– Вядома! Бачыце, пагода стаяла сухая, і я асабліва не спяшаўся зрабіць тое, што наважыўся. Такім чынам, я дачакаўся вяртання салдат і тады мог спакойна пакінуць містара Морыса пад надзейнай аховай. Толькі пасля гэтага я асядлаў сваю старую кабылу і адправіўся туды, дзе знайшлі ўсе гэтыя парыкі і пёры. Я лёгка знайшоў гэта месца па апісаннях тых, хто там пабываў. Іх вёў гэты жаўтароты Спенглер, і я ведаў, што яны і палавіны слядоў не заўважылі, так што для мяне там таксама дастаткова засталося. Я не памыліўся. Любы дурань, які калі-небудзь быў у прэрыі, мог бы знайсці зваротныя сляды гэтых фальшывых каманчаў. Любы крамнік змог бы прасачыць іх па прэрыі, а вось містэр Спенглер і астатнія яе змаглі. Я жартуючы ўсё праверыў, хаця сляды былі моцна затаптаны. Я прасачыў шлях кожнага з чатырох коней да яго канюшні.

– А потым?

– Потым я пагаварыў з маёрам, і праз паўгадзіны ўсе чатыры прыгажуны апынуліся за кратамі. Завадатара схапілі першым, інакш ён мог бы ўцячы. Я казаў праўду, сцвярджаючы, што пакінуў на містэры Дыясе сваю метку. Куля трапіла яму ў правую руку. Вось па гэтаму ён і ўпусціў ласо.

– Значыць, гэта быў ён? – міжвольна сарвалася ў Луізы, і яна задумалася. – Вельмі дзіўна, – працягвала яна ціха, як быццам размаўляючы сама з сабой. – Гэта ж. яго я бачыла на паляне ў зарасніках. Так, несумненна. А гэта мексіканка – Ісідора… Ах! Тут крыецца нейкая цёмная тайна! Хто можа яе разгадаць?.. Скажыце мне, мілы Зеб, – звярнулася Луіза да паляўнічага, падышоўшы да яго бліжэй, – гэта мексіканка… гэта сеньярыта, я хачу сказаць… якая была там… часта яна бывала ў яго?

– У каго? Пра каго вы пытаеце, міс Луіза?

– У містэра Джэральда.

– Можа, і часта, а можа, і не – ні тое, ні другое мне не вядома. Я ж і сам рэдка там бываў. Я палюю звычайна не ў гэтых месцах. Толькі калі-нікалі, бывала, зайду туды дзеля разнастайнасці, падстрэліць дзікага індыка або аленя – на гэтай рэчцы іх шмат вядзецца. Калі вы пытаеце маю думку, дык я лічу, што гэта дзяўчына ніколі раней там не бывала. Па крайняй меры, я пра гэта нічога не чуў. А Фялім ужо напэўна прагаварыўся б. Я чуў толькі пра адну асобу жаночага полу, якая прыязджала ў госці ў гэту халупку.

– Хто? – хутка спытала крэолка і зараз жа пашкадавала аб гэтым. Яркая чырвань выступіла ў яе на шчоках, калі яна заўважыла шматзначны позірк Зеба. – Але гэта няважна, – працягвала яна, не чакаючы адказу. – Дык вы думаеце, Зеб, што гэтыя людзі, гэтыя мексіканцы, умяшаны ў забойства майго брата?

– Сказаць вам праўду, міс Луіза, я проста не ведаю, што і думаць… У прэрыях яшчэ ніколі не было такога таямнічага здарэння. Часам мне здаецца, што гэта работа мексіканцаў; часам у галаву прыходзяць іншыя думкі, і тады мне здаецца, што да гэтай чорнай справы прылажыў руку хтосьці другі. Я пакуль не скажу хто.

– Толькі не ён, Зеб, толькі не ён!

– He, гэта не мустангер – ён тут зусім ні пры чым. Хаця вельмі многае і гаворыць супраць яго, я ні на хвіліну не ўсумніўся ў яго невінаватасці.

– Так, але як ён зможа гэта даказаць? Усё гаворыць супраць яго. I ніхто не хоча сказаць ні слова ў яго абарону.

– He, гэта не зусім так. Мне яшчэ не ўдалося як след высветліць гэту справу – усё часу не хапала: не зводзіў вачэй з турмы і з усіх іншых, – але цяпер у мяне ёсць гэта магчымасць, і я яе не прапушчу. Прэрыя – гэта вялікая кніга, міс Пойндэкстэр, цікавая вялікая кніга, трэба толькі ўмець чытаць па ёй. Хаця Зеб Стумп і не надта вялікі грамацей, але гэту прамудрасць ён спасціг; яму, можа, удасца знайсці сведчанні, раскіданыя па траве прэрыі. Можа, удасца што-небудзь уведаць на берагах Аламо…

– Вы думаеце, што зможаце знайсці якія-небудзь сляды?

– Трэба будзе з’ездзіць і добра ўсюды паглядзець – асабліва на тым месцы, дзе я знайшоў мустангера ў кіпцюрах ягуара. Трэба было б адправіцца туды яшчэ раней, але я ўжо сказаў вам, чаму не мог гэтага зрабіць. Слава Богу, што за гэты час не было ні кроплі дажджу, і нават сляды, зробленыя тыдзень назад, можна будзе прачытаць гэтак жа лёгка, як учарашнія. Канешне, не ўсякі ў іх разбярэцца… Ну, а цяпер мне пара ў дарогу, міс Луіза. Я заехаў да вас на хвіліначку – расказаць, што робіцца ў форце. Нельга губляць часу. Мяне пусцілі сёння раніцай да містэра Морыса; у яго ў галаве пачынае праясняцца. Гэтага толькі і чакаюць, каб патрэбаваць суда. Магчыма, гэта адбудзецца праз якія-небудзь тры дні. А мне неабходна вярнуцца да пачатку суда.

– Ідзіце, Зеб, і хай паможа вам Бог у гэтай добрай справе! Я буду вечна вам удзячная, яв за… не, больш, чым за ўратаванне майго жыцця.

<p>71. Рыжы конь</p>

Натхнёны гэтымі гарачымі словамі, паляўнічы паспяшаўся да канюшні, дзе стаяла яго нязграбная кабыла. Яна жавала кукурузу, на якую Плутон не паскупіўся.

I Плутон быў тут жа, каля каня. Звычайна гаваркі, грум быў на гэты раз вельмі маўклівы. Мабыць, ён быў нечым засмучаны.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже