Хутка пад’ехаў слуга, саскочыў са свайго мула і, нахіліўшыся над антылопай, ударам нажа закалоў яе, затым узваліў тушу на спіну мула, зноў ускочыў у сядло і паехаў за сеньёрай. А тая ўжо паспела скруціць ласо і, апусціўшы на твар шалік, працягвала шлях, як нічога не было.

Цень набег на твар крэолкі ў той момант, калі пятля ласо ўзвілася ў паветра. Гэты цень быў выкліканы не здзіўленнем, не, – зусім іншым пачуццём, думкай куды больш непрыемнай.

I, хаця рука з ларнетам засланяла твар Луізы, усё ж можна было заўважыць, што ён заставаўся сумным, пакуль наезнікі не зніклі з вачэй, і нават пасля таго, як яны схаваліся сярод акацый.

«Няўжо, няўжо гэта яна? Маіх гадоў, сказаў ён, ростам крыху ніжэйшая за мяне. Усё гэта цалкам падыходзіць, наколькі я магу меркаваць на такой адлегласці. Жыве на Рыо-Грандэ, час ад часу гасцюе ў родзічаў. Хто ж гэта? I чаму я не спытала ў яго, як яе завуць? Няўжо, няўжо гэта яно?»

<p>25. Неаддадзены падарунак</p>

Яшчэ некалькі хвілін пасля таго, як сеньёра з ласо і яе слуга зніклі з вачэй, Луіза працягвала стаяць у роздуме. Яе тужлівая поза і выраз твару гаварылі аб тым, што думкі дзяўчыны не сталі весялейшымі.

He, наадварот. Адзін ці два разы да гэтага ў яе ўяўленні ўжо паўставаў вобраз умелай наезніцы, і не раз яна задумвалася над тым, навошта маладая мексіканка едзе ў гэты бок. Пасля выпадку з антылопай яе здагадкі перайшлі ў падазрэнні.

Луіза ўздыхнула з палёгкай, калі з зараснікаў – якраз у тым месцы, дзе зніклі два наезнікі,– паказаўся яшчэ адзін: яна ўзрадавалася яшчэ болей, калі заўважыла, што ён збочыў на сцежку, якая вядзе да асьенды. Падняўшы ларнет, крэолка пазнала ў ім Зеба Стумпа. Яе твар праяснеў і стаў амаль вясёлым.

– Якое шчасце! Мне ён так патрэбны! – з радасцю ўсклікнула дзяўчына. – Магчыма, з ім я змагу паслаць вестачку; і, можа, ён скажа, хто гэта сеньёра? Ён, мабыць, сустрэўся з ёю на дарозе. Гэта дасць мне магчымасць, не выклікаючы падазрэнняў, пачаць размову на гэту тэму. Пасля таго, што адбылося, я павінна быць асцярожнай нават з ім. О, калі б я была ўпэўнена, што падабаюся яму, я не стала б непакоіцца! Як жахліва яго раўнадушнасць! I да мяне, Луізы Пойндэкстэр! He, так больш працягвацца не можа: я павіяна вызваліцца ад гэтага гнёту хаця б цаной разбітага сэрца!

У гэты час паляўнічы ўжо пад’ехаў да самай асьенды і спыніў каня.

– Дарагі містэр Стумп! – гасцінна вітаў яго голас, які стары паляўнічы так любіў слухаць. – Як я рада вас бачыць! Злазьце з каня і ідзіце да мяне сюды. Я ведаю, што вам любы пад’ём хоць бы што і вы не спужаецеся гэтай каменнай лесвіцы. Адсюль такі цудоўны від, вы не пашкадуеце!

– Убачыць вас, міс Луіза, будзе для мяне лепшай узнагародай; дзеля гэтага я згодны залезці не толькі на дах гэтага дома, але і на параходную трубу… Адну хвіліначку, я толькі адвяду сваю старую кабылу ў канюшню і зараз жа прыйду – гэта будзе зроблена ў імгненне вока.

Саскочыўшы са сваёй клячы, ён звярнуўся да яе з такімі словамі:

– He сумуй, старая! Трымай вышэй галаву, і, можа, Плутон пачастуе цябе кукурузай на сняданак.

– Эгей! Маса Стумп! – пачуўся голас чарнаскурага фурмана, які толькі што з’явіўся на двары. – Негр зробіць гэта самае – дасць ёй дасыта жоўтай кукурузы. Эгей! А вы ідзіце да маладой міса. Плутон дагледзіць кабылу.

– Чорт вазьмі, ты негр хоць куды! У другі раз, Плутон, калі я забрыду сюды, я падару табе апосума з такім далікатным мясам, як у двухгадовай курыцы. Во што я абяцаю табе!

Сказаўшы гэта, Зеб стаў пачынацца па каменнай лесвіцы, пераскокваючы праз дзве-тры прыступкі. Ён хутка падняўся на асатэю, дзе маладая гаспадыня дома яшчэ раз радасна вітала госця.

Стары паляўнічы адразу заўважыў, як моцна была ўсхвалявана Дзяўчына, калі яна вяла яго ў далёкі куток асатэі, і зразумеў, што запрошаны сюды не толькі дзеля таго, каб палюбавацца прыгожым відам.

– Скажыце мне, містэр Стумп… – сказала Луіза, ухапіўшыся за рукаў яго курткі і запытальна заглядаючы ў шэрыя вочы паляўнічага, – вы, напэўна, усё ведаеце? Як яго здароўе? Ці цяжка ён паранены?

– Калі вы пытаеце пра містэра Калхаўна…

– Не-не, пра яго я ўсё ведаю! Я гавару не пра яго.

– Але, міс Луіза, я ведаю яшчэ толькі аднаго чалавека з вашых мясцін, які быў таксама паранены, – гэта Морыс-мустангер. Дык, можа, вы пра яго пытаеце?

– Так-так, пра яго. Вы разумееце, што, хаця ён і пасварыўся з маім дваюрадным братам, я не магу заставацца безуважнай да яго. Вы ж ведаеце, што Морыс Джэральд выратаваў мяне – можна сказаць, двойчы вырваў мяне з кіпцюроў смерці. Скажыце, ён вельмі цяжка паранены?

Гэта было сказана з такім хваляваннем, што жарты аказаліся недарэчныя. Зеб паспяшаўся адказаць:

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже