Яна прыгадала, як яе праследавалі пераадзетыя індзейцы і чым усё гэта скончылася. Яна ведала, што ў тэхасцаў узнікла шмат розных меркаванняў наконт яе раптоўнага знікнення пасля таго, як яна паклікала іх на дапамогу. Яна нікому не збіралася расказваць, што прымусіла яе так зрабіць, і яе непакоіла, як бы чалавек, які ехаў ёй насустрач, не стаў распытваць яе пра гэта.

Ісідора збіралася абмежавацца кіўком галавы, праязджаючы міма, – зусім не заўважыць Калхаўна было б няветліва. I ён, напэўна, зрабіў бы тое ж самае, калі б у яго не ўзнікла зусім нечаканая думка.

Адстаўны капітан не збіраўся заляцацца да Ісідоры, калі, загарадзіўшы канём дарогу, нацягнуў павады, зняў фуражку і, ветліва пакланіўшыся, загаварыў з ёю.

Ісідоры нічога не заставалася, як адказаць.

– Даруйце мне, сеньярыта, – сказаў Калхаўн, пазіраючы не на наезніцу, а на каня, – я ведаю, што мне, чалавеку, з якім вы зусім не знаёмыя, не варта было б спыняць вас…

– Можаце не прасіць прабачэння, сеньёр. Мы ж з вамі як быццам ужо сустракаліся – у прэрыі каля Нуэсес.

– Так-так… ваша праўда, – запінаючыся, сказаў Калхаўн, якому было б лепш, каб яна забыла пра гэта. – Я хацеў бы пагаварыць з вамі не пра тую сустрэчу, а пра тое, як вы прамчаліся краем абрыву. Мы ўсе былі ўражаны вашым раптоўным знікненнем.

– У гэтым не было нічога дзіўнага, кабальера. Куля, якую пусціў хтосьці з вас, вызваліла мяне ад праследвальнікаў. Я ўбачыла, што яны павярнулі назад, і вырашыла працягваць свой шлях.

Калхаўн, відаць, не быў асабліва засмучаны яе няшчырым адказам. Ён яшчэ не пачынаў гаворку на цікавую для яго тэму і не губляў надзеі дабіцца свайго.

Пра што ён збіраўся гаварыць, нядяжка было здагадацца, варта толькі было зірнуць, як ён глядзеў на каня Ісідоры з выглядам не то знаўцы, не то жакея.

– Я не кажу, сеньярыта, што быў адным з тых, хто здзівіўся з вашага раптоўнага знікнення. Я вырашыў, што ў вас былі на тое свае прычыны. Я ж бачыў, як вы імчаліся краем абрыву, і, прызнаюся, пасля гэтага яе турбаваўся аб вас. Мяне, як і ўсіх астатніх, уразіла ваша цудоўнае майстэрства ездзіць вярхом. I што за конь у вас быў! Здавалася, што ён ляцеў, а не скакаў. Калі я не памыляюся, вы і зараз на ім. Прабачце, што я пытаю ў вас пра такія дробязі.

– На ім? Дайце ўспомніць… я езджу на многіх. Так, мне здаецца, вы кажаце праўду. Так-так, канешне. Я ўспамінаю, як ён здрадзіў мне.

– Здрадзіў вам? Як жа так?

– Нават двойчы. Першы раз, калі набліжаўся ваш атрад. Другі – калі індзейцы… ах, сапраўды, не індзейцы, як мне потым сказалі! – падкрадваліся да мяне праз зараснікі.

– Але як жа ён вам здрадзіў?

– Ён заржаў. Ён не павінен быў гэтага рабіць. Яго досыць доўга вучылі, што гэтага рабіць нельга… Ну нічога. Як толькі я вярнуся на Рыо-Грандэ, я больш на ім ездзіць не буду. Хай вяртаецца на пашу!

– Даруйце, сеньярыта, але, па-мойму, гэта сумна.

– Што сумна?

– Што такі цудоўны конь не будзе болей хадзіць пад сядлом. Я многае даў бы, каб толькі валодаць ім.

– Вы жартуеце, кабальера! Што ў ім асаблівага? Толькі што ён крыху прыгажэйшы і шпарчэйшы за другіх мустангаў. У майго бацькі пяць тысяч такіх, і многія з іх прыгажэйшыя і, несумненна, шпарчэйшыя за яго. Ён, праўда, вынослівы і добры для вялікіх пераездаў, па гэтаму я і еду на ім зараз – я вяртаюся дамоў на Рыо-Грандэ. Калі б не гета, я з радасцю аддала б яго вам або любому, каму ён гэтак жа спадабаўся б… Стой спакойна, мой канёк! Паглядзі, вось чалавек, якому ты падабаешся больш, чым мне.

Апошнія словы былі звернуты да мустанга, які, здавалася, як і яго гаспадыня, з нецярплівасцю чакаў каяцца размовы.

Калхаўн жа, наадварот, хацеў у што б то ні стала працягнуць гэту размову або, па крайняй меры, закончыць яе не так.

– Даруйце мне, сеньярыта… – сказаў ён, надаючы сабе дзелавы выгляд, але з некаторай нерашучасцю ў голасе. – Калі вы так нізка цэніце вашага сівога мустанга, то я ахвотна абмяняўся б з вамі. Праўда, мой конь не вызначаецца прыгажосцю, аднак нашы тэхаскія перакупшчыкі прапанавалі за яго добрую цану. Хай ён і не з быстрых, але магу запэўніць, што ён паспяхова даставіць вас дамоў і добра будзе вам служыць і надалей.

– Што вы, сеньёр! – здзіўлена ўсклікнула Ісідора. – Абмяняць вашага цудоўнага амерыканскага каня на мексіканскага мустанга? Ваша прапанова мне здаецца проста жартам. Ці ведаеце вы, што на Рыо-Грандэ за аднаго вашага каня дадуць тры, a то і шэсць мустангаў?

Калхаўн ведаў гэта вельмі добра. Але ў той жа час ён ведаў, што мустанг Ісідоры яму патрэбней за цэлую канюшню такіх коней, як яго сівы жарабец. Ён жа сам быў сведкам незвычайнай шпаркасці гэтага гадаванца прэрый, не кажучы ўжо пра тое, што чуў аб ім ад іншых. I не толькі свайго каня – любую суму грошай у дадатак гатовы ён быў аддаць за гэтага мустанга.

На яго шчасце, дзяўчыне і ў галаву не прыйшло запрошваць – Ісідору ніяк нельга было назваць карысталюбнай. У канюшні – дакладней, на пашах яе бацькі – налічвалася да пяці тысяч коней. Навошта ж ёй адмаўляць чалавеку ў такой невялікай просьбе, хаця б незнаёмаму і, можа, нават ворагу!

Яна і не адмовіла.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже