– Ды не, ніякай пагрозы няма. Адной куляй прастрэліла яму нагу вышэй шчыкалаткі: гэта рана не апасней за драпіну. Другая трапіла ў левую руку. I тут таксама нічога сур’ёзнага. Толькі крыві ён страціў даволі-такі шмат. Цяпер ён ужо зусім малайчына і праз некалькі дзён зможа ўстаць з ложка. Хлопец кажа, што калі б ён праехаўся вярхом па прэрыі, дык гэта вылечыла б яго хутчэй, чым усе дактары Тэхаса. Я таксама так думаю. Але яго лечыць хірург форта, і ён пакуль уставаць не дазваляе.
– А дзе ён зараз?
– У гасцініцы. Там жа, дзе яны страляліся.
– Там, напэўна, дрэнна даглядаюць яго? Я чула, што гэта гасцініца нікуды не годная. Яго, мабыць, кормяць зусім не так, як трэба карміць хворага… Пачакайце хвілінку, містэр Стумп, я зараз вярнуся. Мне хочацца паслаць яму сёе-тое. Я ведаю, што вы гэта зробіце для мяне. Ці не праўда? Я ўпэўнена ў гэтым.
He чакаючы адказу, Луіза накіравалася да лесвіцы і хутка спусцілася ўніз. Неўзабаве яна вярнулася, трымаючы ў руцэ вялікі кош, нагружаны ўсялякімі ласункамі і напіткамі.
– Мілы містэр Стумп, вы перадасце гэта містэру Джэральду? Сюды Фларында паклала ўсялякія дробязі: крыху асвяжальных напіткаў, крыху варэння і яшчэ тое-сёе. У час хваробы хочацца паласавацца, а ў таверне наўрад ці можна дастаць што-небудзь смачнае. Толькі не кажыце яму, ад каго гэта, і нікому не кажыце! Добра? Я ведаю, што вы не скажаце, мой добры велікан!
– Вы можаце даверыцца старому Зебу Стумпу, міс Луіза. Hі адна душа не даведаецца, ад каго гэтыя ласункі, толькі, паверце, у хлопца ўсяго ўдосталь. Яму так многа прывозяць усякай усячыны, што ён мог бы накарміць добры гурт ласуноў.
– А! Яму ўжо прывозяць! Хто ж?
– А вось гэтага Зеб Стумп не можа сказаць, бо сам не ведае. Я толькі чуў, што кошыкі з ежай перадаваў мексіканец, чыйсьці слуга, а ад каго – не ведаю. Я і сам яго бачыў. Толькі некалькі хвілін назад сустрэў яго недалёка ад вашай асьенды; ён, мабыць, суправаджаў дзяўчыну, якая сядзела на кані па-мужчынску, – большасць мексіканак так ездзяць. Я думаю, ён яе слуга, таму што ехаў ззаду; у руках у яго быў кошык, якраз такі, які містэр Морыс толькі нядаўна атрымаў. Значыць, ён зноў вёз усякую ўсячыну для хворага.
Далей распытваць не было патрэбы. Гэтыя словы вытлумачылі занадта многа, усё стала балюча ясна: у Луізы Пойндэкстэр ёсць саперніца. Мексіканка з ласо, напэўна, была каханай, а можа, і нявестай мустангера.
I невыпадкова кош, які крэолка, не выпускаючы з рук, паставіла на парапет, выслізнуў і ўпаў уніз на каменныя пліты двара. Бутэлькі разляцеліся ўшчэнт, а іх змесціва хлынула хваляй уздоўж сцяны.
Хаця рух рукі, які перакуліў кош, здаваўся выпадковым, міжвольным, аднак ён быў дакладна разлічаны. Перагнуўшыся цераз парапет, Луіза паглядзела ўніз і адчула, што і сэрца яе разбіта, як асколкі шкла, што блішчаць на камянях.
– Ах, як шкада! – сказала дзяўчына, стараючыся не выдаць свайго хвалявання. – Усё прапала! Што скажа Фларында? Ну нічога, містэр Джэральд, з вашых слоў, акружаны такой увагай, што наўрад ці мой падарунак яму патрэбны. Я рада, што яго не забываюць, – ён жа так многа зрабіў для мяне. Але толькі, калі ласка, містэр Стумп, ні слова нікому! He кажыце таксама, што я пытала пра яго. Ён жа біўся на дуэлі з маім дваюрадным братам, і гэта можа выклікаць непатрэбныя пагалоскі. Вы абяцаеце, мілы Зеб?
– Гатоў хоць пабажыцца! Ніводнага слова нікому, міс Луіза. Можаце даверыцца старому Зебу.
– Я ведаю гэта. Ідзём жа адсюль. Сонца пачынае моцна прыпякаць. Спусцімся ўніз і паглядзім, ці не знойдзем мы вашага любімага манангахільскага віскі. Ідзём!
Маладая крэолка, прыкідваючыся вясёлай, прайшла праз усю асатэю плаўнай паходкай і, напяваючы «Новаарлеанскі вальс», стала спускацца па лесвіцы. Стары паляўнічы з задавальненнем прыняў запрашэнне і пайшоў за Луізай: хаця ён ужо даўно звык са стаічнай раўнадушнасцю адносіцца да жаночых чараў і думкі яго ў гэту хвіліну былі засяроджаны галоўным чынам на любімым напітку, ён усё ж залюбаваўся прыгожымі плячамі дзяўчыны, нібы вытачанымі са слановай косці.
Але любавацца яму давялося нядоўга: Луіза развіталася з ім, як толькі яны спусціліся ўніз. Пасля таго як Зеб міжвольна выдаў ёй тайну мустангера, кампанія старога паляўнічага ўжо болей не цікавіла яе. Яна пакінула яго цешыцца віскі, а сама паспяшалася да сябе ў пакой, каб утаіць ад усіх сваё гора.
Першы раз у жыцці Луіза Пойндэкстэр зазнала пакуты рэўнасці. Гэта было яе першае сапраўднае каханне – яна пакахала Морыса Джэральда.
«Увагу мексіканскай сеньярыты наўрад ці можна вытлумачыць простай дружбай. Напэўна, іх звязваюць больш цесныя вузы», – так разважала засмучаная крэолка.
Мяркуючы па тым, што Морыс гаварыў ёй і што яна бачыла на ўласныя вочы, сеньёра з ласо – іменна тая жанчына, якая павінна была заваяваць любоў такога чалавека.
Яе фігура здалася Луізе бездакорнай. Твару ёй не ўдалося добра разгледзець. Ці быў ён такім жа цудоўным? Ці быў ён такім, што мог зачараваць чалавека, які так добра валодае сваімі пачуццямі, як Морыс Джэральд?