– Ужо больш тыдня прайшло з таго часу, маса Зеб. Самым апошнім ён падкаваў каня міс Луізы, крапчастую прыгажуню. Але гэта нічога не значыць – у яго яшчэ ёсць гатовыя падковы. Я гэта ведаю добра – яму ж трэба падкаваць рыжага. У яго адна падкова паламана. Ужо дзесяць дзён, як гэта здарылася. Майстар Калхаўн загадаў, каб знялі гэту падкову. Сёння раніцай я чуў, як ён гаварыў Джэку.
– Бадай, у мяне сапраўды малавата часу, – сказаў Зеб, як бы раптоўна мяняючы свой намер. – Лепш адкласці гэту справу з падковамі да майго вяртання. А можа, мая старая і так абыдзецца. Мы паедзем па прэрыі, дарога там мяккая, і з ёю нічога не здарыцца.
Зеб выйшаў з канюшні ў двор і паглядзеў на неба:
– Так, пара рухацца. Нельга губляць ні хвіліны. Ну, цяпер, галубка, хопіць жаваць! Прыйдзецца замест кукурузы ўзяць у зубы гэту жалезку. Во малайчына!
Размаўляючы так то з Плутонам, то з канём, Зеб зноў накінуў аброць, вывеў каня за вароты, ускочыў у сядло і крануў павады.
Выехаўшы з варот Каса-дэль-Корва, стары паляўнічы адправіўся ўверх на беразе ракі ў бок форта.
He прайшло і чвэрці гадзіны, як ён ужо быў там. Саскочыўшы з сядла, Зеб найшоў у напрамку да кватэры маёра.
Старому паляўнічаму няцяжка было дабіцца спаткання з камендантам форта Індж. Ваенныя ставіліся да Зеба Стумпа з павагай, і ўваход для яго быў адкрыты ў любы час – ён мог увайсці без пароля і не выконваючы іншых фармальнасцей, устаноўленых для пабочных асоб. Вартавыя прапусцілі яго, як свайго. З дзяжурным афіцэрам яны абмяняліся прывітаннем; ад’ютант жа неадкладна далажыў аб ім маёру.
Па першых жа словах, з якімі маёр звярнуўся да паляўнічага, відаць было, што ён яго чакаў:
– А, містэр Стумп! Рады вас бачыць так хутка. Ці разабраліся вы ў гэтай дзіўнай справе? Мяркуючы па вашаму хуткаму вяртанню, я здагадваюся, што ёсць навіны. Спадзяюся, што-небудзь спрыяльнае для гэтага няшчаснага маладога чалавека? Нягледзячы на тое, што многае гаворыць супраць яго, я ўсё ж прытрымліваюся сваёй ранейшай думкі – ён не вінаваты. Дык што ж вы ўведалі?
– Павінен вам сказаць, маёр, – прамовіў Зеб, – што ніякіх асаблівых навін у мяне пакуль яшчэ няма, але ўсё ж я палічыў патрэбным завярнуць у форт, хаця і не збіраўся гэтага рабіць, пакуль не паезджу па прэрыі. Я зайшоў пагаварыць з вамі.
– Вельмі добра зрабілі. Я вас слухаю.
– Я хачу прасіць вас, каб вы адцягнулі, наколькі магчыма, судовы разбор. Я ведаю, што тут сёй-той будзе прыспешваць вас, але я таксама ведаю, што гэта ваша права і што вы будзеце рады гэта зрабіць.
– Ваша праўда: я буду рады зрабіць усё, што ў маіх сілах, містэр Стумп. Але ж вы ведаеце, што ў нашай дзяржаве ваенныя ўлады заўсёды падпарадкоўваюцца цывільным, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўводзіцца ваеннае становішча; ад гэтага ж барані нас Бог нават і тут, у Тэхасе. Я маю права перашкаджаць парушэнню законаў, але не магу ісці супраць самога закона.
– Зусім і не трэба, каб вы парушалі закон. Нічога такога не трэба, маёр. Трэба толькі, каб вы пайшлі супраць тых, хто хоча забраць закон у свае рукі і перакруціць яго на сваю карысць. А ў вас у пасёлку такія людзі ёсць, і, калі іх не стрымаць, яны напэўна гэта зробяць. Асабліва небяспечны адзін, і я ведаю, хто ён, – ва ўсякім разе, я здагадваюся.
– Хто ж гэта?
– Я ведаю, маёр, што вам можна даверыцца.
– Містэр Стумп, можаце быць упэўнены, што ўсё застанецца паміж вамі. Гаварыце спакойна.
– Дык вось, я думаю, што чалавек, які учыніў гэта забойства, – не Морыс-мустангер.
– Як вы ўжо ведаеце, гэта і мая думка. Гэта ўсё, што вы можаце мне паведаміць?
– Я мог бы і яшчэ сёе-тое дадаць, маёр. Але, думаецца, што пакуль не варта – гэта ж толькі мае меркаванні, яны могуць аказацца памылкай. Лепш будзе, калі я прамаўчу, пакуль не з’езджу на Нуэсес. Пасля гэтага я раскажу вам усё, што ведаю цяпер, і тое, што мне, можа, удасца ўведаць у прэрыі.
– Што тычыцца мяне, я ахвотна пагаджуся чакаць вашага вяртання, тым больш што вы дзейнічаеце ў інтарэсах справядлівасці. Але чаго вы ад мяне хочаце?
– Толькі затрымаць пачатак суда, маёр, больш нічога.
– На колькі? Вы ведаеце, што судовы разбор павінен ісці сваім законным парадкам. Я не магу нічога загадваць акружному суддзі, хаця, напэўна, ён прыслухаецца да маёй думкі. Але на яго могуць паўплываць тыя, хто патрабуе хутчэй пакончыць з гэтай справай.
– Я ведаю, пра каго вы гаворыце. I, магчыма, раней, чым закончыцца суд, ён сам апынецца на лаўцы падсудных.
– Во як! Вы, значыць, не думаеце, што гэтыя чацвёра мексіканцаў… учынілі гэта…
– Я не магу яшчэ сказаць, маёр, так гэта ці не. Я ведаю толькі, што яны маюць дачыненне да гэтай справы… Ці можаце вы абяцаць мне тры дні?
– Тры дні? Для чаго?
– Адцягнуць на тры дні пачатак суда.
– Я думаю, што мне ўдасца гэта зрабіць. Ёд арыштаваны ваеннымі ўладамі. Калі б нават вярхоўны суд патрабаваў, каб мустангер быў выдадзены цывільным уладам, на тры дні я заўсёды змагу гэта затрымаць. Я вам гэта абяцаю.