Пасля таго як маёр выйшаў з таверны, ён не стаў больш прымаць удзелу ў гэтым здарэнні.
Каменданту форта не належала заахвочваць дуэлі, хаця б нават назіраючы, каб не парушаліся яе правілы. Гэтым заняліся маладыя афіцэры, якія зараз жа прыступілі да справы.
Часу для гэтага патрабавалася нямнога. Умовы былі ўжо агавораны. Заставалася толькі даручыць каму-небудзь з прысутных стукнуць у звон, што з’явілася б сігналам да пачатку дуэлі.
Гэта было няцяжка, паколькі не мела значэння, хто пазвоніць. Нават дзіця магло б даць сігнал да пачатку гэтай жудаснай схваткі.
Калі б пабочны назіральнік выпадкова апынуўся ў гэты момант на плошчы перад гасцініцай – тавернай «На прывале”, ён быў бы вельмі азадачаны тым, што там адбывалася. Ноч была даволі цёмная, але ўсё ж можна было распазнаць натоўп людзей непадалёку ад таверны. Большасць з іх насілі ваенную форму: тут былі не толькі афіцэры, якія выйшлі з бара, але і іншыя, а таксама вольныя ад нясення службы салдаты, якія пачулі, што на плошчы нешта адбываецца. Жанчыны – жонкі салдат, прачкі і некалькі бойкіх сеньярыт сумніўнай рэпутацыі, наспех апрануўшыся, выбеглі на вуліцу і распытвалі тых, хто апярэдзіў іх, аб прычынах шуму.
Размаўлялі шэптам. Было вядома, што на плошчы прысутнічаюць маёр і іншыя прадстаўнікі ўлады – гэта стрымлівала гледачоў.
Натоўп сабраўся не ля самой таверны, а на адкрытым месцы, ярдах у дванаццаці ад яе. Усе не адрываючыся глядзелі, захопленыя хвалюючым відовішчам. Яны сачылі за двума мужчынамі, якія стаялі паводдаль адзін ад аднаго, у процілеглых канцах рубленага будынка, у якім знаходзіўся бар.
Нягледзячы на тое, што гэтыя два чалавекі былі раздзелены тоўстымі рубленымі сценамі і не бачылі адзін аднаго, іх рухі былі аднолькавыя. Кожны стаяў ля дзвярэй, праз якія вырывалася яркае святло, што падала шырокімі палосамі на буйны гравій плошчы. Яны стаялі не прама супраць увахода, а крыху збоку, адступіўшы ад святла. Абодва злёгку прыгнуліся, нібы бегуны перад стартам, гатовыя рынуцца ўперад. Абодва засяроджана глядзелі ў дзверы бара, адкуль даносілася толькі ціканне гадзінніка. Па іх позах можна было здагадацца, што яны гатовы ўвайсці туды і чакаюць толькі ўмоўленага сігналу.
У адзенні гэтых двух людзей не было нічога лішняга, нічога, што замінала б іх рухам, – яны былі без капелюшоў, у адных кашулях; іх твары і позы гаварылі аб непарушнай рашучасці.
Адгадаць іх намеры было няцяжка. Пабочны назіральнік, які выпадкова аказаўся б на плошчы перад гасцініцай, з першага погляду мог бы зразумець, што гаворка ідзе аб жыцці і смерці. Паднятыя рэвальверы ў руках, напружанасць поз, цішыня, што панавала ў натоўпе цікаўных, і, нарэшце, засяроджанасць, з якою ўсе глядзелі на гэтых двух людзей, ясней за ўсякія словы гаварылі, што тут адбываецца нешта жахлівае. Карацей кажучы: гэта была схватка, зыходам якой магла быць смерць.
Наступіў рашаючы момант. Дуэлянты напружана глядзелі на дзверы, у якія яны павінны былі ўвайсці і, магчыма, ніколі не вярнуцца. Яны чакалі толькі сігналу, каб пераступіць парог і пачаць паядынак, які стане пагібельным для аднаго з іх, а можа, і для абодвух.
Ці чакалі яны фатальных слоў: «Раз, два, тры – страляй!»?
He. Быў назначаны іншы сігнал, і ён прагучаў. Чыйсьці гучны голас крыкнуў:
– Звані!
Ля слупа, на якім вісеў звон, можна было распазнаць тры ці чатыры цьмяныя фігуры. Пасля загаду яны заварушыліся. Разам з рухам іх рук, ледзь прыметным у цемнаце, пачуўся гучны ўдар звана. Гэты гук, які звычайна абвяшчаў радасць, ззываў народ для ўдзелу ў вясельных урачыстасцях, цяпер быў сігналам да пачатку смяротнага бою.
Звон цягнуўся нядоўга. Пасля першага ж удару людзі, якія тузалі вяроўку, убачылі, што ў іх паслугах няма больш неабходнасці. Праціўнікі кінуліся ў таверну, пачуўся сухі трэск рэвальверных стрэлаў, брынканне разбітага шкла, і тыя, хто званіў, зразумелі, што яны ўтвараюць толькі лішні шум. Кінуўшы вяроўку, яны, як і ўсе астатнія гледачы, пачалі прыслухоўвацца.
Ніхто, акрамя саміх удзельнікаў, не бачыў, як праходзіла гэта дзіўная дуэль.
Пры першым жа ўдары звана праціўнікі ўвайшлі ў бар. Hі адзін з іх не затрымаўся звонку. Зрабіць так азначала б паказаць сябе баязліўцам. Сотня вачэй сачыла за імі, і гледачы ведалі ўмовы дуэлі: ні той ні другі не павінны страляць, перш чым пераступяць парог.
Як толькі яны ўвайшлі, адразу ж пачуліся першыя стрэлы. Пакой напоўніўся дымам. Абодва засталіся на нагах, хаця абодва былі паранены. На белы пясок падлогі пырснула кроў.
Другія стрэлы таксама адбыліся адначасова, але яны былі зроблены ўжо наўгад, бо дуэлянтам замінаў дым.
Затым пачуўся адзін стрэл, адразу за ім другі, потым настала цішыня.
Перад гэтым было чуваць, як ворагі рухаліся па пакоі. Цяпер гэтага гуку больш не было.
Настала глыбокая цішыня. Ці забілі яны адзін аднаго? He. Зноў пачуты двайны стрэл абвясціў, што абодва жывыя. Паўза тлумачылася тым, што праціўнікі спрабавалі знайсці адзін аднаго і напружана ўглядаліся скрозь заслону дыму. Абодва маўчалі і не варушыліся, каб не выдаць, дзе кожны з іх знаходзіцца.