– Стойце! – закрычаў маёр, не адважваючыся павярнуцца спінай да дуэлянтаў.– Так не гадзіцца. Вы можаце спусціць куркі на секунду раней, чым трэба. Мы павінны выйсці, перш чым вы пачняце… Акрамя таго, джэнтльмены, – працягваў ён, звяртаючыся да тых, хто прысутнічаў у пакоі,– трэба ж, каб выконваліся правілы дуэлі. Калі яны збіраюцца біцца, хай і той і другі бок будуць у аднолькавых умовах. Абодва павінны быць перш за ўсё аднолькава ўзброены, і трэба, каб яны пачалі па-чэснаму.
– Канешне! Ваша праўда! – адгукнулася чалавек дзесяць прысутных.
Усе глядзелі на дуэлянтаў і чакалі, як яны да гэтага паставяцца.
– Спадзяюся, ні адзін з вас не пярэчыць? – працягваў маёр запытальна.
– Я не магу пярэчыць справядлівым патрабаванням, – адказаў ірландзец.
– Я буду біцца той зброяй, якую трымаю ў руцэ! – злосна сказаў Калхаўн.
– Згодзен. Гэта зброя і мне падыходзіць, – пачуўся голае праціўніка.
– Я бачу ў вас абодвух шасцізарадныя рэвальверы Кольта нумар два, – сказаў маёр. – Пакуль што ўсё ў парадку. Вы ўзброены аднолькава.
– Ці няма ў іх яшчэ якой-небудзь зброі? – спытаў малады Генкок, падазраючы, што ў Калхаўна пад крысом сурдута схаваны нож.
– У мяне больш нічога няма, – адказаў мустангер са шчырасцю, якая не пакідала сумненняў у праўдзівасці яго слоў.
Усе паглядзелі на Калхаўна, які марудзіў з адказам. Ён зразумеў, што павінен прызнацца.
– Канешне, – сказаў ён, – у мяне ёсць яшчэ нож. Спадзяюся, вы яе збіраецеся яго адбіраць? Мне здаецца, што кожны мае права карыстацца зброяй, якая ў яго маецца.
– Але ж, капітан Калхаўн, – працягваў Генкок, – у вашага праціўніка няма нажа. Калі вы не баіцеся біцца з ім на аднолькавых умовах, то павінны адмовіцца ад вашага нажа.
– Так, канешне! – закрычала некалькі галасоў.– Ён павінен, канешне!
– Ану, давайце яго сюды, капітан Калхаўн, – настойваў маёр. – Шэсць зарадаў павінны задаволіць разумнага чалавека, і не будзе патрэбы звяртацца да халоднай зброі. Бо перш чым вы закончыце страляць, адзін з вас…
– К чорту! – крыкнуў Калхаўн, расшпільваючы сурдут. Дастаўшы нож, ён шпурнуў яго ў процілеглы куток бара і задзірлівым голасам сказаў: – Для гэтай расфуфыранай птушкі ён мне не патрэбны – я пакончу з ім першым жа стрэлам!
– Хопіць яшчэ часу пагаварыць, пасля таго як вы дакажаце гэта на справе. I не думайце, што вашы словы напужалі мяне… Хутчэй, джэнтльмены! Я павінен пакласці канец гэтаму выхвалянню і зласлоўю!
– Сабака! – люта прашыпеў «высакародны жыхар Поўдня». – Пракляты ірландскі сабака! Я адпраўлю цябе выць у тваю будку! Я…
– Пасаромейцеся, капітан Калхаўн! – перарваў яго маёр пры агульным абурэнні.– Гэта лішнія размовы. Так весці сябе ў прыстойнай кампаніі нельга. Пацярпіце хвіліну і тады гаварыце, што хочаце… Цяпер, джэнтльмены, яшчэ адно, – сказаў ён, звяртаючыся да прысутных, – трэба ўзяць з іх абяцанне, што яны не пачнуць страляць да той пары, пакуль мы ўсе не выйдзем адсюль.
Адразу ўзніклі цяжкасці. Як пачаць дуэль? Простага абяцання пры такім накале пачуццяў было мала. Прынамсі, адзін з сапернікаў наўрад ці стане чакаць дазволу спусціць курок.
– Пачынаць трэба па сігналу, – працягваў маёр. – I ні адзін не павінен страляць раней. Ці можа хто-небудзь прапанаваць, які даць сігнал?
– Мне здаецца, што я магу, – сказаў разважлівы капітан Слоўмен, выступаючы ўперад. – Няхай містэр Калхаўн і містэр Джэральд выйдуць разам з намі. Калі вы заўважылі, на процілеглых канцах гэтага бара ёсць дзверы з кожнага боку. Абое зусім аднолькава размешчаны. Няхай яны потым зноў увойдуць: адзін у адны дзверы, а другі – у другія, і пачнуць страляць толькі тады, калі пераступяць парог.
– Цудоўна! Якраз тое, што трэба, – пачуліся галасы.
– А што павінна паслужыць сігналам? – паўтарыў сваё пытанне маёр. – Стрэл?
– He, звон гасцініцы.
– Лепш нельга і прыдумаць, цудоўна! – сказаў маёр, накіроўваючыся да адных з дзвярэй, якія выходзяць на плошчу.
– Майн гот, маёр! – закрычаў гаспадар бара, выбягаючы з-за сваёй стойкі, дзе да гэтага ён стаяў зусім здранцвелы ад страху. – Майн гот! Няўжо ж яны будуць страляць у маім бары? Ах! Яны разаб’юць усе мае бутэлькі, і мае прыгожыя люстры, і мой хрустальны гадзіннік, які каштаваў сто… дзвесце долараў! Разальюць мае лепшыя віны… Ах, маёр! Гэта разарыць мяне. Што ж мне рабіць? Майн гот! Гэта ж…
– He хвалюйцеся, Абердофер, – сказаў маёр, спыняючыся. – Я не сумняваюся, што ўсе вашы страты будуць пакрыты. Але, ва ўсякім выпадку, вы самі павінны куды-небудзь схавацца. Калі вы застанецеся ў вашым бары, у вас напэўна ўсадзяць кулю, а гэта, бадай, будзе горш, чым тое, што разаб’юцца вашы бутэлькі.
З гэтымі словамі маёр пакінуў разгубленага гаспадара гасцініцы і паспяшаўся на вуліцу, дзе ўжо сустрэў сапернікаў, якія толькі што выйшлі ў розныя дзверы.
Абердофер нядоўга стаяў пасярод свайго бара. He паспелі вонкавыя дзверы зачыніцца за маёрам, як унутраныя зачыніліся за гаспадаром гасцініцы. I бар, што ззяў лямпамі, бутэлькамі і дарагімі люстрамі, агарнуўся глыбокай цішынёй, у якой чулася толькі раўнамернае ціканне гадзінніка пад хрустальным каўпаком.