Хаця чатыры коннікі і не былі індзейцамі, што даказана знаходкай у дупле, тым не менш зусім магчыма, што ў смерці Генры Пойндэкстэра вінаватыя яны. Акрамя таго, няма ніякай сувязі паміж імі і мустангерам – не больш, чым калі б яны былі сапраўднымі каманчамі.
Чаму ж тады зноў успыхнула гэта непрыязнасць да арыштаванага?
Усё гэта дзіўна, што многіх ставіць у тупік.
Толькі нямногія ведаюць або падазраюць разгадку гэтай страшнай вайны – бадай, усяго толькі трое: Зеб Стумп і Луіза Пойндэкстэр, трэці – Касій Калхаўн.
Назіральны паляўнічы заўважыў сёе-тое падазронае ў паводзінах Мігуэля Дыяса і яго прыяцеляў, якія нечакана завязалі дружбу з дзясяткам такіх жа адпетых нягоднікаў і Зеб дазваўся таксама, што іх падбухторшчык – адстаўны капітан валанцёраў Касій Калхаўн.
Зеб Стумп падзяліўся сваімі адкрыццямі з маладой крэолкай, якая зразумела ўсю іх важнасць; вось гэта і выклікала ў ёй пакутлівую трывогу.
Прагна ловіць яна новыя чуткі, напружана глядзіць на дарогу, што вядзе да форта, нібы чакае вестуна, які прынясе ёй адтуль або смяротны прысуд, або надзею на жыццё.
Яна не адважваецца паказвацца каля гаўптвахты. Уваход туды ахоўваецца вартавымі, а вакол людзі – натоўп гуляшчых раззявакаў, якія ва ўсіх краінах знаходзяць нейкае змрочнае задавальненне быць паблізу тых, хто учыніў злачынства.
А гэты асуджаны выклікае асаблівую цікавасць, таму што ён вар’ят ці хаця б часова пазбавіўся розуму.
Дзверы гаўптвахты, нягледзячы на прысутнасць вартавых, увесь час абложваюцца абібокамі, якія прыслухоўваюцца да трызнення вар’ята. Прайсці скрозь гэты натоўп пад агнём цікавых позіркаў – значыць для Луізы Пойндэкстэр рызыкаваць сваёй рэпутацыяй.
Калі б Луізе было дазволена дзейнічаць самастойна, гэта меркаванне, магчыма, яе не спыніла б, але за ёю сочыць бацька, у якога і так ужо ўзніклі падазрэнні. А акрамя таго, яшчэ адзін родзіч не менш заўзята сцеражэ яе гонар у вачах грамадства.
Ёй застаецца толькі сядзець дома; то, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яна шукае суцяшэння ва ўспамінах аб словах, якія яна чула на Аламо ля пасцелі хворага; то на асатэі перабірае ў памяці шчаслівыя хвіліны, праведзеныя сярод акацый; то зноў тужыць з думкі, што той, хто пакарыў яе гордае сэрца, цяпер уніжаны, зняслаўлены, кінуты ў турму і, можа, выйдзе адтуль толькі для таго, каб памерці.
Якой шчаслівай была Луіза, калі на чацвёрты дзень у Каса-дэль-Корва з’явіўся Зеб Стумп і прынёс вестку, што «атрад вярнуўся ў форт»!
А гэта гаварыла пра многае. Цяпер ужо не трэба было апасацца жорсткага намеру вырваць арыштаванага ў варты – не для таго, каб уратаваць яго, а для таго, каб загубіць.
– Можаце больш не хвалявацца, – сказаў Зеб з упэўненасцю ў голасе. – Цяпер гэта небяспека мінула, міс Луіза, – я прыняў меры.
– Меры? Але якія, Зеб?
– Перш за ўсё я пабачыўся з маёрам адразу ж, як толькі ён вярнуўся, і мы шчыра пагаварылі з ім. Я расказаў яму ўсю гэту гісторыю, усё, што самому вядома. На шчасце, ён не настроены супраць містэра Морыса, а, здаецца мне, па-ранейшаму добра да яго ставіцца. Потым я расказаў пра гэту брудную банду амерыканцаў, мексіканцаў і іншых. He забыў і пра нягодніка Дыяса – бадай, самага апаснага з іх. I вось маёр распарадзіўся падвоіць ахову.
– Як я рада! Дык вы думаеце, што цяпер іх можна не баяцца?
– Калі гаварыць пра шайку Мігуэля Дыяса, то магу паклясціся, што не. Хай ён сам спачатку выберацца з турмы.
– Што? Дыяс у турме? Як? Калі? Дзе?
– Вы задалі мне адразу тры пытанні, міс Луіза. Ну што ж! Для зручнасці давайце пачнём з апошняга. Значыць, вы пытаеце – дзе? У гэтых месцах толькі адна турма, другой няма. Я хачу сказаць, што гэта гаўптвахта форта. Ён там.
– Разам з…
– Я ведаю, каго вы хацелі назваць. Так, вы адгадалі. Яны ў адным доме, хаця і не ў адным пакоі. Паміж імі перагародка, але праз яе ўсё чутна; можна было б перагаворвацца, калі б толькі яны захацелі.
Разам з мексіканцам сядзяць трое яго прыяцеляў. Ну, вось гэтыя ўжо, напэўна, знойдуць, пра што пагаварыць.
– Гэта добрая навіна, Зеб. Вы ўчора мне сказалі, што Дыяс з усіх сіл стараўся…
– …сам трапіць у турму. Гэта яму здорава ўдалося. Або хто-небудзь яму дапамог.
– Але скажыце ж: як, калі?
– Ох, як вы спяшаецеся, міс Луіза! Дайце хоць дух перавесці. Ваша другое пытанне – калі? I на гэта няцяжка адказаць. Гэтага нягодніка злавілі і пасадзілі гадзіну назад. А бачыў, як за ім з трэскам зачыніліся дзверы гаўптвахты. Пасля гэтага я прама накіраваўся сюды.
– Але вы яшчэ яе сказалі, чаму яго арыштавалі.
– He паспеў яшчэ, міс Луіза. Гэта доўгая гісторыя – яе не хутка раскажаш. Хочаце паслухаць цяпер ці пасля…
– Пасля чаго, – містэр Стумп?
– Як вам сказаць… міс Луіза, я думаў… пасля таго, як я аднясу ў канюшню сваю старую кабылу. Ёй, відаць, хочацца крышку пажаваць чаго-небудзь накшталт кукурузы і сербануць якога-небудзь пойла. Мы ж з ёю доўга былі ў дарозе і толькі гадзіну назад вярнуліся ў форт.
– Даруйце мне, дарагі містэр Стумп! Я не падумала пра гэта… Плутон, адвядзі каня містара Стумпа ў канюшню і глядзі пакармі яго добра… Фларында! Фларында!.. А што можна вам прапанаваць, містэр Стумп?