яе праследвальнікі азадачаны і ў той жа час рады – яны добра ведаюць мясцовасць і цяпер упэўнены, што дзяўчына ад іх не ўцячэ.

Завадатар зноў бярэцца за ласо, але не кідае яго, бо ўпэўнены ў поспеху.

– Карамба! – мармыча ён. – Яшчэ крыху – і яна сарвецца ў бездань.

Але ён памыляецца: Ісідора не зрываецца ў бездань. Яна зноў рэзка тузае павады, робіць яшчэ адзін быстры паварот і вось ужо імчыцца ўздоўж абрыву настолькі блізка ад самага краю, што прыцягвае ўвагу тэхасцаў; якраз тады Зеб і ўскліквае ў хваляванні: «Іасафат!»

I, нібы ў адказ на гэты вокліч старога паляўнічага, да іх даносіцца крык смелай наезніцы:

– Індзейцы! Індзейцы!

Той, хто прабыў хаця б тры дні ў паўднёвым Тэхасе, разумеў значэнне гэтых слоў, на якой бы мове яны ні былі вымаўлены. Гэта сігнал трывогі, які вось ужо на працягу трохсот гадоў чуецца на адлегласці ў тры тысячы міль памежнай паласы на трох розных мовах – французскай, іспанскай і англійскай: «Les Іndіens!», «Los Indіos», «The Indіans!».

Для тых, хто стаіць унізе ля дзвярэй хакале і чуе гэты вокліч, перакладу не патрабуецца. Ізноў данёсся той жа голас:

– Тэхасцы! Сябры! Ратуйце! Ратуйце! Мяне даганяюць індзейцы! Яны зусім блізка!

Хаця яна і працягвае крычаць, распазнаць яе слоў ужо нельга. Але больш і няма патрэбы тлумачыць, што адбываецца на верхняй раўніне.

Услед за жанчынай у прасвеце паміж вяршынямі дрэў з’яўляецца індзеец, які імчыцца шалёным галопам. На фоне сіняга неба выразна вырысоўваецца яго сілуэт.

Як прашчу, круціць ён пятлю ласо над сваёй галавой. Ён так захоплены праследаваннем, што, здаецца, не звярнуў увагі на словы дзяўчыны, бо калі яна клікала тэхасцаў, яна не затрымала каня. Ён мог падумаць, што гэтыя словы звернуты да яго, што гэта яе апошняе маленне аб літасці.

Ён здагадваецца, што памыліўся, калі знізу даносіцца рэзкі трэск ружэйнага стрэлу, і пякучы боль у руцэ вымушае яго ўпусціць ласо і з непаразуменнем азірнуцца навокал.

Ён заўважае ў даліне воблачка парахавога дыму. Аднаго позірку дастаткова, каб змяніць паводзіны індзейца. Ён бачыць сотню ўзброеных людзей.

Яго тры таварышы заўважаюць іх адначасова з ім.

Нібы змовіўшыся, усе чацвёра паварочваюць коней і імчацца з такой жа скорасцю, з якой прыскакалі сюды.

– Якая прыкрасць! – гаворыць Зеб Стумп, зноў зараджаючы стрэльбу. – Калі б ёй не пагражала смерць, я даў бы ім спусціцца да нас. Узяўшы іх у палон, мы маглі б тое-сёе ўведаць адносна нашай загадкавай справы. Але цяпер іх ужо не дагнаць.

* * *

З’яўленне індзейцаў мяняе настрой натоўпу, што знаходзіцца каля хаціны мустангера.

Тыя, хто лічыць Морыса Джэральда забойцам, цяпер застаюцца ў меншасці. Найбольш паважаныя з прысутных думаюць, што ён невінаваты.

Калхаўн і яго саўдзельнікі ўжо больш не гаспадары становішча. Па прапанове Сэма Мэнлі суд адкладваецца.

Вельмі хутка складаюць новы план дзеянняў. Абвінавачанага перавязуць у пасёлак, і там будзе праведзены судовы разбор згодна з законамі краіны.

А цяпер час заняцца індзейцамі, якія так раптоўна разбурылі ўсе планы і змянілі настрой натоўпу.

Праследаваць іх? Канешне.

Але калі? Зараз?

Асцярожнасць падказвае, што не.

Бачылі толькі чацвярых, але яны маглі быць авангардам чатырох сотняў.

– Пачакаем, пакуль да нас спусціцца жанчына, – раіць хтосьці з больш баязлівых. – Яны ж не праследуюць яе болей. Здаецца, я чую тупат капытоў яе каня – напэўна, яна спускаецца па схіле. Яна павінна добра ведаць дарогу – яна ж сама нам яе паказала.

Гэта парада здаецца разумнай большасці прысутных. Яны не баязліўцы. Аднак толькі некаторыя з іх удзельнічалі ў сапраўдных схватках з індзейцамі; многія наогул бачылі толькі тых індзейцаў, якія прыязджалі гандляваць у форт.

Такім чынам, Прапанова прынята. Усе чакаюць Ісідору.

Усе ўжо каля сваіх коней. Некаторыя хаваюцца за дрэвамі, баючыся, што разам з мексіканкай або следам за ёй можа з’явіцца атрад каманчаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже