Тым часам Зеб Стумп вымае кляп з рота часова памілаванага палонніка і развязвае туга зацягнутую вяроўку.

Луіза з напружанай увагай сочыць за ім, але не дапамагае яму. Яна ўжо зрабіла ўсё, што магла, – можа, занадта адкрыта. Яна больш не хоча прыцягваць да сябе ўвагі.

Але дзе ж пляменніца дона Сільвіо Марцінеса?

Яе ўсё яшчэ няма. He чуваць больш стуку капытоў яе каня. У яе было дастаткова – больш чым дастаткова – часу, каб даскакаць да хакале.

Гэта выклікае здзіўленне, трывогу, страх.

На многіх з’яўленне мексіканкі зрабіла моцнае ўражанне: у натоўпе ёсць яе старыя паклоннікі.

Няўжо яе захапілі ў палон?

Гэта пытанне ўзнікае ва ўсіх. Ніхто не можа на яго адказаць.

Тэхасцы адчуваюць папрокі сумлення. Гэта ж да іх высакароднасці і мужнасці звярталася Дзяўчына: «Тэхасцы! Сябры! Ратуйце!»

Няўжо гэта прыгажуня ў палоне ў дзікуноў?

Яны напружана прыслухоўваюцца.

Але нічога не чутна. Hі тупату капытоў, ні жаночага голасу – нічога, акрамя бразгання аброцей іх уласных коней.

Няўжо яе захапілі ў палон?

Увесь гнеў, назапашаны ў іх грудзях, скіраваны цяпер не на мустангера, а на спрадвечных ворагаў.

Найбольш маладыя і палкія не могуць болей знаходзіцца ў невядомасці; яны ўскакваюць у сёдлы і голасна аб’яўляюць аб сваім рашэнні адшукаць дзяўчыну, выратаваць яе або загінуць.

Хто ставе пярэчыць ім? Тыя, хто праследаваў дзяўчыну, могуць аказацца тымі, каго яны адшукваюць, – забойцамі Генры Пойндэкстэра.

Ніхто іх не спыняе. Яны адпраўляюцца шукаць Ісідору – праследаваць разбойнікаў прэрый.

Каля хаціны застаюцца нямногія; сярод іх Зеб Стумп.

Стары паляўнічы не выказаў сваёй думкі, ці варта праследаваць індзейцаў: ён прамаўчаў. Здаецца, што яго адзіная турбота – дапамагчы хвораму. Морыс усё яшчэ без памяці.

Але не толькі Зеб застаецца верны мустангеру ў яго няшчасці. Яму верныя яшчэ двое. Чароўная дзяўчына па-ранейшаму не зводзіць з яго вачэй, хаця і вымушана таіць сваё гарачае спачуванне. Другі – нязграбны, забаўны чалавек ля ўзгалоўя хворага, якога ён называе майстрам Морысам: гэта Фялім. Увесь гэты час ён хаваўся ў густым лісці разгалістага дуба і моўчкі назіраў за ўсім, што адбываецца. Перамена ў абставінах дазволіла яму нарэшце без рызыкі спусціцца на зямлю і пачаць даглядаць гаспадара – ён жа разам з ім перасек Атлантычны акіян.

Далейшыя падзеі будуць развівацца ўжо далёка ад берагоў Аламо. Праз гадзіну Хаціна апусцее, і Морысу-мустангеру, можа, ніколі ўжо не прыйдзецца жыць пад яе гасцінным дахам.

<p>68. Няўдалы паход</p>

Паход супраць каманчаў цягнуўся нядоўга – не болей трох ці чатырох дзён. Аказалася, што індзейцы Вялікай раўніны зусім не збіраліся ваяваць. Іх набегі на сэтльмент былі простым свавольствам юных малайцоў, якія імкнуліся заслужыць званне храбрых.

Такія нязначныя напады чырвонаскурых – даволі звычайная з’ява ў Тэхасе. Часта яны робяцца без ведама правадыра і старэйшын племені. Гэтыя набегі звычайна здзяйсняюць маладыя воіны, якія адправіліся на паляванне, калі ім хочацца вярнуцца дамоў не толькі з дзічынай, але і з іншымі трафеямі; аб іх паходжанні астатнія воіны даведваюцца толькі праз шмат часу. У адваротным выпадку іх спынілі б старэйшыны, якія, як правіла, супраць такіх разбойных набегаў, таму што лічаць іх не толькі неразумнымі, але і небяспечнымі для ўсяго племені. Зрэшты, у выпадку ўдалага зыходу ўсе застаюцца задаволенымі.

На гэты раз маладых каманчаў перахапіў эскадрон конных стралкоў сярод узгоркаў Сан-Саба. яны былі вымушаны кінуць украдзеных жывёл, але самі ўратаваліся, паскакаўшы ў цясніны Ліяна-Эстакада. Праследаваць індзейцаў на гэтым бясплодным пласкагор’і ўяўлялася рызыкоўным, бо цяжка было наладзіць забеспячэнне войскаў, і хаця родзічы загінуўшых патрабавалі неадкладнай помсты, ім адказвалі, што да карнай экспедыцыі трэба добра падрыхтавацца.

Паколькі каманчы адступілі за межы нейтральнай паласы, войскам заставалася толькі вярнуцца ў свае лагеры і чакаць далейшых распараджэнняў камандавання.

Войскі форта Індж, якія ахоўвалі памежную паласу аж да ракі Hyaceo, вярнуўшыся ў лагер, са здзіўленнем даведаліся, што маглі б сустрэцца з індзейцамі, нікуды не ад’язджаючы. Маладыя афіцэры, што прагнулі подзвігаў – у тым ліку Генкок – і не знаходзілі сабе месца ад прыкрасці, пачуўшы, што за Ляонай бачылі чырванаскурых, ажылі духам.

Але іх напаткала яшчэ адно расчараванне: у гэты ж дзень вярнуўся з наваколля Аламо атрад цывільных і паведаміў, што ніякіх індзейцаў там не было.

Іх заяўленне пацвярджалася рэчавымі доказамі – яны паказалі парыкі з конскага воласу, пеўневыя пёры, пафарбаваныя ў зялёны і чырвоны колер, штаны з аленевай шкуры, макасіны і некалькі пакуначкаў фарбаў. Усё гэта было знойдзена ў дупле старой таполі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже