– Я не маю ніякага ўяўлення, і мне ўсё адно, дарагі Фялім, што гаварыў Абердофер унізе, але калі ты не хочаш, каб ён чуў, што ты гаворыш наверсе, то сціш, калі ласка, свой голас. He забывай, дружа, што перагародкі тут – гэта толькі дранка і тынкоўка.

– Чорт бы ўзяў гэтыя перагародкі! Вам усё роўна, што пра вас балбочуць? А мне напляваць, што мяне чуюць. Усё роўна гэты немец абыходзіцца горш некуды. Я ўсё ж такі скажу – вам гэта трэба ведаць.

– Ну ладна. Што ж ён гаварыў?

– А вось што. Я чуў, як ён гаварыў аднаму прыяцелю, што заставіць вас заплаціць не толькі за нумар, за ежу і мыццё, але і за ўсе разбітыя бутэлькі, люстры і за ўсё, што было паламана і разбіта ў той вечар.

– Заставіць заплаціць мяне?

– Так, вас, майстар Морыс. I нічога не патрэбуе з янкі. Гэта ж подласць! Толькі пракляты немец мог такое прыдумаць! Хай плаціць той, хто заварыў гэту кашу, а не вы, нашчадак Джэральдаў з Балібалаха!

– А ты не чуў, чаму ён лічыць, што я павінен плаціць за ўсё?

– Як жа, майстар Морыс! Гэты жулік казаў, што вы – сініца ў руках і што ён не выпусціць вас, пакуль вы ўсё не заплаціце.

– Нічога, ён хутка ўбачыць, што крышачку памыліўся. Няхай ён лепш падае рахунак жураўлю ў небе. Я згодны аплаціць палавіну прычыненых страт, але не болей. Можаш яму гэта перадаць з нагоды. А па праўдзе кажучы, Фялім, не ведаю, як я нават гэта змагу зрабіць… Мабыць, шмат рэчаў было перабіта і пераламана. Мне помніцца, штосьці здорава бразгатала, калі мы біліся. Здаецца, разбілася люстра, ці гадзіннік, ці нешта падобнае…

– Вялікае люстра, майстар Морыс, і штосьці шкляное, што было на гадзінніку. Кажуць, што яно каштуе дзвесце долараў. Брахня! Мабыць, не болей палавіны.

– Хай так, для мяне зараз і гэта цяжка. Баюся, Фялім, што табе прыйдзецца з’ездзіць на Аламо і прывезці ўсе нашы скарбы. Каб заплаціць гэты доўг, мне неабходна будзе расстацца са сваімі шпорамі, сярэбраным кубкам і, магчыма, са стрэльбай.

– Толькі не гэта, майстар Морыс! Як мы будзем жыць без стрэльбы!

– Як-небудзь пражывём, дружа. Будзем есці каніну – ласо нам дапаможа.

– Дальбог, пракормімся не горш, чым на той бурдзе, што падае нам стары Дофер! У мяне кожны раз пасля абеду баліць жывот.

Раптам без усялякага стуку адчыніліся дзверы, і на парозе з’явілася неахайная постаць – жанчына ці мужчына, цяжка было адразу сказаць; у жылістай руцэ яна трымала плецены кошык.

– Ты што, Гертруда? – спытаў Фялім, які, відаць, ужо зваў, што перад ім служанка.

– Джэнтльмен перадаў гэта, – адказала яна, падаючы кошык.

– Які джэнтльмен, Гертруда?

– He ведаю яго. Я ніколі раней яго не бачыла.

– Перадаў джэнтльмен? Хто ж гэта можа быць?.. Фялім, паглядзі, што там.

Фялім адкрыў кошык; у ім было шмат усякай усячыны: некалькі бутэлек віна і прахаладжальных напіткаў, якія былі пакладзены сярод разнастайных ласункаў і далікатэсаў – вырабаў кандытара і кухара. He было ні пісьма, ні нават запісачкі, аднак зграбная ўпакоўка не пакідала сумненняў, што пасылка прыгатавана жаночай рукой.

Морыс перабраў усё змесціва кошыка – на думку Фяліма, каб вызначыць, у што ўсё гэта абышлося. Але на самай справе мустангер думаў зусім пра іншае – ён шукаў запіску.

Аднак у кошыку не аказалася ні шматка паперы, ні нават візітнай карткі. Шчодрасць гэтага падарунка, які, трэба сказаць, быў вельмі дарэчы, не пакідала сумненняў, што яго прыслаў багаты чалавек. Але хто ж гэта мог быць?

Калі Морыс задаваў сабе гэта пытанне, у яго ўяўленні паўставаў цудоўны вобраз. Няўжо гэта быў падарунак ад Луізы Пойндэкстэр?

Нягледзячы на некаторую непраўдападобнасць, ён усё ж хацеў верыць, што гэта так.

Аднак чым больш ён думаў, тым больш сумняваўся, і ад яго ўпэўненасці засталася толькі цьмяная, прывідная надзея.

– «Джэнтльмен перадаў», – паўтарыў Фялім, не то размаўляючы сам з сабой, не то звяртаючыся да гаспадара. – Гертруда сказала, што гэта джэнтльмен. Відаць, добры джэнтльмен. Але толькі хто?

– He маю ніякага ўяўлення, Фялім. Можа, хто-небудзь з афіцэраў форта? Хаця сумняваюся, каб хтосьці з іх мог праявіць да мяне такую ўвагу.

– He, гэта не яны. Афіцэры і наогул мужчыны тут ні пры чым.

– Чаму ты так думаеш?

– Чаму я так думаю? Ох, майстар Морыс, ці вам пра гэта пытаць? Гэта ж справа жаночых ручак. Дальбог! Гляньце, як акуратна ўсё загорнута. Ніколі мужчына так не зробіць. Так-так, гэта жанчына, і, асмелюся вас запэўніць, сапраўдная лэдзі.

– Глупства, Фялім! Я не ведаю ніводнай лэдзі, якая б магла праявіць да мяне такую спагаду.

– He ведаеце? Вось ужо няпраўда, майстар Морыс! А я ведаю. I калі б яна не паклапацілася пра вас, то гэта было б чорнай няўдзячнасцю. Хіба вы не выратавалі ёй жыццё?

– Пра каго ты гаворыш?

– Як быццам вы самі не здагадваецеся, спадар! Я гавару пра тую красуню, што была ў нас у хаціне: прыскакала на крапчастым, якога вы падарылі ёй і нават гроша ломанага за яго не ўзялі. Калі гэта не яе падарунак, то Фялім О’Ніл самы вялікі дурань на ўсім Балібалаху!.. Ах, майстар Морыс, загаварыў я пра родныя мясціны, і ўспомніліся мне тыя, хто там жыве… А што б сказала блакітнавокая красуня, калі б толькі даведалася, у якой небяспецы вы знаходзіцеся?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже