– Паслухай, Плутон, – сказаў Зеб пасля некалькіх хвілін роздуму, – бадай, сапраўды будзе лепш, калі мая старая кабыла яшчэ крыху падмацуецца кукурузай. Нездарма кажуць: «Цішэй едзеш – далей будзеш». Няхай паесць, колькі хоча. А пакуль яна жуе, і я змагу заняцца гэтым жа. Збегай на кухню і паглядзі, ці не знойдзецца чаго закусіць. Кавалак халоднага мяса і лусту хлеба – болей нічога і не трэба. Твая гаспадыня хацела пачаставаць мяне, але я баяўся спазніцца і адмовіўся. А цяпер вось, пакуль чакаю сваю скацінку, магу і я пагрызці костачку – весялей будзе.

– Правільна, маса Стумп, я збегаю ў адну секунду.

З гэтымі словамі Плутон паспяшаўся праз двор на кухню. Зеб Стумп застаўся адзін у канюшні.

Як толькі негр выйшаў, на твары старога паляўнічага не засталося і ценю той абыякавасці, з якой ён закончыў размову. Гэта была наўмысная абыякавасць, аб чым няцяжка было здагадацца, гледзячы цяпер на яго засяроджаны твар.

Зеб прайшоў па каменных плітах канюшні да стойла, дзе быў рыжы жарабец.

Конь кінуўся ўбок і з дрыжаннем на ўсім целе прыціснуўся да сцяны – напэўна, ён напалохаўся таго рашучага выгляду, з якім паляўнічы наблізіўся да яго.

– Стой спакойна, неразумная ты жывёліна! – забурчаў Зеб. – Я не зраблю табе нічога дрэннага. А нораў у цябе зусім, як у твайго гаспадара! Ціха, я табе кажу! Дай агледзець твае падковы.

Сказаўшы гэта, Зеб нахіліўся і паспрабаваў падняць пярэднюю нагу каня. Гэта яму не ўдалося: конь раптам пачаў біць капытамі і фыркаць, нібы чагосьці апасаючыся.

– Ліха на цябе, пачвара ты гэткая! – сярдзіта закрычаў Зеб. – He можаш пастаяць хвіліну спакойна! Ніхто не збіраецца цябе крыўдзіць. Ну-ну, не дурэй, мілы! – загаварыў ён ласкава. – Я толькі пагляджу, як ты падкаваны.

Ён зноў паспрабаваў падняць нагу жарабца, але той не даўся.

– Вось ужо гэтага я ніяк не чакаў,– прамармытаў Зеб, азіраючыся вакол, нібы з надзеяй знайсці выйсце з цяжкасці.– Што рабіць? Паклікаць на дапамогу негра нельга. Ён нічога не павінен ведаць пра гэта. Трэба спяшацца, каб ён не застаў мяне знянацку, a то ён пра ўсё здагадаецца. Чорт бы ўзяў гэту жывёліну! Як жа мне агледзець яе ногі?

Некалькі хвілін паляўнічы прастаяў моўчкі – ён быў моцна азадачаны.

– Пракляцце на яго, на гэта нягоднае стварэнне! – зноў усклікнуў ён. – Так і хочацца забіць яго на месцы!.. А, ёсць! Прыдумаў! Толькі б негр мне не перашкодзіў. Будзем спадзявацца, што Фларында яго затрымае. Ну, пачакай ты ў мяне, я цябе прымушу стаяць спакойна або прыдушу! З гэтым ашыйнікам ты ў мяне не вельмі ўжо пакруцішся!

Кажучы гэта, Зеб зняў са свайго сядла ласо і накінуў пятлю на шыю рыжага жарабца. Потым ён моцна дацягнуў вяроўку за другі канец.

Конь захроп і стаў біцца ў стойле. Але хутка храп перайшоў у свісцячы гук, які з цяжкасцю вылятаў з яго ноздраў.

Зеб мог цяпер спакойна ўвайсці ў стойла. Прывязаўшы мацней канец вяроўкі, ён пачаў хутка, але ўважліва аглядаць кожны капыт. Ён заўважаў форму капытоў, падковы, колькасць і ўзаемнае размяшчэнне цвікоў – карацей кажучы, усё, што магло б дапамагчы яму распазнаць сляды гэтага каня.

Калі чарга дайшла да левай задняй нагі, якую Зеб аглядаў апошняй, ён раптам крыкнуў ад здзіўлення і радасці. Гэты вокліч вырваўся ў старога паляўнічага, калі ён убачыў паламаную падкову: амаль цэлай чвэрці яе не хапала на капыце – падкова пераламалася на другім цвіку.

– Калі б я ведаў, што ты такая, – прамармытаў ён, звяртаючыся да паламанай падковы, – я б не стаў абцяжарваць сябе і не вывучаў бы другія. Наўрад ці можна не пазнаць твае адбіткі Але ўсё ж, каб дзейнічаць вавэўва, я прыхаплю цябе з сабой.

Пры гэтых словах Зеб выцягнуў свой вялізны паляўнічы нож, падсунуў яго пад падкову, звяў яе і разам з усімі цвікамі паклаў у адну з бяздонных кішэняў сваёй курткі. Затым спрытным рухам паляўнічы развязаў вяроўку, і рыжы нарэшце змог уздыхнуць свабодна.

Хвілінай пазней з’явіўся Плутон з багатым абедам. На падносе красавалася і шклянка з віскі. Зеб неадкладна ўзяўся за яду, не заікнуўшыся пра тое, што адбылося ў канюшні, пакуль Плутон адсутнічаў.

Аднак той адразу заўважыў, што з рыжым адбываецца нешта нядобрае: ён дрыжаў усім целам і спалохана азіраўся вакол.

– Ой-ой! – усклікнуў негр. – Што ж гэта з ім такое? Здаецца, што ён баіцца вас, маса Стумп.

– Магчыма… – працягнуў Зеб з наўмыснай абыякавасцю. – Бадай, ён крыху пабойваецца мяне. Ён паспрабаваў укусіць маю старую кабылу, а я за гэта сцебануў яго разок-другі вяроўкай. Вось гэта яму і не спадабалася.

Плутон быў поўнасцю задаволены такім тлумачэннем, і размова на гэту тэму закончылася.

– Скажы, Плутон, – зноў загаварыў Зеб, – хто падкоўвае вашых коней? Мабыць, у вас працуюць свае кавалі?

– Як жа – свае працуюць. Жоўты Джэк падкоўвае іх. А чаму вы пра гэта пытаецеся, маса Стумп?

– Ды мне трэба падкаваць маю старую кабылу. Мабыць, Джэк не адмовіцца гэта зрабіць для мяне?

– Дзіва што, канешне.

– Колькі часу, ты думаеш, спатрэбіцца, каб падкаваць яе на дзве нагі?

– О, зусім нямнога, маса Стумп! Джэк – добры каваль, гэта ўсе кажуць.

– А гатовыя падковы ў яго ёсць? Даўно ён падкоўваў вашых коней?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже