Зразумець яго стан было няцяжка. Страта горача любімага маладога гаспадара, гора маладой гаспадыні, якой ён быў таксама вельмі адданы, пагардлівыя насмешкі Фларынды, якая за апошні час раз-пораз ганьбавала яго, і, напэўна, удар ботам Касія Калхаўна, які паводзіў цяпер сябе так, нібы асьенда належала яму, – усё гэта цалкам магло вытлумачыць сумны настрой Плутона.

Зеб быў так заняты ўласнымі думкамі, што не заўважыў панурай фізіяноміі нявольніка. У спешцы ён нават не даў сваёй кабыле як след падмацавацца кукурузай. Схапіўшы каня за морду, Зеб уставіў яму паміж зубамі ржавыя дуглі, прасунуў яго доўгія вушы скрозь патрэсканыя рамяні аброці, хутка павярнуў яго і ўжо гатовы быў вывесці з канюшні.

Кабыла ўпіралася – рэдка калі ёй даводзілася жаваць такі смачны корм, і Зебу прыйшлося з усёй сілы тузануць рэмень аброці, каб адвесці ўпартую жывёліну ад кармушкі.

– Ой-ой, маса Стумп, – умяшаўся Плутон, – чаму вы так спяшаецеся? Бедная кабыла яшчэ галодная. Хай бы наелася дасыта кукурузы. Гэта ёй не пашкодзіла б.

– У мяне няма часу, я адпраўляюся ў далёкую дарогу. Мне трэба праскакаць міль сто, а часу засталося менш за дзве гадзіны.

– Што вы, маса Стумп! Надта шпарка скакаць прыйдзецца. Вы не жартуеце?

– He, я кажу сур’ёзна.

– Дзіўна, да чаго ж хутка ездзяць па гэтых прэрыях! Вунь і той канёк, напэўна, праскакаў міль дзвесце за адну ноч.

– Які канёк?

– А вунь рыжы, той, што стаіць далей за ўсіх ад дзвярэй. Конь масы Калхаўна.

– Чаму ты думаеш, што ён праскакаў дзвесце міль?

– Таму што ён быў увесь у мыле. Ён вельмі стаміўся, ледзь плёўся за мной, калі я павёў яго паіць да рэчкі. Спатыкаўся, як нованароджанае цяля. Ой, як ён быў змучаны!

– Калі гэта было, Плутон?

– Калі? Дайце падумаць… Ну так, канешне, гэта было, калі прапаў маса Генры, – раніцай, праз гадзіну, як сонца паказалася на небе. Я не бачыў рыжага раней – я выйшаў на досвітку. А калі прыйшоў у канюшню, убачыў каня ўсяго мокрага, нібы ён пераплыў рэчку, і ўвесь у пене, і ён задыхаўся так моцна, як быццам толькі што прабег чатыры мілі на скачках у Новым Арлеане.

– Хто ж ездзіў на ім у тую ноч?

– He ведаю, маса Стумп. Толькі ніхто на ім не ездзіць, акрамя масы Калхаўна. Хо, хо! Ніхто не смее нават сесці на яго.

– Значыць, ён і ездзіў на ім?

– Я не ведаю, маса Стумп, нічога не ведаю. He бачыў, каб капітан яго выводзіў, не бачыў, як ён назад трапіў.

– Калі ты толькі кажаш, што ён быў увесь узмылены, значыць, нехта павінен быў на ім ездзіць.

– Так-так! Нехта ездзіў.

– Паслухай, Плутон. Я думаю, што ты кажаш праўду і сапраўды не, ведаеш, хто ездзіў на рыжым у тую ноч. Але як табе здаецца, хто б гэта мог быць? Ты ж ведаеш, што містэр Пойндэкстэр мой друг, і я не хачу, каб хтосьці без дазволу браў яго коней, таксама як і коней капітана Калхаўна. Гэта хто-небудзь з неграў з плантацый вывеў паціху бедную жывёліну і абскакаў на ёй усю прэрыю ўздоўж і ўпоперак. Гэта ж праўда?

– He, маса Стумп, негр не думае, каб гэта было так. Неграм з плантацый сюды хадзіць забаронена. Яны не пасмелі б увайсці ў канюшню. Ніякі негр з плантацый не выводзіў рыжага.

– Чорт бы яго ўзяў, хто ж на ім ездзіў? Можа, гэта быў наглядчык? Што ты на гэта скажаш?

– He, і не ён.

– Дык, значыць, гэта сам гаспадар каня, болей некаму. Калі так, тады мне няма чаго непакоіцца. Ён мае права скакаць на сваім кані куды яму ўздумаецца, – хоць бы да самага пекла. Гэта ўжо не мая справа.

– I не мая, маса Стумп. Ох, як шкада, што мне гэта не прыйшло ў галаву сёння раніцай!

– Чаму ты шкадуеш аб гэтым? Што такое здарылася сёння раніцай?

– Ох, што здарылася сёння раніцай! Вялікае няшчасце з гэтым неграм! Вельмі вялікае няшчасце!

– Ды што такое?

– Ах, маса Стумп, мяне штурхнулі сёння. Якраз праз гадзіну пасля поўдня.

– Штурхнулі?

– Так, што я паляцеў па ўсёй канюшні.

– А, разумею: цябе ўбрыкнуў конь? Які?

– He адгадалі. Зусім не конь, а яго гаспадар – гаспадар усіх коней у гэтай канюшні, акрамя вось гэтага крапчастага. Гэта маса Калхаўн мяне біў нагой.

– 3-за чаго ж, каб яго чорт? Ты, мабыць, чаго-небудзь нарабіў, дружа?

– Негр не зрабіў нічога дрэннага. Ён толькі спытаў капітана, што здарылася з яго канём тады ўначы; спытаў, чаму ён прыйшоў такі змучаны. А ён сказаў, што не мая справа, і штурхнуў мяне нагой; потым стаў і сцябаць плёткай; потым ён мне пагражаў. Сказаў, што калі я яшчэ заікнуся пра гэта, то ён дасць мне сто I ўдараў бізуном. Ён лаяўся. Ох, як ён лаяўся! Плутон ніколі яшчэ не бачыў масы Калхаўна такім сярдзітым, і ніколі ў жыцці!

– Дзе ж ён зараз? Яго нідзе не відаць сёння. А раз рыжы тут, значыць, ён нікуды не паехаў.

– Яй-богу, маса Стумп, яго зараз няма тут; ён толькі што паехаў. Ён цяпер увесь час кудысьці ездзіць і доўга не вяртаецца.

– Вярхом?

– Так. Ён ездзіць цяпер на сівым. Рыжага болей не бярэ. З той самай ночы ён толькі адзін раз ездзіў на ім. Можа, ён хоча, кабрыжы адпачыў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже