Ён ішоў няроўным крокам – то шпарчэй, то павольней, чакаючы, каб яго схавалі надыходзячыя начныя цені.
Гэта эасцярога не была залішняй: трэба было перасячы адкрыты луг, дзе цяжка застацца незаўважаным. Там і сям віднеліся адзінокія дрэўцы, але паміж імі былі занадта вялікія адлегласці, і, пакуль ён прабіраўся да іх, яго лёгка маглі ўбачыць з вокнаў асьенды і тым больш з асатэі.
Час ад часу ён зусім спыняўся, чакаючы, каб згусціўся змрок, стала цямней.
Калі згас апошні прамень сонца, Зеб быў не далей двухсот ярдаў ад асьенды.
Стары паляўнічы дасягнуў мэты свайго падарожжа – месца, дзе яму, магчыма, давядзецца правесці ўсю ноч.
Непадалёку рос нізкі разложысты куст; выцягнуўшыся пад ім, Зеб зноў пачаў сачыць за варотамі Касадэль-Корва.
За ўсю доўгую ноч стары паляўнічы ні разу не сплюшчыў абодвух вачэй адначасова – якое-небудзь з іх абавязкова сачыла за варотамі. I варта было зірнуць на незвычайна сур’ёзны выгляд старога, каб зразумець, што ён быў заняты вельмі важнай справай.
Спачатку аднастайнасць яго нядрэмнасці парушалася гоманам галасоў і час ад часу выбухамі смеху, што даносіліся з хацін нявольнікаў. Але негры былі больш стрыманыя, чым звычайна. He было чутна меладычных напеваў скрыпкі і гукаў вясёлага банджа, якія звычайна чуліся вечарамі ў негрыцянскім пасёлку.
Змрочная цішыня, якая панавала ў асьендзе, не магла не паўплываць на настрой нявольнікаў.
Каля поўначы галасы людзей змоўклі, і спакой ночы толькі зрэдку парушаўся брэхам сабакі, які адгукаўся на далёкае выдцё каётаў.
Зеб правёў стомны дзень, і яго адаляў сон. Адзін раз, калі ён зусім быў задрамаў, яму прыйшлося ўстаць і размяцца; затым ён зноў лёг і, схаваўшы галаву пад куст, закурыў сваю люльку.
Усю ноч ён не зводзіў вачэй з вялікіх варотаў асьенды, але яны, як ён ясна бачыў пры месячным святле, ні разу не адчыніліся.
Ранішняя зара, як раней захад, прымусіла паляўнічага зноў перамяніць назіральны пункт. Ледзь неба на ўсходзе паружавела, Зеб ціхенька ўстаў, накінуў на сябе коўдру і, павярнуўшыся спінай да Каса-дэльКорва, павольна пайшоў той жа дарогай, па якой прыйшоў сюды напярэдадні вечарам.
Зноў ён рухаўся то павольна, то хутка, час ад часу спыняўся і азіраўся назад.
Нарэшце Зеб дабраўся да акацыі, пад якой ён вячэраў. Тут ён усеўся, як і напярэдадні, і ўзяўся за снеданне.
Другая палова праснака і рэшткі мяса хутка зніклі. За імі адправілася і віскі з біклагі.
Зеб набіў люльку і ўжо збіраўся быў закурыць яе, як раптам хутка палажыў крэмень і крэсіва ў кісет.
У сіняй ранішняй смузе на шэрай сцяне Каса-дэльКорва з’явілася цёмная пляма – гэта адчынілі вароты.
Амаль у тую ж хвіліну з іх выехаў коннік на невялікім сівым кані, і вароты зноў зачыніліся за ім.
Зеба гэта не цікавіла. Ён глядзеў толькі, у якім напрамку паедзе ранні падарожны. На гэта яму не спатрэбілася і дваццаці секунд. Галава каня і твар конніка былі звернуты ў яго бок.
Ён не стаў губляць часу на тое, каб разглядаць конніка і каня. Ён не сумняваўся, што гэта быў той самы коннік, які праязджаў па гэтым жа месцы на гэтым жа кані напярэдадні вечарам; ён таксама не сумняваўся, што коннік зноў праедзе тут.
Зеб паспяшаўся да сваёй старой кабылы, хутка асядлаў яе і адвёў у такое месца зараснікаў, адкуль можна было назіраць, застаючыся незаўважаным.
Схаваўшыся, стары паляўнічы пачаў чакаць набліжэння конніка на сівым кані – ён ведаў, што гэта Касій Калхаўн.
I ён працягваў стаяць да той пары, пакуль той не перасек паласу лясных зараснікаў і не знік у прэрыі, ахутанай туманным ранішнім святлом.
Толькі тады Зеб Стумп ускараскаўся ў сядло і, укалоўшы кабылу нажом, які замяняў яму шпору, паскакаў уперад.
Ён ехаў за Касіем Калхаўнам, не імкнучыся трымаць яго ў поле свайго зроку.
Навошта? Росная трава была для старога следапыта чыстым лістом, а сляды сівога мустанга – шрыфтам, гэткім жа выразным, як радкі надрукаванай кнігі.
I ён лёгка чытаў гэтыя радкі, калі яго конь бег рыссю і нават галопам.
Касій Калхаўн выехаў з варотаў Каса-дэль-Корва ў прэрыю, не падазраючы, што яго бачыў хто-небудзь, акрамя Плутона, які асядлаў яму сівога мустанга.
Ён нічога не западозрыў і праязджаючы міма месца, дзе пратаіўся ў зарасніках Зеб Стумп. Капітан меркаваў, што ў такім цьмяным святле яго ніхто не заўважыць.
Выбраўшыся з зараснікаў, Калхаўн накіраваўся да берагоў Нуэсес, яго конь бег быстрай рыссю, часам пераходзячы на галоп.
На працягу першых васьмі міль ён мала цікавіўся тым, што робіцца навокал. Здавалася, яго задавольваў выпадковы позірк, кінуты ўдалячынь, – і толькі ўперад. Ён не глядзеў ні ўправа, ні ўлева; і толькі адзін раз азірнуўся назад – ужо пасля таго, як ад’ехаў на некаторую адлегласць ад ускрайку зараснікаў.
Ён яшчэ не бачыў таго, што ўвесь час запаўняла яго думкі.
Што гэта, ведаў толькі ён і яшчэ адзін чалавек – Зеб Стумп.
Калхаўну і ў галаву не прыходзіла, што хтосьці здагадваўся аб мэце яго ранняй паездкі.