Але, калі коннік сядзіць у сядле, а конь усё-такі пасвіцца, тады застаецца толькі падумаць: ён – проста садовая галава і гультай, які не здагадаецца сысці, каб не перашкаджаць свайму каню пасвіцца.
Аднак, калі акажацца, што ў конніка няма ніякай галавы, нават і садовай, тады ўзнікае тысяча меркаванняў, з якіх ні адно, мабыць, не будзе блізкім да ісціны.
Іменна такі конь і такі коннік з’явіліся ў прэрыях паўднёва-заходняга Тэхаса ў 185… годзе. Дакладны год невядомы, але, ва ўсякім выпадку, гэта было ў 50-ых гадах.
Месца можна вызначыць больш дакладна: яго сустракалі ў зарасніках і на адкрытай прэрыі, прыкладна ў межах плошчы ў дваццаць на дваццаць міль паміж Ляонай і Рыо-дэ-Нуэсес.
Конніка без галавы бачылі многія і ў розны час. Па-першае, тыя, хто шукаў Генры Пойндэкстэра і яго меркаванага забойцу. Па-другое, слуга Морыса-мустангера. Па-трэцяе, Касій Калхаўн у час сваіх начных бадзянняў у лясных зарасніках. Па-чацвёртае, уяўныя індзейцы – у тую ж ноч. I, нарэшце, Зеб Стумп – у наступную ноч.
Але некаторыя бачылі конніка без галавы ў іншых месцах і пры іншых абставінах: паляўнічыя, пастухі, аб’ездчыкі. Ва ўсіх гэты загадкавы коннік выклікаў жах, для ўсіх ён быў невытлумачальнай тайнай.
Пра яго гаварылі не толькі на Ляоне, але і ў больш аддаленых месцах. Чуткі распаўсюдзіліся на поўдзень, да берагоў Рыо-Грандэ, а на поўнач – да Сабайнала. Ніхто не сумняваўся ў тым, што дзіўнага конніка сапраўды бачылі. Сумнявацца ў гэтым азначала б адхіляць сведчанні двухсот людзей, якія гатовы былі паклясціся, што гэта праўда, а не фантазія. Ніхто і не адмаўляў, што яго сапраўды бачылі. Заставалася толькі знайсці тлумачэнне гэтай дзіўнай і ненатуральнай з’яве.
Выказвалася мноства здагадак, больш ці менш праўдападобных, больш ці менш недарэчных. Адны лічылі гэта «хітрасцю індзейцаў», другія – чучалам; некаторыя думалі, што гэта сапраўдны коннік, чыя галава схавана пад серапе, у якім прароблены дзве дзірачкі для вачэй. А сёй-той упарта трымаўся думкі, што коннік без галавы – сам д’ябал.
Акрамя спроб вытлумачыць гэту загадкавую з’яву перадавалі яшчэ ўсялякія падрабязнасці. Адным здавалася, што ім удалося ўбачыць галаву або абрысы яе на грудзях пад серапе. Другія сцвярджалі, што яны разглядзелі галаву ў руках конніка; а некаторыя дадавалі, што на ёй быў капялюш – чорнае глянцавае самбрэра, абшытае залатым пазументам.
Акрамя таго, многія спрабавалі разгадаць, якая сувязь існуе паміж з’яўленнем конніка і таямнічым забойствам маладога Пойндэкстэра.
Амаль усе былі ўпэўнены, што сувязь паміж гэтымі дзвюма тайнамі, безумоўна, існуе, але якая – вытлумачыць не мог ніхто. А той, хто мог праліць на гэта некаторае святло, усё яшчэ хварэў на гарачку.
У такіх абгаворах прайшоў тыдзень, на працягу якога прывіднага конніка бачылі яшчэ шмат разоў: то ён імчаўся быстрым галопам, то ехаў ціхім шагам па адкрытай прэрыі; яго конь то спыняўся і азіраўся, то апускаў галаву і старанна шчыпаў сакавітую траву.
Пра конніка без галавы расказвалі шмат самых фантастычных і недарэчных гісторый, паўтараць якія няма патрэбы; аднак варта прывесці адзін сапраўдны эпізод, даволі істотны для нашага дзіўнага апавядання.
Сярод прастору адкрытай прэрыі віднеецца невялікая, у тры-чатыры акры, дуброва. Жыхары прэрыі называюць яе астраўком; і, гледзячы на неабсяжны зялёны акіян вакол гэтага шматка лесу, нельга не пагадзіцца, што гэта параўнанне ўдалае.
Непадалёку ад дубровы, на адлегласці якіх-небудзь двухсот ярдаў, спакойна пасвіцца конь. Гэта той самы конь, на якім ездзіць коннік без галавы; таямнічы наезнік па-ранейшаму сядзіць на ім; з той пары як яго бачылі ўпершыню, ні ў яго касцюме, ні ў позе як быццам не адбылося ніякіх перамен. Паласатае серапе па-ранейшаму спускаецца з яго плячэй; на нагах па-ранейшаму гетры са шкуры ягуара.
Ён сядзіць, злёгку нахіліўшыся ўперад, нібы для таго, каб каню зручней было шчыпаць траву. Павады, якія коннік не то трымае ў руцэ, не то зачапіў за луку сядла, дастаткова доўгія, каб не замінаць яму.
Тыя, хто запэўніваў, што бачылі яго галаву, гаварылі праўду; мелі рацыю таксама і тыя, хто сцвярджаў, што на ёй чорнае самбрэра, аздобленае залатым пазументам.
Галава прыціснута да левага бядра конніка, падбародкам яна амаль датыкаецца да яго калена. Яе можна бачыць, толькі калі глядзець на конніка злева, і то не заўсёды, бо часам галаву прыкрывае край серапе.
Часам можна бачыць і твар. Рысы яго прыгожыя, але выраз жахлівы; пасівелыя губы напаўадкрытага рота застылі ў жудаснай усмешцы, агаліўшы два рады белых зубоў.
Хаця знешнасць самога конніка як быццам засталася ранейшай, але тым не менш штосьці з’явілася.
Да гэтага часу ён ездзіў адзін, цяпер у яго з’явіліся спадарожнікі.
Наўрад ці іх можна назваць прыемнай кампаніяй – дзясятак каётаў суправаджаюць яго па пятах, скачучы вакол яго.
Няма сумнення, што гэта не падабаецца каню: ён фыркае і б’е капытом, калі хто-небудзь з іх падыходзіць занадта блізка.