Зноў настала цішыня, на гэты раз больш працяглая. Яна абарвалася двайным стрэлам, за якім пачуўся шум падзення двух цяжкіх целаў.

Затым данеслася цялёпканне, стук перакуленых крэслаў і яшчэ адзін стрэл – адзінаццаты. Ён быў апошнім.

Натоўп цікаўных бачыў толькі воблакі парахавога дыму, што выплывалі з дзвярэй, цьмянае мігценне лямпаў і час ад часу ўспышку святла, якая суправаджалася трэскам, – і ўсё.

Чулі яны намнога больш: звон ушчэнт разбітага шкла, грукат мэблі, перакуленай у жорсткай барацьбе, тупат ног па драўлянай падлозе і час ад часу сухі трэск рэвальвернага стрэлу. Але галасоў тых, чыя ўзаемная нянавісць прывяла да гэтай схваткі, не было чуваць.

Ніхто з тых, якія стаялі звонку, не ведаў, што адбывалася ўнутры бара, толькі па гуку стрэлаў можна было меркаваць, як праходзіць дуэль. Яны налічылі адзінаццаць. Затаіўшы дыханне, усе чакалі дванаццатага.

Але замест стрэлу пачуўся голас мустангера:

– Мой рэвальвер ля вашай скроні! У мяне засталася яшчэ адна куля. Прасіце прабачэння, ці вы памраце.

Натоўп зразумеў, што дуэль набліжаецца да канца. Некаторыя смельчакі зазірнулі ўнутр. Яны ўбачылі праціўнікаў, распасцёртых на дашчанай падлозе. Абодва былі ў крыві, абодва цяжка параненыя; белы пясок вакол іх пачырванеў ад крыві; на ім відны былі звілістыя сляды там, дзе яны падпаўзалі адзін да аднаго, каб стрэліць у апошні раз; адзін, у вельветавых штанах, апаясаны чырвовым шалікам, злёгку прыпадняўшыся над другім і прыставіўшы рэвальвер да яго скроні, пагражаў яму смерцю.

Такой была карціна, якую ўбачылі гледачы, калі скразняк рассеяў парахавы дым і дазволіў ім распазнаць, што робіцца ўнутры бара.

Тут жа пачуўся і другі голас, голас Калхаўна. У яго тоне ўжо не было ганарыстасці. Гэта быў проста жаласны шэпт:

– Досыць… Апусціце рэвальвер… Прабачце…

<p>22. Загадкавы падарунак</p>

Дуэль для Тэхаса не дзіва. Праз тры дні пра яе ўжо перастаюць гаварыць, а праз тыдзень ніхто нават і не ўпамінае пра здарэнне, за выключэннем, канешне, удзельнікаў і іх блізкіх.

Так бывае нават у тым выпадку, калі на дуэлі б’юцца людзі паважаныя, якія займаюць віднае месца ў грамадстве. Калі ж дуэлянты – невядомыя беднякі ці прыезджыя, аднаго дня бывае дастаткова, каб аддаць забыццю іх схватку. яны застаюцца жыць толькі ў памяці праціўнікаў – часцей аднаго, уцалелага, і яшчэ, бадай, у памяці няўдалага гледача, які атрымаў шалёную кулю ці ўдар нажа, што прызначаўся не яму.

He раз мне даводзілася быць сведкам вулічных схватак, якія разыгрываліся прама на маставой, дзе ні ў чым не вінаватыя гараджане, што бесклапотна прагульваліся, бывалі паранены ці нават забіты ў выніку гэтых своеасаблівых дуэлей.

Я ніколі не чуў, каб віноўнікі былі пакараны ці пакрывалі матэрыяльныя страты, – на гэтыя здарэнні глядзяць звычайна як на «няшчасныя выпадкі». Нягледзячы на тое, што Касій Калхаўн, як і Морыс Джэральд, параўнаўча нядаўна паявіліся ў пасёлку, прычым Морыс толькі час ад часу прыязджаў у форт, іх дуэль выклікала незвычайную цікавасць, і пра яе гаварылі на працягу цэлых дзевяці дзён. Непрыемны, фанабэрысты нораў капітана і таямнічасць, якая акружала мустангера, напэўна, былі прычынай таго, што гэта дуэль завяла асаблівае месца: пра гэтых двух людзей, пра іх добрыя якасці і недахопы, гаварылі многа дзён пасля іх сваркі, і найгарачэй там, дзе пралілася іх кроў,– у бары таверны.

Пераможца заваяваў усеагульную павагу і набыў новых сяброў; на баку яго праціўніка былі толькі нямногія. Большасць засталіся задаволены зыходам дуэлі: нягледзячы на тое, што Калхаўн толькі нядаўна пераехаў у гэтыя мясціны, сваёй дзёрзкай нахабнасцю ён паспеў настроіць супраць сябе не аднаго заўсёдніка бара.

Усе лічылі, што малады ірландзец як след яго правучыў, і гаварылі пра гэта з адабрэннем.

Як пераносіў сваё паражэнне Касій Калхаўн, ніхто не ведаў; яго больш не бачылі ў гасцініцы «На прывале», але прычына яго адсутнасці была зразумелая: цяжкія, амаль смяротныя раны надоўга прыкавалі яго да ложка.

Нягледзячы на тое, што раны Морыса не былі такімі цяжкімі, як у яго праціўніка, ён таксама быў прыкаваны да ложка. Яму прыйшлося застацца ў гасцініцы Абердофера – у сціплым нумары, таму што нават слава пераможцы не змяніла звычайных абыякавых адносін да яго яе гаспадара.

Пасля дуэлі ён упаў у непрытомнасць ад вялікай страты крыві. Яго нельга было нікуды перавозіць. Лежачы ў няўтульным нумары, ён мог бы пазайздросціць клопатам, якімі быў акружаны яго паранены сапернік. На шчасце, з мустангерам быў Фялім, інакш становішча яго было б яшчэ горшым.

– Святы Патрык! Гэта ж агіднасць! – уздыхаў верны слуга. – Сапраўдная агіднасць – упхнуць джэнтльмена ў сабачую будку! Такога джэнтльмена, як вы, містэр Морыс. I ежа нікуды не годная, і віно. Добра адкормлены ірландскі парсючок, напэўна, адвярнуўся б ад таго, чым нас тут кормяць. I як вы думаеце, што гэты стары Дофер гаварыў унізе…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже