Адбіткі гэтых жа падэшваў вялі адсюль да лужы крыві – адзін след ішоў туды, другі, такі ж, назад. А на галінцы дрэва паблізу Зеб знайшоў тое, чаго не ўдалося ўбачыць ні атраду маёра, ні іх правадніку Спенглеру: гэта быў шматок паперы, закураны і напалову абгарэлы, – відаць, выкарыстаны як пыж.
Ён павіс на галінцы акацыі, зачапіўшыся за калючку.
Стары паляўнічы зняў паперку з калючкі, разгладзіў яе на сваёй мазолістай далоні і прачытаў на скамечаным і абгарэлым лістку добра вядомае імя, прозвішча і чын, якія пачыналіся з літар: «К.К.К.*.
Калі Зеб Стумп разбіраў тое, што было напісана на паперы, на яго твары адбілася не столькі здзіўленне, колькі задаволенне.
– Гэты шматок канверта, – прамармытаў Зеб, – ён гаворыць пра многае. З яго можна даведацца больш, чым з таго, што было ўнутры. Выкарыстаны замест пыжа… Ну што ж, так яму, падлюгу, і трэба! Хай ведае, як ужываць усялякі хлам замест кавалка прамасленай аленевай скуры, якім карыстаюцца ўсе прыстойныя людзі… Почырк жаночы, – працягваў паляўнічы, зноў углядаючыся ў паперку. – Гэта нічога не значыць. Адрасавана ж яму – значыць, яму і належыць. Гэту штучку трэба захаваць!
Пры гэтых словах стары паляўнічы дастаў з кішэні скураны кісет, дзе захоўвалася яго крэсіва, і беражліва схаваў туды знойдзеную паперку.
– Ну што ж, старызна Зебулон Стумп, – зноў загаварыў ён, – падобна на тое, што табе ўдасца нядрэнна разабрацца ў гэтай таямнічай блытаніне. Хаця сёе-тое і застаецца яшчэ няясным, там-сям абрываюцца ніці, але гэта нічога. Чалавек, якога забілі, хто б ён ні быў, ляжаў вунь там, дзе была лужа крыві. Чалавек жа, які забіў, хто б ён ні быў, стаяў за гэтай акацыяй. Калі б не нашкодзілі гэтыя малакасосы, мне ўдалося б уведаць яшчэ сёе-тое. Цяпер жа нічога не зробіш – усе сляды затаптаны. Ісці далей у гэтым напрамку няма чаго.
Лепш за ўсё будзе цяпер пайсці па адваротнаму следу, калі гэта толькі магчыма, і даведацца, куды конь са зламанай падковай адвёз свайго гаспадара пасля палявання. Такім чынам, старызна Стумп, вам давядзецца накіравацца па следу ботаў.
I з гэтымі словамі стары паляўнічы пайшоў назад па тых жа слядах, якія прывялі яго на прасеку. Адбіткаў амаль не было відаць, але Зебу яны ўжо не былі патрэбны.
Ён паспеў яшчэ раней заўважыць, што чалавек, якому належаў след, у рэшце рэшт вярнуўся да месца, дзе быў прывязаны яго конь.
Аднак у адным месцы гэтыя два сляды разыходзіліся: на шляху трапілася непраходнае спляценне кустоў, і меркаванаму забойцу прыйшлося яго абагнуць. Потым абодва сляды зноў сышліся, але толькі пасля таго, як зваротны след вывеў паляўнічага на вялікую паляну, якую Зеб уважліва агледзеў.
На ёй ён заўважыў ясныя сляды, але ўжо зусім іншыя. Гэта была добра пратаптаная сцяжынка, якая перасякала паляну.
Зеб убачыў, што па ёй некалькі дзён назад прайшлі падкаваныя коні; іх сляды і прыцягнулі яго ўвагу.
Ён мог бы без памылкі сказаць, не толькі ў які дзень, але нават у які час прайшлі тут коні; каб вызначыць гэта, яму дастаткова было ўважліва зірнуць на адбіткі капытоў.
Але на гэты раз яму і так усё было ясна. Ён ведаў, што гэта былі сляды коней невялікага атрада, які застаўся са Спенглерам, калі маёр са сваімі драгунамі вярнуўся ў форт.
Зеб ужо чуў пра гэта дадатковае даследаванне, пра тое, як Спенглер і яго таварышы прасачылі зваротны шлях каня Генры Пойндэкстэра да таго месца, дзе негр злавіў яго на мяжы плантацыі.
Большасці людзей паўторнае даследаванне здалося б залішнім, але Зеб Стумп прытрымліваўся іншай думкі. Ён стаяў у нерашучасці, пазіраючы на сляды.
– Калі б я толькі ведаў, што ў мяне хопіць на гэта часу, – прамармытаў ён, – я б спачатку праверыў гэты след. Хто яго ведае… можа, тут яшчэ што-небудзь цікавае знойдзецца. Але наўрад ці я паспею, а па гэтаму лепш адразу заняцца канём са зламанай падковай.
Зеб ужо павярнуўся, каб пайсці з паляны, калі яго спыніла новая думка:
– У рэшце рэшт, я лёгка знайду яго ў любы час. Я і так ведаю, куды ён вядзе, нібы сам ехаў побач з нягоднікам, які яго пакінуў,– прама ў канюшню Каса-дэль-Корва. Чартоўскі крыўдна пакідаць вось гэты след, раз я ўжо тут! Ён можа заставіць мяне правандраваць яшчэ дзесяць міль, а на гэта наўрад ці хопіць часу. Чорт вазьмі, усё ж трэба прайсці хоць крыху! Хай старая кабыла пачакае, пакуль я вярнуся.
I Зеб адправіўся па следу коней Спенглера і яго спадарожнікаў.
Але не іх сляды ён вывучаў. Уся яго ўвага была скіравана на сляды каня Генры Пойндэкстэра. І, хаця атрад праехаў тут пазней і месцамі моцна затаптаў след, які так цікавіў паляўнічага, тым не менш ён без асаблівай цяжкасці распазнаваў яго. Як сказаў бы ён сам, любы малакасос змог бы зрабіць тое ж. Конь маладога плантатара скакаў галопам. Следапыты ехалі шагам.
Наколькі Зеб Стумп змог разабрацца, коні атрада не спыняліся і не ад’язджалі ўбок. Конь Генры Пойндэкстэра ў адным месцы сышоў са сцежкі.
Гэта было ў трох чвэрцях мілі ад прасекі.
Конь, які імчаўся галопам, не спыніўся, але кінуўся ўбок, нібы чагосьці напалохаўся – ваўка, ягуара, пумы ці іншага драпежніка.
Далей ён па-ранейшаму імчаўся галопам.