Аб новым паходзе супраць індзейцаў не было чаго і думаць. Шукальнікам геройскіх подзвігаў прыйшлося ўтаймаваць свае парывы і задаволіцца мірным жыццём, тым больш што за апошні час нават у гэтай глушы адбылося нямала цікавых і таямнічых падзей, пра якія можна было падумаць і пагаварыць. Перш за ўсё – нядаўні прыезд на Ляону цудоўнай прыгажуні; затым – таямнічае знікненне і меркаванае забойства яе брата; далей – яшчэ больш таямнічае з’яўленне конніка без галавы; чарговая гісторыя пра белых, пераадзетых індзейцамі, і, нарэшце, апошняя навіна – западозраны ў забойстве Генры Пойндэкстэра чалавек злоўлены і знаходзіцца на іх жа гаўптвахце ў стане буйнага вар’яцтва.

Маладым афіцэрам расказалі і іншыя цікавыя навіны, таму скардзіцца на сум ім не прыходзілася. Імя Ісідоры Каварубіо дэ Лос-Льянас, гэтай каварнай прыгажуні, таксама ўвесь час мільгала ў размовах. Хадзілі чуткі, што яна мае нейкія адносіны да тайны, якая займала ўсіх.

Усе падзеі, што разыграліся на Аламо, – захоп хворага мустангера ў яго хаціне, рашэнне павесіць яго, умяшанне Луізы Пойндэкстэр, маючы быць перагляд справы, адкладзенай дзякуючы адважнаму заступніцтву Зеба Стумпа, – усё гэта дало падставу да бясконцых абгавораў і плётак.

Аднак найбольш ажыўленыя спрэчкі разгарэліся вакол пытання аб вінаватасці мустангера ў забойстве Генры Пойндэкстэра.

– Забойства, – сказаў па-філасофску настроены капітан Слоўмен, – гэта злачынства) на якое, па-мойму, Морыс-мустангер не здольны. Мне здаецца, я яго дастаткова добра ведаю, каб сцвярджаць гэта.

– Вы не можаце адмаўляць, – запярэчыў Кросмен, – што ўсе доказы супраць яго. Яго вінаватасць амаль несумненная.

Кросмен ніколі не быў прыязны да маладога ірландца. Яму аднойчы здалося, што пляменніца інтэнданта, прыгажуня форта, занадта прыхільна паглядзела на гэтага невядомага шукальніка прыгод.

– Я не лічу, што гэтыя доказы дастатковыя, – адказаў Слоўмен.

– Але ж не прыходзіцца сумнявацца ў тым, што малады Пойндэкстэр забіты. Гэта бясспрэчна. Дык хто ж яшчэ мог гэта зрабіць? Калхаўн клянецца, што ён чуў, як яго кузен пасварыўся з Джэральдам.

– Калхаўн паклянецца ў чым хочаш, калі толькі яму гэта выгадна, – умяшаўся драгун Генкок. – Акрамя таго, у яго былі непаразуменні з мустангерам, і па гэтаму яго паказанні не заслугоўваюць асаблівага даверу. Ці не так?

– Дапусцім, што паміж маладым Пойндэкстэрам і мустангерам адбылася сварка, – працягваў пяхотны афіцэр. – Што ж з гэтага вынікае? Гэта яшчэ не даказвае, што мы маем справу з забойствам.

– Значыць, вы мяркуеце, што ў мустангера з Пойндэкстэрам была дуэль?

– Што-небудзь накшталт гэтага магчыма і нават верагодна. Гэтага я не адмаўляю.

– Але з-за чаго ў іх магла адбыцца сварка? – спытаў Генкок. – Я чуў, што малады Пойндэкстэр добра ставіўся да мустангера, хаця той і параніў Калхаўна. 3-за чаго яны маглі паспрачацца?

– I гэта пытаеце вы, лейтэнант Генкок? – шматзначна сказаў Слоўмен. – Хіба мужчыны сварацца з-за чаго-небудзь, акрамя…

– …акрамя як з-за жанчыны? – умяшаўся драгун. – Але з-за якой жанчыны, я не магу зразумець. He з-за сястры ж Пойндэкстэра!

– Хто ведае! – адказаў Слоўмен, паціскаючы плячамі.

– Якая бязглуздзіца! – усклікнуў Кросмен. – Паляўнічы на коней асмеліўся марыць аб міс Пойндэкстэр? Неверагодна!

– Які вы заўжды арыстакрат, Кросмен! Хіба вы не ведаеце, што любоў па самой сваёй прыродзе – дэмакратка, што яна смяецца з вашых надуманых тэорый аб сацыяльнай няроўнасці? Сварка ж магла адбыцца і не з-за міс Пойндэкстэр. На Ляоне нямала і іншых прыгожых дзяўчат, не кажучы ўжо пра дам нашага форта…

– Капітан Слоўмен! – сярдзіта перарваў яго Кросмен. – Мяне здзіўляюць вашы разважанні. Нашы дамы наўрад ці будуць вам удзячныя за такія зневажальныя намёкі.

– Якія намёкі, сэр?

– Няўжо вы думаеце, што хоць адна з іх дазволіла б сабе размову з гэтым чалавекам?

– З якім? Я назваў дваіх.

– Вы мяне дастаткова добра ведаеце, Слоўмен, а я вас. Нашы дамы, несумненна, будуць вельмі задаволены тым, што іх імёны ўпамінаюцца побач з іменем гэтага цёмнага авантурыста-канакрада, западозранага ў забойстве.

– Морыс-мустангер – не канакрад і не авантурыст. Што ж тычыцца вашага сцверджання, быццам ні адна з нашых дам не дазволіць сабе размову з ім, то ў гэтым – як і ў многім іншым – вы памыляецеся, містэр Кросмен. Я яго лепш ведаю, і я сцвярджаю, што ён выхаваны не горш за любога з нас. Нашым дамам няма чаго баяцца знаёмства з ім; і, раз вы ўжо закранулі гэту тэму, магу дадаць, што наўрад ці яны – прынамсі, некаторыя з іх спужаліся б гэтага. Морыс-мустангер, як я сам бачыў, у прысутнасці нашых дам заўсёды помніў сваё месца. А акрамя таго, я моцна сумняваюся, што яго цікавіць якая-небудзь з іх.

– На самай справе? Якое шчасце для таго, хто мог бы аказацца яго сапернікам!

– Бадай што, – спакойна адказаў Слоўмен.

– А можа, – сказаў Генкок, жадаючы замяць непрыемную размову, – можа быць, прычынай гэтай меркаванай сваркі была цудоўная сеньярыта, пра якую зараз так многа гавораць? Я яе ніколі не бачыў, але тое, што я пра яе чуў, дазваляе думаць, што з-за яе магла б адбыцца не адна дуэль.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже