Калі конь параўняўся з кустамі, дзе схаваўся Зеб, вецер адагнуў край серапе, і пад ім паляўнічы ўбачыў добра знаёмы яму касцюм. Гэта была блакітная блуза са складкамі на грудзях; нягледзячы на барвовыя плямы, што пакрывалі яе, стары паляўнічы пазнаў гэту блузу.

Але ён не быў упэўнены, што пазнаў твар, які ўпіраўся падбародкам у бядро конніка. У гэтым не было нічога дзіўнага. Нават родная маці, якая так часта любавалася прыгожым тварам сына, цяпер не пазнала б яго.

Зеб таксама не пазнаў – ён здагадаўся. Конь, сядло, паласатае серапе, нябесна-блакітная блуза і такія ж штаны, нават капялюш на галаве – усё гэта было знаёмае яму; ён пазнаў і фігуру конніка, які сядзеў, выпрастаўшыся ў сядле. Галава павінна была належаць гэтаму ж чалавеку, нягледзячы на сваё незразумелае зрушэнне.

Гэта не было мімалётным прывідам – Зеб добра разгледзеў страшнага конніка: хаця ён імчаўся галопам, але затое праехаў у дзесяці кроках ад старога паляўнічага.

Але ён ні словам, ні рухам не паспрабаваў спыніць конніка; толькі потым, зразумеўшы, хто гэты коннік, ён з сумам прашаптаў:

– Іасафат! Дык, значыць, гэта праўда! Бедны хлопец! Забіты!

<p>76. У мелавой прэрыі</p>

Доўга сачыў Зеб Стумп са свайго сховішча за коннікам, які працягваў імчацца галопам. I толькі калі ён знік за групай акацый, стары паляўнічы падняўся на ногі і выпрастаўся на ўвесь рост.

Ён прастаяў так секунду ці дзве, абдумваючы, што рабіць далей.

Гэта страшнае і нечаканае здарэнне збіла яго з панталыку.

Ісці яму далей па следу зламанай падковы ці за коннікам без галавы?

Першы след можа адкрыць многае; другі як быццам абяцае яшчэ больш.

Можа, яму ўдасца захапіць конніка і ўведаць тайну яго бадзянняў.

Раздумваючы гэткім чынам, Зеб ледзь было не забыў пра воблачка дыму і пра стрэл, які пачуўся ў прэрыі.

Але хутка яго думкі зноў скіраваліся да іх.

Паглядзеўшы туды, дзе ён бачыў дымок, паляўнічы заўважыў нешта такое, што зноў прымусіла яго прыгнуцца і з асаблівай стараннасцю ўкрыцца пад акацыямі; старая кабыла працягвала ляжаць, і аб ёй можна было не клапаціцца.

На гэты раз Зеб убачыў чалавека вярхом на кані – сапраўднага конніка, э галавой на плячах.

Ён усё яшчэ быў далёка і наўрад ці паспеў заўважыць сярод акацый высокую фігуру паляўнічага і тым больш кабылу, якая ляжала на зямлі. Ён іх і не заўважыў – ва ўсякім выпадку, мяркуючы па яго паводзінах.

Коннік сядзеў, нахіліўшыся ўперад, і ўважліва ўглядаўся ў зямлю.

Няцяжка было вызначыць, чым ён быў заняты. Зеб Стумп здагадаўся аб гэтым з першага погляду: невядомы ехаў па следу конніка без галавы.

– Ах, вось яно што! – прашаптаў Зеб. – He мне аднаму хочацца разгадаць гэту тайну. Каму ж яшчэ?

Зебу нядоўга давялося губляцца ў здагадках. Коннік ехаў рыссю, таму што сляды былі свежыя і вельмі прыметныя; неўзабаве ён пад’ехаў так блізка, што паляўнічы без вялікіх намаганняў мог яго разгледзець.

– Іасафат! – прамармытаў Зеб. – Як жа я не здагадаўся аб гэтым раней! I, калі я не памыляюся, гэта яшчэ адно звяно, якое дапаможа мне сабраць увесь ланцуг неабходных доказаў… Ляжы ціха, скацінка! Паспрабуй толькі варухнуцца! Калі ты задрыгаеш сваімі доўгімі нагамі, я перарэжу табе глотку.

Пасля гэтага звароту да кабылы Зеб змоўк і, схаваўшы галаву ў зелені акацыі, пачаў уважліва сачыць з-за перыстага лісця за коннікам, што набліжаўся.

Гэта быў чалавек, якога цяжка было не пазнаць. Хаця яму ледзь споўнілася трыццаць гадоў, на яго твары ўжо ляжаў непазбыўны адбітак заганных схільнасцей. Зараз ён выглядаў заклапочаным – відаць, нейкая пакутлівая трывога даўно ўжо не давала яму спакою, хаця ён не губляў надзеі пазбавіцца ад яе. Твар яго можна было б назваць прыгожым, калі б не пячаць разбэшчанасці, якая выдавала ў ім нягодніка.

Касцюм? Але ці варта наогул апісваць яго! Сіні суконны сурдут напаўваеннага крою, фуражка, пояс, на якім вісеў паляўнічы нож і два рэвальверы, – аб усім гэтым ужо ўпаміналася пры апісанні касцюма і зброі капітана Касія Калхаўна.

Гэта быў ён.

Зеб ухіліўся ад сустрэчы з Калхаўнам не таму, што той быў узброены; хаця стары паляўнічы і адчуваў да яго непрыязнасць, але ў адстаўнога капітана не было ніякіх падстаў лічыць яго сваім ворагам. Зеб заставаўся ў цені дрэў толькі для таго, каб лепш бачыць усё, што адбываецца.

Працягваючы ўглядацца ў след конніка без галавы, Калхаўн праехаў міма.

He выходзячы са свайго сховішча, Зеб Стумп праводзіў яго поглядам да той пары, пакуль тыя ж акацыі, за якімі знік першы коннік, не засланілі сваёй ажурнай зеленню і капітана.

Новыя думкі зараіліся ў галаве старога паляўнічага – яму трэба было нанова ўзважыць усе абставіны.

Калі і раней былі падставы ехаць па следу конніка без галавы, то цяпер іх стала ўдвая больш.

Зеб раздумваў нядоўга. Ён стаў збірацца, каб рушыць за Касіем Калхаўнам. Зборы былі нескладаныя: Зеб узяў у рукі павады і штурхнуў нагой старую кабылу, пасля чаго яна адразу паднялася на ногі. Паляўнічы стаяў каля яе, гатовы ўскочыць у сядло і выехаць на адкрытую паляну, як толькі Калхаўн знікне з вачэй.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже