Цудоўная, як зара, стаяла Луіза на асатэі. Яе рука ляжала на каменным парапеце, яшчэ вільготным ад начной расы. Перад яе вачамі быў сад, размешчаны ў лукавіне paіd, над ім адхон процілеглага берага, а яшчэ далей шырока распасціраецца прэрыя.

Ці глядзела яна на цудоўны від, якім нельга было не любавацца? He.

Яна не заўважала і ўзыходзячага сонца, хаця здавалася, што яна, нібы язычніца, моліцца яму.

Ці слухала яна меладычны спеў птушак, што звінеў над садам і гаем?

He, яна нічога не слухала і нічога не заўважала. Яе погляд быў рассеяны, і думкі яе былі далёка.

Здавалася, ні ясны ранак, ні спеў птушак не радавалі яе – цень смутку ляжаў на чароўным твары.

Яна была адна, ніхто не заўважыў яе суму і не спытаў, чым ён выкліканы.

Міжвольны шэпт выдаў яе тайну:

– Можа, ён цяжка паранены? Можа, смяротна?

Пра каго яна гаварыла з такім хваляваннем?

Пра чалавека, які ляжаў зусім блізка ўнізе, у адным з пакояў асьенды, – пра свайго кузена Касія Калхаўна?

Наўрад ці гэта было так. Яшчэ напярэдадні доктар сказаў, што хворы на шляху да выздараўлення, што небяспекі для жыцця больш няма. I калі б хто-небудзь падслухаў яе маналог, які яна працягвала тым жа сумным голасам, то ён пераканаўся б, што яна гаварыла пра кагосьці іншага.

– Я не магу нават нікога паслаць да яго. Я нікому не давяраю. Дзе ён цяпер? Напэўна, яму патрэбна дапамога, падтрымка… Калі б я магла паслаць яму хаця б вестачку так, каб ніхто не ведаў! I куды прапаў Зеб Стумп?

Дзяўчыне чамусьці здавалася, што Зеб можа з’явіцца з хвіліны на хвіліну, і яна стала глядзець на раўніну, па той бок ракі, дзе ўздоўж берага цягнулася дарога. Гэта была праезджая дарога паміж фортам Індж і плантацыямі на ніжняй Ляоне; яна перасякала прэрыю на некаторай адлегласці ад ракі і набліжалася да яе толькі ў адным месцы – там, дзе рэчышча рабіла рэзкі выгін, уразаючыся ў круты бераг. У напрамку да форта дарога была відна на працягу паўмілі, яе перасякала сцежка, якая вяла цераз брод да асьенды. Уніз па рацэ, прыблізна на такой жа адлегласці, саванна пераходзіла ў зараснікі, за якімі ўжо нічога не было відаць.

Маладая крэолка глядзела ў бок форта Індж, адкуль мог прыехаць Зеб Стумп, але ні яго і нікога іншага не было відаць. Гэта не павінна было б засмуціць яе. Ён жа абяцаў прыехаць.

Але праз некаторы час нешта раптам прымусіла яе азірнуцца і ўтаропіць погляд у процілеглы бок.

Калі яна спадзявалася там каго-небудзь убачыць, то на гэты раз чаканні не падманулі яе. З зараснікаў з’явіўся коннік. Крэолцы спачатку здалося, што гэта мужчына ў адзенні накшталт арабскага. Але потым яна разгледзела, што гэта жанчына, якая сядзіць на кані па-мужчынску. Твар яе быў амаль увесь закрыты празрыстым шалікам. Але Луіза ўсё ж заўважыла прыгожы авал смуглага твару, яркі румянец на шчоках, бліскучыя, як зоркі, вочы.

Hі эксцэнтрычная манера ездзіць вярхом, ні шалік, што спадаў з плеч наезніцы, не перашкодзілі Луізе заўважыць, што яна добра складзена.

За незнаёмкай, адстаючы ад яе ярдаў на пятнаццаць, ехаў чалавек на муле; па тым, што ён трымаўся на значнай адлегласці, а таксама па адзенні можна было здагадацца, што гэта яе слуга.

– Хто гэта жанчына? – прашаптала Луіза Пойндэкстэр і хутка паднесла да вачэй ларнет, каб лепш разгледзець дзіўную наезніцу. – Хто ж яна? – паўтарыла крэолка сваё пытанне больш спакойным тонам, апусціўшы ларнет і працягваючы ўглядацца няўзброеным вокам. – Мексіканка, канешне, а чалавек ва муле – яе слуга. Якая-небудзь знатная сеньёра, мабыць. Я думала, што яны ўсе пераехалі ў Мексіку… У руках яе спадарожніка кошык. Цікава, што ў ім такое? I навошта яны едуць у форт ці ў пасёлак? Ўжо трэці раз на гэтым тыдні я бачу, як яна праязджае міма вас. Яна жыве, мабыць, дзе-небудзь на плантацыях, што размешчаны ніжэй па рацэ. Што за эксцэнтрычная манера ездзіць вярхом! Я чула, што гэта заведзена ў мексіканак. Што, калі б і я стала так ездзіць? Несумненна, так зручней. Але ў Штатах палічылі б такую язду не жаноцкай. Уяўляю, як абурыліся б вашы пурытанскія матулі! Ха-ха-ха! Можна ўявіць сабе іх жах!..

Але смех адразу абарваўся. Выраз твару крэолкі імгненна змяніўся, нібы вандроўная хмарка завалакла дыск сонца. Але гэта не быў сум, які да таго азмрочваў твар дзяўчыны, хаця, мяркуючы па тым, як раптоўна збялелі шчокі, ёю авалодала не менш сур’ёзнае пачуццё.

Прычыну гэтай перамены можна было б звязаць толькі з рухамі задрапіраванай шалікам наезніцы на тым беразе ракі. З лясных зараснікаў выскачыла віларогая антылопа. He паспела яна зрабіць першы скачок, як конь галопам памчаўся наўздагон за спужанай жывёлінай. Наезніца, сарваўшы з твару вуаль, зрабіла ў паветры некалькі кругападобных рухаў правай рукой.

– Што яна робіць? – прашаптала дзяўчына на асатэі.– А! Дык гэта ж ласо!

Сеньёра неўзабаве паказала, з якой дасканаласцю яна ўпраўляецца з гэтай нацыянальнай зброяй: яна спрытна накінула ласо на шыю антылопы і зацягнула пятлю. Аглушаная жывёліна ўпала.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже