Атрад Спенглера праехаў далей, не спыніўшыся, каб даведацца, чаму конь кінуўся ўбок.
Але больш дапытлівы Зеб Стумп затрымаўся тут.
Гэта быў пясчаны ўчастак, усеяны камянямі і пазбаўлены травы. Над ім узвышалася вялізнае дрэва з гарызантальна выцягнутымі галінамі. Адзін сук навісаў над сцяжынкай так нізка, што конніку нельга было б праехаць, не нахіліўшы галавы. Зеб Стумп уважліва агледзеў яго. Ён заўважыў, што на ім пашкоджана кара; хаця драпіна была невялікая, яна, відаць, узнікла ад удару нейкага цвёрдага цела.
– Гэта зроблена галавой чалавека, – заўважыў паляўнічы. – Па гэты бок галіны на кані сядзеў чалавек, па той яго ўжо на ім не было. Ніхто не змог бы вытрымаць такі ўдар і застацца ў сядле.
– Ура! – пераможна ўсклікнуў ён пасля таго, як уважліва агледзеў зямлю пад дрэвам. – Я так і думаў. Вось і адбітак на тым месцы, дзе ён упаў. А вось тут ён поўз. Цяпер я разумею, адкуль гэты загадкавы гуз. Я ведаў, што ён не ад кіпцюроў драпежнікаў; і не падобна было, што ён ад удару каменем або палкай. Вось аб што ён яго набіў!
Заззяўшы ад радасці, Зеб лёгкай паходкай накіраваўся далей, але не па сцежцы, а па следу чалавека, выбітага з сядла.
Зеб трымаўся ўказанняў – можа, непрыметных для недасведчанага, але для яго такіх жа ясных, як надпісы на прыдарожных слупах. Надламаная галінка, абарваныя вусікі паўзучых раслін, барозны на зямлі – усё гаварыла аб тым, што тут прабіраўся чалавек. Больш таго, след ясна паказваў, што чалавек не мог ісці і поўз.
Зеб Стумп прасачыў шлях няшчаснага да берага ручая.
Далей ісці не было патрэбы. Ён звязаў яшчэ адну абарваную вітку. Яшчэ крыху – і ўсе доказы будуць у яго руках.
Расчараваны Калхаўн панура вылаяўся і павярнуў каня ад мелавой прэрыі, дзе згубіліся сляды конніка без галавы.
«Які сэнс ехаць далей? Невядома, куды ён паскакаў. Убачу я яго ці не – гэта справа выпадку. Можа, сустрэну яго зноў ля рэчкі? Але што толку? Мустанг усё роўна мяне да сябе не падпускае, як быццам здагадваецца аб маіх намерах. Ён хітрэйшы нават за дзікіх мустангаў – мабыць, гаспадар навучыў яго гэтым звычкам. Адзін удалы стрэл – і я спыніў бы яго бадзянні. Падкрасціся да яго, відаць, немагчыма. А хіба дагоніш яго ў адкрытай прэрыі на гэтым муле? Рыжы, праўда, вынослівей, але наўрад ці шпарчэйшы. Трэба будзе выпрабаваць яго заўтра – з новай падковай… Калі б я толькі мог дастаць такога быстраногага каня, які б дагнаў мустанга, я не пашкадаваў бы грошай. У пасёлку напэўна такі знойдзецца. Трэба разведаць. Хай ён абыдзецца ў дзвесце, нават у трыста долараў!»
Разважаючы сам з сабой, Калхаўн пакінуў мелавую прэрыю. Яго змрочны твар вельмі кантраставаў з яе ззяючай белізной.
Ён ехаў хутка, не шкадуючы свайго каня, ужо змардаванага падарожжам, мяркуючы па пене і абадраных шпорамі баках, на якіх выступілі свежыя кроплі крыві.
He прайшло і гадзіны, як ён ужо ўязджаў у гай акацый, які межаваў з плантацыяй Пойндэкстэра. Гэта была добра знаёмая Калхаўну сцежка – ён праязджаў тут, хаця і на іншым кані.
Перасякаючы перасохлы ад працяглай засухі ручай, ён вельмі здзівіўся, заўважыўшы ў глеістым рэчышчы сляды падкоў, адна з якіх была зламана.
След быў стары – відаць, ён з’явіўся тут дзён восем назад. Але Калхаўн спыніўся не дзеля таго, каб вызначыць, калі іменна быў пакінуты след, – ён мог назваць нават гадзіну.
Ён сышоў з каня, каб сцерці гэтыя сляды. Лепш было б для яго, калі б ён гэтага не рабіў. Яго абцас расціснуў засохлую гразь, выдаўшы, хто ехаў на кані са зламанай падковай. А ззаду набліжаўся чалавек, які не прапусціць гэты доказ.
Адстаўны капітан ускочыў у сядло і паехаў далей, вельмі задаволены сваёй кемлівасцю.
Раптам ён пачуў стук конскіх капытоў. Самога каня яшчэ не было відаць – засланялі дрэвы.
Тупат набліжаўся. Па мернаму рытму можна было здагадацца, што на кані нехта едзе.
Праз імгненне Калхаўн убачыў верад сабой Ісідору Каварубіо дэ Лос-Льянас. Яна заўважыла яго ў тую ж секунду. Гэта сустрэча была дзіўнай выпадковасцю, і яна абудзіла ў кожным з іх дзіўныя думкі.
Ісідора ўзгадала, што Калхаўн закаханы ў жанчыну, якую яна ненавідзіць, а Калхаўн – што Ісідора закахана ў чалавека, якога ён не толькі невавідзіць, але вырашыў загубіць.
Яны ведалі пра гэта часткова па чутках, часткова па асабістых назіраннях і ўражаннях ад дзвюх выпадковых сустрэч. Кожны з іх добра ведаў пра няшчаснае каханне другога, і ў той жа час кожны думаў» што пра яго пачуцці другі не здагадваецца.
Здавалася б, што пры такіх абставінах яны наўрад ці маглі адчуваць сімпатыю адно да аднаго. Толькі імкненне да помсты, народжвае рэўнасцю, магло б аб’яднаць іх; але гэта быў змрочны саюз.
Да гэтых пор Ісідору Каварубіо дэ Лось-Льянас нішто не звязвала з Касіем Калхаўнам.
Абое явы, мабыць, былі б рады пазбегнуць гэтай сустрэчы, асабліва Ісідора.
Мексіканка не адчувала асаблівай прыязнасці да адстаўнога кавалерыйскага капітана, закаханага ў яе саперніцу, у яе была і іншая прычына не жадаць сустрэчы з ім.