– Небяспека? Ды ўсё ўжо прайшло. Доктар сказаў, што праз тыдзень можна будзе выходзіць. He тужы, дружа!

– He, я не пра тое. He пра гэту небяспеку я гаварыў. Самі ведаеце, аб чым я думаю. Ці няма ў вас сардэчнай раны, майстар Морыс? Іншы раз цудоўныя ночы раняць куды больш балюча, чым свінцовая куля. Можа, хто-небудзь паранены вашымі вачамі, таму і прыслаў усё гэта?

– Ты памыляешся, Фялім. Напэўна, кошык прыслаў хто-небудзь з форта. Але, хто б гэта ні быў, я не бачу прычын, чаму мы павінны цырымоніцца з яго змесцівам. Ану давай паспрабуем.

Хворы атрымаў вельмі вялікае задавальненне, ласуючыся далікатэсамі з кошыка, але думкі яго былі яшчэ прыемней – ён марыў аб той, чый клопат быў яму такі дарагі.

Няўжо гэты раскошны падарунак зрабіла маладая крэолка – кузіна і, як казалі, нявеста яго найзлейшага ворага?

Гэта здавалася яму малаверагодным.

Але калі не яна, то хто ж?

Прайшло два дні, а тайна заставалася нераскрытай.

Хутка хворага зноў парадавалі падарункам. Прыбыў такі ж кошык з новымі бутэлькамі і свежымі ласункамі.

Яны зноў пачалі распытваць служанку, але вынікі былі тыя ж: «Джэнтльмен прывёз, незнаёмы джэнтльмен, той жа самы, што і тады». Яна магла толькі дадаць, што ён быў «вельмі чорны”, што на ім быў бліскучы капялюш і што ён пад’ехаў да таверны вярхом на муле.

Здавалася, Морыс не быў задаволены гэтым апісаннем невядомага добразычліўца; але нікому, нават Фяліму, не даверыў ён сваіх думак.

Праз два дні пасля таго, як быў атрыманы трэці кошык, дастаўлены тым жа джэнтльменам у бліскучым капелюшы, Морысу прыйшлося забыць свае мары. Гэта нельга было вытлумачыць змесцівам кошыка, якое нічым не адрознівалася ад ранейшых. Справа, хутчэй, была ў пісьме, якое было прывязана стужкай да яго ручкі.

– Гэта ўсяго толькі Ісідора, – прамармытаў Морыс, глянуўшы на подпіс.

Потым, абыякава разгарнуўшы лісток, стаў чытаць напісанае па-іспанску пісьмо. Вось яно – у дакладным перакладзе.

Дарагі сеньёр!

На працягу тыдня я гасцявала ў дзядзькі Сільвіо. Да мяне дайшлі чуткі пра ваша раненне, а таксама пра тое, што вас дрэнна абслугоўваюць у гасцініцы. Прыміце, калі ласка, гэты маленькі падарунак як памяць пра тую вялікую паслугу, якую вы мне аказалі. Я пішу ўжо ў сядле. Праз хвіліну я ад’язджаю на Рыо-Грандэ.

Мой дабрадзей, выратавальнік майго жыцця… больш таго – майго гонару! Да пабачэння, да пабачэння!

Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас.

– Дзякуй, дзякуй, мілая Ісідора! – прашаптаў мустангер, згортваючы пісьмо і нядбайна кідаючы яго на коўдру. – Заўсёды ўдзячная, уважлівая, добрая! Калі б не было Луізы Пойндэкстэр, можа, я пакахаў бы цябе.

<p>23. Клятва помсты</p>

Калхаўн, які знемагаў у сваім пакоі, напэўна, пазайздросціў бы такой увазе. Нягледзячы на тое, што ён ляжаў дома і быў акружаны раскошай, ён не мог суцяшаць сябе думкай, што ёсць нехта на свеце, хто прыхільны да яго. Чэрствы эгаіст, ён не верыў у дружбу – і ў яго не было сяброў; прыкаваны да ложка, прыгнечаны страхам, што яго раны могуць аказацца смяротнымі, ён пакутаваў ад усведамлення, што ўсім усё роўна, застанецца ён жывы ці памрэ.

Калі да яго і праяўлялі нейкую ўвагу, то толькі з прычыны сваяцкіх абавязкаў. Інакш і не магло быць. Яго паводзіны ў адносінах да дваюраднай сястры і дваюраднага брата наўрад ці маглі выклікаць іх прыхільнасць. Яго дзядзька, горды Вудлі Пойндэкстэр, адчуваў да яго агіду, змешаную са страхам.

Праўда, гэта пачуццё з’явілася зусім нядаўна. Як ужо вядома, Пойндэкстэр быў даўжніком свайго пляменніка. Доўг быў такі вялікі, што фактычна Касій Калхаўн стаў уладальнікам асьенды Каса-дэль-Корва і мог у любы момант аб’явіць сябе яе гаспадаром.

За апошні час Калхаўн пусціў у ход увесь свой уплыў, каб дабіцца рукі Луізы, – ён ужо даўно быў горача закаханы ў яе. Хутка ён зразумеў, што яму наўрад ці ўдасца атрымаць яе згоду, таму што яна ў адказ на яго заляцанні нават не спрабавала ўтойваць сваю раўнадушнасць. Па гэтаму ён вырашыў дабіцца яе згоды праз бацьку, добра ўсведамляючы сваю ўладу над ім.

Нядзіўна, што да адстаўнога капітана ў час яго цяжкай хваробы было праяўлена менш сімпатыі, чым гэта магло быць пры іншых абставінах.

Пакуль хворы адчуваў, што яму пагражае смерць, ён быў як быццам больш мяккі да навакольных. Але гэта цягнулася нядоўга. Як толькі Калхаўн адчуў, што пачынае папраўляцца, да яго адразу вярнулася яго дзікая неўтаймаванасць, узмоцненая горкім усведамленнем нядаўняга паражэння.

Усё жыццё ён любіў выхваляцца нахабнасцю і верхаводзіць у любой кампаніі, якая збіралася каля яго. Усведамленне, што ніхто ў Тэхасе болей не паверыць у яго доблесць, прычыняла яму невыказныя пакуты.

З’явіцца ў ролі пабітага перад усімі дамамі і, галоўнае, перад той, якую ён абогатвараў, усведамляць, што віноўнікам яго паражэння быў невядомы авантурыст, якога ён лічыў сваім сапернікам у каханні,– гэта было звыш яго сіл. Нават звычайнаму чалавеку было б нялёгка пад такім душэўным цяжарам, Калхаўн жа не знаходзіў сабе месца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже