– Пагаворыш з вамі, маёр, і проста хочацца, каб было ўведзена ваеннае становішча! Бываюць выпадкі, калі гэта лепш за ўсё, хаця вам, свабодным грамадзянам, яно і не падабаецца. Мне застаецца вам сказаць, што калі вы затрымаеце суд дні на тры, то на лаўку падсудных можа сесці не той, хто зараз арыштаваны, а хтосьці іншы, хаця ён пакуль і не ведае, што яго падазраюць. He пытайце мяне, хто гэта. Толькі скажыце, ці дасце вы мне тры дні?

– Я вам гэта абяцаю, містэр Стумп. Нават калі гэта будзе пагражаць мне адстаўкай, даю вам слова афіцэра, што на працягу трох дзён Морыс-мустангер не выйдзе з гаўптвахты. Вінаваты ён ці не, але гэты час ён будзе пад маёй абаронай.

– Вы добры чалавек, маёр! I праваліцца мне на гэтым месцы, калі я ў свой час не дакажу, наколькі я вам удзячны! Мне болей няма чаго сказаць вам, толькі прашу вас – захавайце ўсё ў тайне. Ёсць людзі, якія, калі толькі даведаюцца, што я збіраюся рабіць, перавернуць неба і зямлю, каб перашкодзіць мне.

– Ад мяне яны ні аб чым не даведаюцца, містэр Стумп. Вы можаце спакойна палажыцца на маё слова.

– Я ведаю, маёр, я ведаю гэта. Дзякую вам за добрае спачуванне! Паболей бы ў Тэхасе такіх, як вы!

Развітаўшыся з маёрам, паляўнічы выйшаў на плошчу, дзе яго чакала старая кабыла.

Выехаўшы з пасёлка, ён збочыў на тую ж дарогу, па якой прыехаў сюды.

Недалёка ад мяжы плантацый Пойндэкстэра Зеб, пакінуўшы ззаду даліну Ляоны, падняўся па крутым схіле на верхнюю раўніну.

Ён даехаў да ўскрайку зараснікаў і спыніўся там у цені акацыі. Паляўнічы не злез з каня і як быццам не збіраўся гэтага рабіць. Седзячы ў сядле, ён нахіліўся крыху ўперад і.глядзеў на зямлю тым рассеяным поглядам, якім звычайна глядзяць людзі ў хвіліну роздуму.

– Каб яго чорт! – мармытаў ён. – Цікава… Конь Калхаўна адсутнічаў у тую ноч і вярнуўся дамоў увесь упараны. Што гэта азначае? Каб мне праваліцца, калі ён не замешаны ў гэтай справе! Я б так і ладаваў, толькі занадта ўжо недарэчна меркаваць, што Калхаўн забіў свайго дваюраднага брата. Канешне, ён здольны на любое ліхадзейства, але толькі калі яно яму выгаднае. А якая яму выгада ад гэтага? Калі б асьенда пераходзіла да Генры, то яшчэ можна было б зразумець. Але ж гэта не так. Старому Пойндэкстэру не належыць болей ні адзін акр гэтай зямлі, гэтак жа як і ні адзін негр. Гэта я напэўна ведаю. Усё захадзіў гэты паскуднік. Для чаго ж яму трэба было пазбавіцца ад дваюраднага брата? Вось чаго я не магу зразумець. Наколькі я ведаю, паміж імі ніколі не было варожасці. Дачка плантатара, канешне, недалюблівае яго, і гэта яму не падабаецца. Але навошта б яму забіваць яе брата? А тут яшчэ замяшаўся мустангер, потым сварка, пра якую Луіза мне сказала, фальшывыя індзейцы, гэта мексіканская дзяўчына, коннік без галавы і чорт ведае што яшчэ! Іасафат! Гэта можа заблытаць мазгі самаму лепшаму адвакату Тэхаса. Аднак нельга губляць часу. З гэтай падковай у руках мне, можа, удасца знайсці ключ да разгадкі крывавай гісторыі. Але куды ехаць? – Зеб паглядзеў вакол, як быццам шукаў адказу. – Няма сэнсу пачынаць пошукі ў наваколлі форта або пасёлка. Там уся зямля зрыта капытамі коней, як у загоне. Лепш за ўсё адразу адправіцца ў прэрыю і выехаць да дарогі на Рыо-Грандэ. Там я магу наткнуцца на след, які шукаю. Так, гэта будзе лепш за ўсё.

Як быццам цалкам задаволены гэтым рашэннем, стары паляўнічы падабраў павады і паехаў краем зараснікаў.

Праехаўшы каля мілі ў бок ракі Нуэсес, Зеб павярнуў на захад; зрабіў ён гэта вельмі спакойна, нібы дзейнічаў па загадзя абдуманаму плану. Цяпер яго шлях перасякаў пад прамым вуглом усе сцежкі, якія вялі да Рыо-Грандэ.

У той жа час змянілася і поза паляўнічага, і выраз яго твару. Ён болей не глядзеў рассеяна па баках. Нахіліўшыся, Зеб уважліва ўглядаўся ў траву перад сабой.

Ён праехаў так каля мілі, як раптам штосьці прымусіла яго схамянуцца і хутка нацягнуць павады.

Кабыла ахвотна спынілася. Зеб саскочыў з сядла, зрабіў два крокі ўперад і апусціўся на калені. Потым выняў з кішэні падкову, прылажыў яе да адбітка капыта, які выразна вызначаўся на траве.

– Кропля ў кроплю! – усклікнуў паляўнічы пераможна, узмахнуўшы рукою. – Каб яго чорт, калі гэта не так!.. Якраз! – працягваў ён пасля таго, як прылажыў зламаную падкову да няпоўнага адбітка і зноў падняў яе. – Дык вось яны, сляды здрадніка, а можа, і забойны!

<p>73. Астравок у прэрыі</p>

Вялізны табун коней у сто, а часам і ў трыста галоў на пашах прывольнай прэрыі міжвольна прыцягвае ўвагу падарожніка, і ён напэўна спыніцца, уражаны грандыёзнай карцінай. Карэнны ж жыхар Тэхаса раўнадушна праедзе міма і толькі падумае сам сабе: «Табун мустангаў». Ён хутчэй здзівіцца, калі ўбачыць, што пасвіцца толькі адзін конь, гэта здасца яму дзіўным, і ён задумаецца: ці не дзікі гэта жарабец, прагнаны са свайго статка, або, можа, верхавы конь, які адстаў ад групы падарожнікаў.

Спрактыкаваны жыхар прэрыі адразу вызначыць, што гэта за конь.

Калі ён пасвіцца з цуглямі ў роце і з сядлом на спіне, тады сумненняў не будзе. Яму прыйдзецца задумацца толькі над тым, як яму ўдалося збегчы ад свайго гаспадара.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже