– Я гаварыў аб прымірэнні,– працягвае абвінавачаны, – і сказаў вам, дзе яно адбылося. Я павінен цяпер растлумачыць, чаму яно адбылося іменна там. Вы ўжо ведаеце, як мы рассталіся – міс Пойндэкстэр, яе брат і я. Пакінуўшы іх, я кінуўся ўплаў цераз раку, часткова таму, што быў вельмі ўсхваляваны, каб задумвацца над тым, як мне пераправіцца, часткова таму, што яе хацеў, каб стала вядома, як я трапіў у сад. У мяне былі для гэтага свае прычыны. Я пайшоў уверх па рацэ – к пасёлку. Ноч была вельмі цёплай, гэта, напэўна, многія з вас памятаюць, і, пакуль я дайшоў да гасцініцы, маё адзенне амаль зусім высахла. Бар быў яшчэ адкрыты, і гаспадар стаяў за стойкай. Прытулак гэты не быў для мяне асабліва гасцінным, і я вырашыў зараз жа выехаць на Аламо, каб выкарыстаць начную прахалоду. Я ўжо адаслаў свайго слугу раней, сам жа меркаваў адправіцца наступным ранкам; але тое, што адбылося ў Каса-дэль-Корва, прымусіла мяне паспяшацца з ад’ездам, наколькі гэта магчыма. Расплаціўшыся з містэрам Абердоферам, я паехаў…
– Адкуль вы ўзялі грошы, якімі расплаціліся? – пытае пракурор.
– Я пратэстую! – перабівае яго абаронца.
– Вось дык парадкі! – усклікае ірландскі юрыст, гнеўна гледзячы на пракурора. – Калі б гэта адбывалася ў нашым судзе, з вамі, бадай, пагаварылі б інакш.
– Цішэй, джэнтльмены! – гаворыць суддзя ўладным тонам. – Хай абвінавачаны працягвае.
– Я ехаў павольна. Спяшацца мне не было чаго. Спаць мне не хацелася, і было ўсё роўна, дзе правесці ноч – у прэрыі або пад дахам свайго хакале. Я ведаў, што да світання дабяруся да Алано, і гэта мяне задавольвала. Паглынуты сваімі думкамі, я не азіраўся назад – па праўдзе кажучы, я і не думаў, што хто-небудзь едзе за мной, – пакуль не праехаў каля паўмілі па лесе і не дасягнуў дарогі на Рыо-Грандэ. Тады я пачуў тупат капытоў, што даносіўся ззаду. Я толькі што праехаў паварот прасекі, і ўбачыць конніка мне не ўдалося. Але я чуў, што ён набліжаецца рыссю. Я падумаў, што ў чалавека, які мяне даганяў, могуць быць варожыя намеры, хаця гэта не асабліва мяне непакоіла. Больш па звычцы, выпрацаванай жыццём у прэрыі, па суседству з індзейцамі, я схаваўся ў гушчары і стаў чакаць, пакуль незнаёмы коннік не пад’едзе бліжэй. Хутка ён з’явіўся. Можаце ўявіць маё здзіўленне, калі замест незнаёмца я ўбачыў чалавека, з якім мы толькі нядаўна пасварыліся! Калі я кажу пра сварку, я маю на ўвазе не сябе, а яго. Я не ведаю, у якім настроі ён быў. Магчыма, тады яго стрымала толькі прысутнасць сястры, а цяпер ён патрэбуе ад мяне задавальнення за ўяўную крыўду? Спадары прысяжныя, я не буду ўтойваць, што падумаў іменна гэта. Я вырашыў, што не ставу хавацца, бо сумленне маё было чыстае. Праўда, я бачыўся з яго сястрой тайна, але ў гэтым былі вінаваты іншыя, а не я і не яна. Я кахаў яе ўсім сэрцам, самым чыстым і пяшчотным каханнем, як і зараз кахаю…
Хаця карэта Луізы Пойндэкстэр стаіць за колам гледачоў, Дзяўчына чуе кожнае слова мустангера, а фіранкі зашморгнуты няшчыльна, і яна бачыць яго твар. Нягледзячы на смутак, які сціскае яе сэрца, твар дзяўчыны азараецца радасцю, калі яна чуе шчырыя прызванні мустангера. Гэта – водгук яе пачуцця. На бледным твары ўспыхвае яркі румянец, але гэта румянец не сораму, а гордага трыумфу.
Яна не спрабуе таіць гэта. Наадварот, гледзячы на яе, можна падумаць, што яна вось-вось выскачыць з карэты, кінецца да чалавека, якога судзяць за забойства яе брата, і з пагардай кіне выклік самым бязлітасным абвінаваўцам.
Цень смутку зноў азмрочвае яе твар, але смутак гэты выкліканы не рэўнасцю – Луіза надта добра памятае словы, падслуханыя ля пасцелі хворага. Ці можна ў іх сумнявацца? Ён паўтарыў іх цяпер, калі яго розум не зацямнёны, калі яму пагражае смерць, верад тварам якой не лгуць.
Апошнія словы мустангера, якія выклікалі такую радасць у Луізы Пойндэкстэр, на большасць слухачоў зрабілі зусім іншае ўражанне.
Гэта адна са слабасцей чалавечай ватуры: мы адчуваем прыкрасць, калі сутыкаемся з чужым каханнем, асабліва калі гэта ўсепаглынальная страсць.
Вытлумачыць гэта няцяжка: мы ведаем, што закаханыя зусім не цікавяцца намі. Гэта старая гісторыя пра самалюбства, абражанае абыякавасцю.
Нават тыя, хто раўнадушны да чараў цудоўнай крэолкі, не могуць пераадолець у сабе зайздрасць; тыя ж, хто закаханы ў яе не на жарт, зняважаны да глыбіні душы яго прызнаннем.
Калі ў абвінавачанага няма іншых доказаў яго невінаватасці, яму лепш было б прамаўчаць. Пакуль што сваімі паказаннямі ён толькі падліў масла ў агонь і нажыў сабе новых нядобразычліўцаў.
Зноў гул у натоўпе. I зноў шумяць саўдзельнікі Калхаўна.
Зноў здаецца, што раз’юшаны натоўп учыніць самасуд над Морысам Джэральдам, што яго павесяць, не выслухаўшы да канца.
Але гэта толькі здаецца. Маёр кідае шматзначны позірк у бок свайго атрада. Суддзя ўладна патрабуе:
– Цішыня!
Абвінавачаны зноў атрымлівае магчымасць гаварыць.
Ён працягвае свой расказ: