– Калі гэта не жарт, сеньёр, – сказала яна, – то калі ласка.
– Я кажу зусім сур’ёзна, сеньярыта.
– Тады бярыце, – сказала яна, саскокваючы з сядла і пачынаючы расшпільваць папругу. – Сёдламі нам нельга абмяняцца: ваша для мяне занадта вялікае.
Калхаўн так узрадаваўся, што не знаходзіў слоў удзячнасці. Ён паспяшаўся дапамагчы ёй зняць сядло, а потым зняў сваё.
He прайшло і пяці хвілін, як мена коньмі адбылася. Сёдлы і аброці засталіся за старымі гаспадарамі.
Ісідоры ўсё гэта здалося вельмі забаўным. Яна з цяжкасцю стрымлівалася ад смеху.
Калхаўн жа ставіўся да гэтага зусім інакш – надта сур’ёзнай была яго мэта.
Яны рассталіся, сказаўшы толькі звычайнае «да пабачэння». Ісідора паехала на амерыканскім кані, а капітан працягваў шлях да асьенды Каса-дэль-Корва на сівым мустангу.
Зеб вярнуўся да месца, дзе была прывязана яго кабыла. Зараснікі былі яму добра вядомыя, і ён пайшоў да прасекі напрасткі.
Ён зноў адправіўся па следу зламанай падковы, упэўнены, што гэты след прывядзе яго ў Каса-дэль-Корва.
След ішоў уздоўж дарогі, якая злучала пераправу цераз Рыо-Грандэ і форт Індж. Гэта дарога была шырынёй у паўмілі – з’ява, звычайная для Тэхаса, дзе кожны коннік едзе дзе хоча, прытрымліваючыся толькі агульнага напрамку.
Конь са зламанай падковай бег краем гэтай дарогі.
Але на адлегласці чатырох-пяці міль ад форта Індж ён раптам збочыў пад такім вуглом, што павінен быў выйсці прама да плантацыі Пойндэкстэра. Зеб быў у гэтым настолькі ўпэўнены, што амаль не глядзеў на зямлю, а ехаў уперад хутка, як быццам яго шлях быў адзначаны дарожнымі слупамі.
Хаця Зеб быў перакананым праціўнікам верхавой язды, на гэты раз ён закончыў свой шлях у сядле – доўгія вандраванні пяшком па прэрыі і лясных зарасніках моцна стамілі яго. Толькі час ад часу кідаў ён позірк на зямлю, але не для таго, каб пераканацца, што ён не збіўся са следу зламанай падковы, а з надзеяй уведаць што-небудзь новае.
У асобных месцах зямля ў прэрыі была настолькі цвёрдая, што на ёй не засталося слядоў. Неспрактыкаваны чалавек мог бы падумаць, што ён першы праязджае тут. Але Зеб Стумп быў вопытным следапытам: ён з дакладнасцю да дзюйма ведаў, дзе зноў убачыць след на больш вільготнай і мяккай глебе.
Калі здаралася часам, што стары паляўнічы губляў след, ён хутка знаходзіў яго, зрабіўшы зігзаг.
Упэўнена, хаця і асцярожна паляўнічы наблізіўся да плантацыі Пойндэкстэра. Над верхавінамі акацый паказаўся зубчасты парапет асатэі; і раптам штосьці, што ён убачыў на дарозе, адразу змяніла яго паводзіны: замест таго каб заставацца на сваёй кабыле, ён саскочыў з сядла, закінуў павады ёй на шыю і, абагнаўшы яе, адправіўся па следу пеша. Кабыла, не спыняючыся, пакорна паплялася за ім, як быццам яна прызвычаілася да такіх нечаканых капрызаў гаспадара.
Неспрактыкаванаму воку цяжка было б вызначыць, чаму Зебу спатрэбілася так нечакана сысці з каня. Гэта адбылося ў месцы, дзе, здавалася, не ступала нага ні чалавека, ні жывёлы. Толькі са слоў Зеба, калі ён саскокваў з сядла, можна было зразумець, у чым справа.
– Яго след! Вяртаецца дамоў,– вымавіў паляўнічы ціхім мерным голасам і павольна пайшоў па следу.
Неўзабаве след прывёў яго ў гай і яшчэ праз некалькі хвілін прымусіў спыніцца так раптоўна, нібы калючыя зараснікі сталі зусім непраходнымі як для яго, так і для яго кабылы.
Але ж гэта было не так. Перад ім па-ранейшаму была адкрытая дарога – нават занадта адкрытая. Іменна гэта і прымусіла яго спыніцца.
Перад ім ляжала лагчына, у якой віднелася рэчышча амаль перасохлага ручая – толькі дзе-нідзе засталіся невялікія лужы. Па гразі рэчышча хадзіў чалавек, трымаючы за аброць каня.
У паводзінах каня не было нічога дзіўнага – ён проста ішоў за сваім спешаным коннікам.
Што ж рабіў чалавек? Яго рухі былі незразумелыя і азадачылі б недасведчанага гледача.
Але Зеб Стумп не быў азадачаны – ва ўсякім выпадку, не больш чым на адну секунду.
Ён амаль адразу адгадаў намер гэтага чалавека і прамармытаў:
– Сцірае сляды зламанай падковы або спрабуе гэта зрабіць! Дарэмна, містэр Калхаўн, зусім дарэмна! Узамен вы пакінулі тут сляды сваіх ног. Мяне не падманеш. I я прайду па іх хоць да самага пекла!
Калі паляўнічы закончыў сваю гаворку, той, да каго яна была звернута, закончыў сваю работу, ускочыў у сядло і паехаў далей.
Зеб адправіўся следам за ім пеша; відаць, ён не стараўся трымаць Калхаўна ў поле зроку. Для старога паляўнічага ў гэтым не было патрэбы: ён быў упэўнены, што не згубіў след капітана.
Паляўнічы ішоў спакойна, думаючы, што цяпер ужо не прыйдзецца спыняцца да самай асьенды.
Аднак Зеб Стумп памыліўся. Хто мог прадбачыць выпадковую сустрэчу Касія Калхаўна з Ісідорай Каварубіо дэ Лос-Льянас!
Але, нягледзячы на здзіўленне, Зеб здолеў не выдаць сваёй прысутнасці. Наадварот, ён стаў яшчэ больш асцярожным.
Павярнуўшыся, паляўнічы шапнуў нейкае заклінанне на вуха кабыле і стаў ціхенька прабірацца ўперад пад прыкрыццём акацый.
Паслухмяная кабыла бясшумна ішла за ім.
Неўзабаве Зеб спыніўся; спыніўся і конь, нібы яго цень.
Густая сцяна зелені аддзяляла паляўнічага ад пары, якая ажыўлена гутарыла.