Ён зусім не збіраўся мірыцца з гэтым, як паступіў бы звычайны чалавек, – ён вырашыў помсціць. па гэтаму, ледзь пазбавіўшыся ад страху за сваё жыццё, ён пачаў упарта думаць аб помсце.

Морыс-мустангер павінен памерці! I калі не ад яго рукі, то ад рукі каго-небудзь іншага. Знайсці саўдзельніка не так ужо цяжка. У неабсяжных прэрыях Тэхаса наёмныя забойцы сустракаюцца не радзей, чым у італьянскіх гарадах. На жаль, няма такога кутка на ўсім зямным шары, дзе золата не кіравала б кінжалам забойцы! А ў Калхаўна золата было больш чым дастаткова, каб падкупіць якога-небудзь нягодніка.

У самоце свайго пакоя, папраўляючыся ад ран, Калхаўн абдумваў план забойства мустангера.

Ён не збіраўся рабіць гэта сам, бо баяўся новай сустрэчы з такім грозным праціўнікам – нават у тым выпадку, калі б яму ўдалося напасці на яго знянацку. Паражэнне зрабіла яго баязлівым, і ён хацеў знайсці выканаўцу – руку, якая нанесла б удар за яго. Дзе ж яго шукаць?

На няшчасце, ён ведаў ці, можа, яму толькі здавалася, што ён ведаў падыходзячага чалавека. Гэта быў мексіканец, які ў той час знаходзіўся ў пасёлку, – такі ж мустангер, як і Морыс, але адзін з тых, ад каго малады ірландзец трымаўся ўбаку.

Як правіла, людзі гэтай своеасаблівай прафесіі карысталіся ў Тэхасе дрэннай славай. Гэта былі звычай на падонкі цывілізаванага грамадства, нярэдка злачынцы, якія хваляваннямі небяспечнага палявання, магчыма, заглушалі папрокі сумлення.

Калі мустангеры з’яўляліся ў пасёлках, яны назалялі мірным жыхарам сваімі пастаяннымі бойкамі і дэбошамі. Сустрэцца ж з імі ў пустыннай прэрыі нярэдка было небяспечна для жыцця. У гісторыі Тэхаса неаднаразова ўпамінаюцца выпадкі, калі кампанія мустангераў ператваралася на нейкі час у разбойніцкую банду; пераапранутыя і загрыміраваныя пад індзейцаў, яны часта рабавалі падарожнікаў.

Касій Калхаўн успомніў пра аднаго з такіх галаварэзаў. Ён успомніў, што сустракаўся з ім неаднаразова ў бары гасцініцы, бачыў яго і ў той вечар, калі біўся на дуэлі. Гэты мустангер быў адным з тых, хто нёс яго дамоў на насілках. Прыпомнілася яму нават, з якой злосцю гаварыў мексіканец пра Морыса Джэральда.

Потым Калхаўн даведаўся, што мексіканец ненавідзіць Морыса амаль гэтак жа, як ён сам.

На ім і спыніў свой выбар Калхаўн. Ён пазваў мексіканца да сябе і пасля гэтага часта размаўляў з ім, зачыніўшыся ў сваім пакоі.

У навакольных не ўзнікла ніякіх падазрэнняў. Зрэшты, Калхаўна гэта не хвалявала. Яго наведвальнік гандляваў коньмі і рагатай жывёлай – у іх маглі быць справы. Такое тлумачэнне выглядала зусім натуральным. Нават сам мексіканец спачатку думаў іменна так, бо пры іх першых сустрэчах размова мела амаль выключна дзелавы характар. Хітры жыхар Поўдня не збіраўся выдаваць свае намеры малазнаёмаму чалавеку. I толькі пасля адной вельмі выгаднай для мексіканца здзелкі, за бутэлькай віна, Калхаўн пачаў асцярожна дапытвацца, як адносіцца мексіканец да Морыса-мустангера.

Гутарка перакавала адстаўнога капітана, што гэтаму чалавеку можна даверыцца, што ён зробіць яму любую паслугу, аж да забойства.

Мексіканец не ўтойваў сваёй нянавісці да маладога мустангера. I хаця ён не сказаў нічога пэўнага аб прычыне гэтай нянавісці, Касій Калхаўн здагадваўся, што прычына ў іх адна і тая ж – тое, што спрадвеку, й часоў Троі, выклікае сваркі паміж мужчынамі: жанчына!

Прыгожай Аленай у гэтым выпадку аказалася адна чарнавокая сеньярыта з берагоў Рыо-Грандэ, якую Морыс час ад часу наведваў. Яна стала аддаваць перавагу мустангеру-ірландцу перад сваім суайчыннікам. Мексіканец не назваў імя дзяўчыны, а Калхаўн і не стараўся дазвацца яго, але, слухаючы расказ, употай спадзяваўся, што дзяўчына, якая разлюбіла мексіканца, пакорыць сэрца яго саперніка.

Пакуль капітан ачуньваў, ён некалькі разоў бачыўся з чалавекам, якога хацеў зрабіць зброяй сваёй помсты, і ў іх была магчымасць пра ўсё дамовіцца.

Дамовіліся яны ці не і якімі былі іх д’ябальскія намеры, засталося вядома толькі ім адным. Навакольныя толькі заўважылі, што Касій Калхаўн і Мігуэль Дыяс, па мянушцы Эль-Каёт, пастаянна бываюць разам, і ўсе дзівіліся гэтай незразумелай дружбе.

<p>24. На Асатэі</p>

На тэхаскіх плантацыях дзень пачынаецца з усходам сонца. Звон, гонг ці пастухоўскі ражок, склікаючы чорных нявольнікаў на работу, падымае і рабаўладальнікаў з іх утульных ложкаў.

Так было і ў Каса-дэль-Корва пры старых гаспадарах. Сям’я амерыканскага плантатара не здрадзіла гэтаму звычаю – праўда, не ад жадання захаваць традыцыі, а па патрабаванню самой прыроды. Духмяны ранак сонечнага Тэхаса, дзе пануе амаль бесперапынная вясна, шкада праводзіць у ложку. Адпачываюць апоўдні, калі ўсё ў прыродзе нікне пад пякучымі промнямі сонца.

На світанку ж усе з новай радасцю сустракаюць усход свяціла. Трапічныя птушкі распростваюць свае яркія крылы, кветкі – вільготныя ад расы пялёсткі ў чаканні першых сонечных промняў. Усё жывое зноў славіць сонца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже