Але коннік не звяртае на іх увагі, гэтак жа як і на чараду вялікіх чорных птушак, што кружацца над яго плячамі. Нават калі самая дзёрзкая з іх адважылася сесці на яго, ён і тады не падняў рукі, каб яе прагнаць.
Тры разы гэта птушка садзілася на яго: спачатку на правае плячо, потым на левае і, нарэшце, пасярэдзіне, на тым месцы, дзе павінна была быць галава.
Птушка нядоўга застаецца на гэтым дзіўным седале. Коннік да гэтага раўнадушны, але конь устае на дыбы і нястрымным іржаннем адганяе грыфаў – праўда, ненадоўга.
На кані, які то спакойна пашчыпвае сакавітую траву прэрыі, то нецярпліва адганяе ваўкоў і каршуноў, абыякавы да ўсяго, павольна аб’язджае дуброву коннік без галавы.
Дзіўнае відовішча, пра якое толькі што ішла гаворка, было настолькі страшным, што не здавалася недарэчным. На яго нельга было глядзець без дрыжыкаў і жаху.
А ці глядзеў на яго хто-небудзь, акрамя каётаў на зямлі і каршуноў у небе?
Так. Яго бачыў чалавек, які – адзіны на ўсім Тэхасе – часткова ўжо разгадаў гэту тайну.
Але і для яго не ўсё яшчэ было ясна. Ён ведаў толькі, што коннік без галавы не быў ні чучалам, ні д’яблам. Але і гэты чалавек адчуваў жах ад віду страшнага конніка. Ён ведаў, хто перад ім, і ўсё-такі дрыжаў.
Ён глядзеў на конніка без галавы з ускрайку ляснога астраўка, хаваючыся ў цені дрэў.
Нягледзячы на страх і жаданне застацца незаўважаным, ён, нібы пад прыцягненнем нейкага магніта, увесь час рухаўся за коннікам без галавы па ўнутраным кругу, не абганяючы і не адстаючы.
Больш таго, ён жа ўбачыў страшнага конніка да таго, як сам уехаў у дуброву. Ён заўважыў яго здалёк і мог бы лёгка пазбегнуць сустрэчы з ім. Але замест гэтага ён рашуча павярнуў да яго.
Ён прасоўваўся асцярожна, хаваючыся за дрэвамі, нібы паляўнічы, які дапільноўвае пужлівага аленя, з той толькі розніцай, што паляўнічы на аленя ніколі не зведвае такога страху. Апынуўшыся сярод дрэў, ён, нягледзячы на свой страх, уздыхнуў з палёгкай.
Наўрад ці ён праехаў дзесяць міль па прэрыі без усялякай мэты; нездарма ён прасоўваўся так асцярожна, па самай мяккай траве, пад прыкрыццём кустоў зараснікаў – так, каб нікому не трапіцца на вочы.
Варта было крыху паназіраць за чалавекам, які перасоўваўся па ўскрайку ляснога астраўка, каб зразумець сэнс яго паводзін. Яго вочы былі ўтароплены на конніка без галавы, ён напружана сачыў за яго перамяшчэннямі і ўзгадняўся з імі.
Спачатку здавалася – яго галоўным пачуццём быў страх. Праз некаторы час страх змяніўся нецярплівасцю, якая прымусіла яго дзейнічаць смялей. Такая перамена ў настроі чалавека, які хаваўся ў дуброве, адбылася з-за таго, што коннік без галавы ўпарта не набліжаўся да яе ўскрайку бліжэй чым на дзвесце ярдаў.
Гэта настолькі раздражняла праследвальніка, што ён раз-пораз пачынаў мармытаць лаянкі. Зрэшты, ён заўсёды аздабляў імі сваю гаворку.
– Ах ты, чортава стварэнне! Каб яно падышло бліжэй хаця б на дваццаць ярдаў, я б мог у яго папасці. Стрэліць зараз – значыць толькі спудзіць яго, а другога такога выпадку можа ніколі больш не трапіцца. Чорт бы яго ўзяў! Калі б не гэтыя дваццаць ярдаў!
Як быццам жадаючы праверыць свой разлік, чалавек яшчэ раз прыкінуў адлегласць, якая 'аддзяляла яго ад конніка без галавы. Сваю кароткую паляўнічую стрэльбу ён увесь час трымаў напагатове са ўзведзеным курком.
– Няма сэнсу, – прамармытаў ён пасля некаторага роздуму. – Куля будзе пры канцы лёту і не параніць каня, а толькі напалохае яго. Трэба набрацца цярпення і пачакаць, пакуль ён падыдзе бліжэй. Праклятыя ваўкі! Усё з-за іх… Да той пары, пакуль яны ходзяць за ім, конь будзе трымацца воддаль ад лесу. Такая звычка ўсіх тэхаскіх мустангаў, чорт бы іх узяў!.. А ці нельга яго як-небудзь прывадзіць? – працягваў ён, крыху памаўчаўшы. – Можа, ён пойдзе на мой кліч?.. Сумняваюся. За апошні час ён адвык ад гуку чалавечага голасу і толькі напалохаецца, бадай. I ад майго каня ён таксама шарахнецца, як у той раз. Праўда, тады гэта было пры месячным святле, і, акрамя таго, за ім гнаўся сабака. He дзіва, што конь здзічэў, цягаючы на сабе чорт ведае што. Гэта ж не можа… не! У рэшце рэшт, гэта чыясьці выхадка… чыясьці д’ябальская выхадка!
Пры гэтых словах чалавек нацягнуў павады. Нахіліўшыся ўперад, каб лепш бачыць, ён працягваў углядацца ў дзіўнага конніка, які павольна агібаў дуброву.
– Гэта, несумненна, яго конь. Яго сядло, серапе – усё яго. Як жа яны трапілі да другога?
Пасля некалькіх хвілін маўчання ён зноў загаварыў:
– Фокус ці не, але справа дрэнь. Той, хто гэта падстроіў, павінен ведаць усё, што адбылося тады ўначы. Калі куля там, яе трэба дастаць. Які я быў дурань, што хваліўся гэтым! Вось ужо сапраўды шанцуе як тапельцу… He, ён бліжэй не падыдзе. Ён яўна баіцца лесу. Усе мустангі адчуваюць сябе больш упэўнена на адкрытым месцы. Што ж рабіць? Можа, каню ўсё ж прыемна будзе пачуць чалавечы голас? Калі б толькі ён падышоў на дваццаць ярдаў бліжэй, усё было б у парадку. Чорт бы яго ўзяў, паспрабую…
Пад’ехаўшы да ўзлеску, ён пачаў падзываць каня:
– Падыдзі сюды, разумнічак! Падыдзі, харошы конік!