– Я павінен сёе-тое дадаць, – умешваецца Калхаўн, парушаючы заведзены парадак, – яны пасварыліся пасля. Я чуў іх, стоячы на асатэі.
– Містэр Калхаўн, – строга спыняе яго суддзя, – калі пракурор палічыць патрэбным, ён зноў выкліча вас, а пакуль будзьце ласкавы не перашкаджаць.
Яшчэ некалькі дадатковых пытанняў – і суддзя адпускае Луізу Пойндэкстэр.
Яна вяртаецца да сваёй карэты; вялікі цяжар ляжыць на яе сэрцы. Дзяўчына зразумела, што, расказаўшы праўду, яна толькі пашкодзіла таму, каму хацела дапамагчы; праходзячы скрозь натоўп, яна адчувае на сабе пагардлівыя позіркі.
Паклоннікі зняважаны яе выбарам; ханжы шакіраваны шчырым прызваннем аб спатканні ў садзе, не абышлося і без зайздрасці да «шчасліўчыка», якога яна так смела абараняла.
Калхаўна выклікаюць яшчэ раз, новымі лжывымі паказаннямі ён яшчэ больш распальвае нянавісць да абвінавачанага. Усе яго паказанні – хлусня, але выглядаюць яны праўдападобна.
Зноў выбух абурэння. Зноў чуецца крык: «Павесіць!» – яшчэ настойлівей, з яшчэ большай злосцю.
Цяпер, аднак, крыкі суправаджаюцца дзеяннем. Мужчыны здымаюць курткі, падкідваюць у паветра капелюшы.
Жанчыны ў фургонах і нават тыя, што сядзяць у карэтах, падзяляюць лютую злосць супраць абвінавачанага – усе, за выключэннем адной, схаванай фіранкамі карэты.
Яна таксама злуецца, але па іншай прычыне. I калі яна дрыжыць зараз, то не ад страху, а ад горкай думкі, што сама ж садзейнічала гэтаму абурэнню натоўпу. У гэтыя цяжкія хвіліны Луіза ўспамінае словы Калхаўна, што яе ўласныя паказанні дакажуць, што Морыс Джэральд – забойца.
Шум усё нарастае. I там і сям чуюцца выкрыкі – новыя абвінавачванні ў адрас мустангера; іх мэта – распаліць страсці натоўпу; шум пераходзіць у роў.
Становішча суддзі Робертса аказваецца хісткім. Беззаконнасць Лінча ў любую хвіліну можа завяць яго месца.
I тады? Тады з судовым разборам будзе пакончана; а паколькі прысуд ужо ясны, то застанецца толькі прывесці яго ў выкананне. У руках вопытных катаў гэта зойме няшмат часу. Некалькі хвілін – і Морыса-мустангера павесяць на галіне дуба, якая распасціраецца над яго галавой.
Так думаюць амаль усе прысутныя ў чаканні сігнала да пачатку самасуду.
Але, на шчасце для абвінавачанага, сярод тых, хто сабраўся, ёсць людзі, настроеныя інакш.
Група ваенных ажыўлена раіцца. Гэта афіцэры форта на чале з камандзірам. Праз некалькі хвілін яны выносяць сваё рашэнне. Па распараджэнню маёра трубіць ражок.
I амаль у той жа момант эскадрон з сарака драгунаў і такой жа колькасці конных стралкоў паказваецца з-за частаколу. Моўчкі, нібы дзейнічаючы інстынктыўна, яны выцягваюцца гужам і з трох бакоў ланцугом акружаюць членаў суда.
Натоўп заціхае, ашаломлены нечаканасцю. Натоўп не толькі змоўк – ён стаў пакорным: усе добра разумеюць значэнне засцярогі, загадзя прынятай маёрам.
Ясна, што пра суд Лінча цяпер няма чаго і думаць і што закон зноў уваходзіць у свае правы.
Цяпер ужо ніхто не перашкаджае суддзі Робертсу зноў вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў, ад якіх яго так груба адарвалі.
– Грамадзяне! – з папрокам крычыць ён натоўпу. – Неабходна падпарадкоўвацца патрабаванням закона. Тэхас не ўяўляе выключэння ў параўнанні з іншымі штатамі. Ці трэба мне гаварыць аб гэтым? Дык няўжо ж вы будзеце вешаць чалавека, нават не даўшы яму сказаць ні аднаго слова ў сваё апраўданне! Гэта было б незаконна, несправядліва, гэта, проста кажучы, забойства!
– А хіба ён не учыніў забойства? – крычыць адзін з галаварэзаў, што стаяць паблізу Калхаўна. – Трэба яму адплаціць тым жа, што ён зрабіў з маладым Пойндэкстэрам.
– Гэта не даказана. Вы яшчэ не чулі ўсіх паказанняў. Трэба паслухаць, што скажуць сведкі другога боку… Вяшчальнік! – працягвае ён. – Выклічце сведкаў абароны.
Вяшчальнік выклікае Фяліма О’Ніла.
Блытаны аповед слугі мустангера, поўны супярэчнасцей, часам зусім непраўдападобны, мала гаворыць на карысць яго гаспадара.
Адвакат з Сан-Антоніо стараецца скараціць яго допыт – ён ускладае больш надзей на другога сведку.
Яго выклікаюць наступным:
– Зебулон Стумп!
He адгучаў яшчэ голас вяшчальніка, як з натоўпу з’яўляецца вялізная фігура – усе пазнаюць Зеба Стумпа, лепшага ва Ляоне паляўнічага.
Зрабіўшы тры-чатыры крокі ўперад, Зеб займае месца, адведзенае для сведкаў.
Яму, згодна з заведзеным парадкам, даюць Біблію і прапануюць яе пацалаваць пасля таго, як ён скажа словы прысягі.
Зеб цмокае кнігу так гучна, што яго пацалунак чуюць нават тыя, хто стаіць ля знешняга кола натоўпу.
Нягледзячы на ўрачыстасць моманту, чуюцца смяшкі. Суддзя хутка ўстанаўляе цішыню, чаму, магчыма, садзейнічае сам Зеб, які ўважліва ўглядаецца ў твары гледачоў: ці не відаць на чыіх-небудзь губах насмешкі. Характар старога паляўнічага добра вядомы, і ўсе ведаюць, што Зеб не дазволіць смяяцца з сябе. Пад яго дапытлівым позіркам натоўп зноў становіцца сур’ёзным.
Пасля некалькіх папярэдніх пытанняў сведку прапануюць даць паказанні наконт дзіўных акалічнасцей, якія ўсхвалявалі ўсю акругу.
Гледачы, затаіўшы дыханне, абярнуліся ў слых. Амаль усе ўпэўнены, што Зеб Стумп ведае разгадку тайны.