I не бачачы Калхаўна, Зеб мог лёгка даведацца, куды той накіраваўся. Двух свежых слядоў яму было дастаткова – ён мог ехаць па іх з такой жа ўпэўненасцю, як калі б скакаў побач з коннікам без галавы ці з коннікам без сэрца.

Давяраючыся свайму вопыту, стары паляўнічы выйшаў са свайго сховішча і адправіўся следам за Касіем Калхаўнам.

Аднак на гэты раз Зеб Стумп памыліўся. Ён зразумеў гэта, калі абагнуў гай акацый, за якім зніклі абодва коннікі.

Далей распасціралася паласа мелавой прэрыі, якую коннік без галавы ўжо паспеў мінуць.

Зеб здагадаўся аб гэтым, убачыўшы, што Калхаўн едзе зігзагамі, нібы пойнтар, які шнырыць па пожні ў пошуках курапаткі. Капітан згубіў след і спрабаваў знайсці яго.

Паляўнічы з-за акацый крадком сачыў за кожным яго рухам.

Спроба капітана не ўвянчалася поспехам. На мелавой прэрыі нічога нельга было прачытаць – прынамсі, такому неспрактыкаванаму следапыту, як Касій Калхаўн.

Аб’ездзіўшы гэты ўчастак уздоўж і ўпоперак, ён, відаць, вырашыў адмовіцца ад свайго намеру і, сярдзіта прышпорыўшы каня, памчаўся ў бок Ляоны.

Як толькі Калхаўн прапаў з вачэй, Зеб таксама ўзяўся шукаць згублены след, але, нягледзячы на ўсё сваё майстэрства, ён вымушаны быў здацца.

Залітая сонцам белая паверхня прэрыі сляпіла вочы, і разабраць што-небудзь было немагчыма.

Нічога не зробіш – стары паляўнічы вырашыў павярнуць назад і зноў заняцца тым следам, які ён да часу пакінуў. Цяпер ён быў ужо зусім упэўнены, што яго чакаюць цікавыя адкрыцці.

Хутка Зеб вярнуўся да следу зламанай падковы.

He губляючы часу, ён шпаркім крокам пайшоў уперад. Кабыла па-ранейшаму ступала за ім.

Толькі адзін раз Зеб спыніўся – гэта было на месцы, дзе да следу, па якому ён ішоў, далучыўся след двух другіх каней.

З гэтага месца ўсе тры сляды то ішлі паралельна на адлегласці каля дваццаці ярдаў, то сыходзіліся і перакрывалі адзін аднаго.

Усе коні былі падкаваныя; паляўнічы спыніўся, каб прыгледзецца да адбіткаў. З двух новых канёў адзін быў амерыканскай пароды, другі – мустанг, хаця і вельмі вялікі: яго капыты былі амаль такога ж памеру, як і ў амерыканскага каня.

Зеб не сумняваўся, што ведае гэтых коней. Яму не давялося ламаць галаву, каб здагадацца, які з іх прайшоў тут першым. Для яго гэта так было ясна, нібы ён сам іх бачыў. Ён ведаў, што мустанг быў уперадзе астатніх двух – на якой іменна адлегласці, ён пакуль яшчэ не мог вызначыць, але безумоўна далей, чым гэта бывае ў час прагулкі вярхом у кампаніі сяброў. Амерыканскі конь прайшоў другім, і апошнім быў конь са зламанай падковай – таксама амерыканскі.

Усе тры кані прайшлі тут у розны час і па адным. Зеб Стумп вызначыў гэта з такой жа лёгкасцю і дакладнасцю, з якой мы вызначаем час па гадзінніку або тэмпературу па тэрмометру.

– Нядрэнна, – сказаў Зеб і з задаволеным выглядам адправіўся далей.

Старая кабыла цягнулася за ім па пятах, нібы стараючыся ісці з ім у нагу.

– Тут яны разышліся, – сказаў паляўнічы, зноў спыняючыся і разглядаючы зямлю пад нагамі.– Мустанг і амерыканскі конь пайшлі разам – гэта значыць, у адным напрамку. Зламаная падкова збочыла. Цікава ведаць: дзеля чаго? Ніколі ў жыцці я не бачыў такіх заблытаных слядоў. Яны паставілі б у тупік самога Даніэля Буна. Па якому пайсці спачатку? Калі я пайду па гэтых двух, то мне ўжо загадзя вядома, куды яны прывядуць – да той самай лужы крыві. Паглядзім, ці не прывядзе туды ж і трэці… Направа, старэнькая, і трымайся бліжэй да мяне, a то згубішся, і каёты пажывяцца тваім тлушчыкам.

Упамянуўшы пра «тлушчык» старой кабылы, паляўнічы зарагатаў і пайшоў па следу трэцяга каня.

След цягнуўся ўздоўж ускрайку зараснікаў, да якіх усе тры пераплеценыя сляды наблізіліся якраз там, дзе знаходзілася добра знаёмая чытачу шырокая прасека.

За дзвесце ярдаў ад яе след зламанай падковы збочваў у гушчар, і, прайшоўшы яшчэ крокаў пяцьдзесят, Зеб знайшоў месца, дзе конь быў прывязаны да дрэва.

Ён убачыў, што далей конь не хадзіў; адсюль жа ішоў і зваротны след да прэрыі, хаця і ў крыху іншым напрамку.

Але яго гаспадар адправіўся далей пеша. Сляды чалавечых ног былі выразна бачныя ў рэчышчы перасохлага ручая, каля якога і быў прывязаны конь.

Пакінуўшы сваю старую кабылу ў гэтай жа «канюшні», паляўнічы пайшоў па следу спешанага чалавека.

Хутка ён выявіў, што іх было два: адзін вёў уперад, другі – назад.

Зеб пайшоў па першаму.

Ён ніколькі не быў здзіўлены, калі след вывеў яго на прасеку непадалёк ад месца, дзе раней была лужа крыві, цяпер ужо даўно вылізаная каётамі.

След, мабыць, даходзіў да самай лужы, але цяпер зямля на прасецы была зрыта сотнямі конскіх капытоў.

Але, перш чым Зеб пайшоў далей, ён зрабіў яшчэ адно важнае адкрыццё. У густых кустах ён заўважыў месца, дзе, відаць, даволі доўга прастаяў нейкі чалавек. Травы там не было, і рыхлая зямля была моцна ўтаптаная, мяркуючы па ўсім – падэшвамі ботаў або чаравікаў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже