– Ну што ж, спадар суддзя, – пачынае стары паляўнічы, гледзячы яму прама ў твар, – я гатовы расказаць усё, што ведаю пра гэту справу. Але калі вы і прысяжныя не пярэчыце, то я хацеў бы, каб спачатку даў свае тлумачэнні хлопец. Пасля гэтага я дам свае, і гэта, магчыма, будзе пацверджаннем яго слоў.
– Пра якога хлопца вы кажаце? – пытае суддзя.
– Пра мустангера, канешне. Пра таго самага, каго вы абвінавачваеце ў забойстве маладога Пойндэкстэра.
– Гэта некалькі парушыць заведзены парадак, – адказвае суддзя, – хаця, у рэшце рэшт, асноўнае для вас – уведаць праўду. Што тычыцца мяне, то я не вадаю значэння фармальнаму боку справы, і калі прысяжныя не пярэчаць, то хай будзе па-вашаму.
Дванаццаць прысяжных выказваюць згоду праз свайго старшыню. Насельніцтва памежнай паласы Тэхаса не надае асаблівага значэння фармальнасцям: просьба Зеба задаволена.
Параіўшыся з абаронцам, абвінавачаны пагаджаецца выкарыстаць слова, якое яму даюць.
Па знаку суддзі ён выходзіць уперад, варта ідзе за ім на адлегласці двух крокаў.
Ці трэба казаць, што ўсталёўваецца доўгае маўчанне? Усе глядзяць на мустангера не адрываючы вачэй і затаіўшы дыханне напружваюць слых, каб улавіць першыя словы паказанняў, якія можна назваць споведдзю.
– Спадар суддзя, спадары прысяжныя! – гаворыць Джэральд. – Я надзвычай удзячны, што вы далі мне магчымасць гаварыць; выкарыстаўшы гэта права, я не стану злоўжываць вашай увагай. Перш за ўсё я павінен сказаць, што, нягледзячы на шэраг памянёных тут акалічнасцей, якія здаюцца вам дзіўнымі і нават невытлумачальнымі, мой аповед будзе вельмі просты і дапаможа сёе-тое зразумець. Не ўсё, што вы тут чулі,– праўда. Частка паказанняў ілжывыя, як ілжывы і чалавек, які іх даваў.
Абвінавачаны ўважліва глядзіць на Касія Калхаўна; той увесь скурчыўся ад гэтага позірку, як быццам на яго навялі дула рэвальвера.
– Я сапраўды сустрэўся з міс Пойндэкстэр. Гэта высакародная Дзяўчына сваім велікадушным прызнаннем дала і мне магчымасць гаварыць тут зусім шчыра, інакш я не сказаў бы ўсёй праўды. Прашу вас верыць усяму, што я буду гаварыць. Правільна таксама і тое, што ваша спатканне было тайным і што яно было перарвана чалавекам, які ўжо не можа расказаць вам, што адбылося далей. Правільна і тое, што мы з ім пасварыліся, ці, дакладней, ён раззлаваўся на мяне. Але непраўдзіва тое, што ваша сварка потым узнавілася. I той, хто кляўся ў гэтым, не асмеліўся б гэтага сказаць, калі б я меў магчымасць адказаць яму так, як ён гэтага заслугоўвае.
Зноў вочы абвінавачанага ўтаропліваюцца на Калхаўна, які ўсё яшчэ хаваецца ў натоўпе.
– Наадварот, – працягвае Джэральд, – калі мы зноў сустрэліся з Генры Пойндэкстэрам, ён папрасіў прабачэння ў мяне; у мяне ж да яго былі самыя сяброўскія… я б сказаў – пяшчотныя пачуцці. Яго нельга было не любіць. Ці дараваў я яму тыя некалькі слоў, якія вырваліся ў яго ў запале? Мне здаецца, што наўрад ці тут могуць быць сумненні,– я быў ад усёй душы ўдзячны яму за гэта прымірэнне…
– Значыць, было прымірэнне? – пытае суддзя, выкарыстаўшы паўзу ў расказе. – Дзе яно адбылося?
– Ярдаў за чатырыста ад месца, дзе было ўчынена забойства.
Суддзя ўскаквае. Ускакваюць і прысяжныя. Гледачы, якія стаялі і раней, выказваюць сваё здзіўленне па-іншаму; ніхто яшчэ не ўпамінаў пра месца злачынства і нават пра тое, што само злачынства было ўчынена.
– Вы маеце на ўвазе тое месца, дзе была лужа крыві? – з неўразуменнем пытае суддзя.
– Я маю на ўвазе тое месца, дзе быў забіты Генры Пойндэкстэр.
Гэтыя словы выклікаюць новую хвалю здзіўлення сярод гледачоў – чуецца перашэптванне і нягучныя воклічы. Мацней за іншыя чуецца стогн. Ён вырываецца з грудзей Вудлі Пойндэкстэра, які болей не можа сумнявацца ў тым, што ў яго няма сына. Да гэтага ў сэрцы бацькі ўсё яшчэ тлела надзея, што Генры, можа, яшчэ жывы, што ён проста захварэў або трапіў у палон да індзейцаў. Да гэтай хвіліны яшчэ не было яўных доказаў смерці яго сына, былі толькі ўскосныя і не вельмі пераканаўчыя довады. Але цяпер словы самога абвінавачанага знішчаюць гэту надзею.
– Значыць, вы ўпэўнены, што Генры Пойндэкстэр мёртвы? – пытае пракурор.
– Цалкам упэўнены, – адказвае абвінавачаны. – Калі б вы бачылі тое, што бачыў я, вы зразумелі б, наколькі дарэмнае ваша пытанне.
– Значыць, вы бачылі труп?
– Я павінен запярэчыць супраць такога вядзення допыту, – умешваецца абаронца. – Гэта прамое парушэнне працэсуальных нормаў.
– У вас гэтага не дапусцілі б, – дадае ірландскі юрыст. – У вас пракурору не дазволілі б гаварыць да той пары, пакуль не надыдзе час для перакрыжаванага допыту.
– Такія ж законы і вашай краіны, – гаворыць суддзя, строга гледзячы на парушальніка. – Абвінавачаны, вы можаце працягваць расказ. Пакуль вы не скончыце, пытанні вам мае права задаваць толькі ваш абаронца. Працягвайце. Гаварыце ўсё, што лічыце патрэбным.