Луіза не знаходзіла спакою. Яна гарэла нецярпеннем зноў убачыць мексіканку і разгледзець яе твар. Як толькі Зеб Стумп паехаў, яна распарадзілася асядлаць крапчастага мустанга, пераехала ўброд рэчку і паднялася на процілеглы бераг.

Накіроўваючыся ў бок форта, яна, як і меркавала, сустрэла мексіканскую сеньёру, якая ехала назад, – не, не сеньёру, калі гаварыць дакладней, а сеньярыту – дзяўчыну яе гадоў.

Там, дзе яны сустрэліся, дарога была заценена дрэвамі, і мексіканка ехала з адкрытай галавой, нядбайна адкінуўшы шалік на плечы. Пышныя чорныя як смоль валасы абрамлялі чароўны смуглы тварык.

Абедзве дзяўчыны, згодна з правіламі прыстойнасці, абмяняліся толькі беглым позіркам. Але, ад’ехаўшы крыху, як тая, так і другая не магла ўстрымацца ад жадання крадком разгледзець саперніцу, і абедзве абярнуліся.

Відаць, іх думкі былі не такія ўжо і розныя. He толькі Луіза чула пра мексіканскую сеньярыту, але і тая ведала пра яе існаванне.

Мы не станем перадаваць, што думала сеньярыта пасля гэтай сустрэчы. Дастаткова будзе сказаць, што думкі крэолкі сталі яшчэ больш змрочныя, чым да прагулкі, і што поза яе на зваротным шляху ў Каса-дэль-Корва выдавала глыбокі адчай. «Якая прыгожая! – падумала яна, праехаўшы міма дзяўчыны, якую лічыла сваёй саперніцай. – Так, занадта прыгожая, каб быць яму толькі другам.

Луіза спрабавала быць непрадузятай, размаўляючы ў думках сама з сабой, інакш яна была б больш стрыманай у пахвалах мексіканскай сеньярыце.

«Ці можна сумнявацца, у якіх яны адносінах! – працягвала яна. – Ён яе кахае! Ён яе кахае! А я, вар’ятка, хацела знайсці шчасце ў гэтым пагібельным пачуцці! Трэба забыць яго, скінуць гэтыя путы са свайго сэрца! Забыць! Лёгка сказаць, але ці магу я гэта зрабіць? Я не павінна з ім больш сустракацца. Па крайняй меры, гэта мне пад сілу. Пасля таго, што адбылося, ён больш не паявіцца ў нас у доме. Нашы сустрэчы могуць быць толькі выпадковымі, а я буду ўсяляк пазбягаць іх. О Морыс Джэральд, навошта ты заставіў мяне мучыцца?»

<p>26. Зноў на Асатэі</p>

Забыць чалавека, якога горача кахаеш, немагчыма. Час, канешне, добры лекар для сэрца, якое не атрымала адказу на каханне, а разлука дапамагае яшчэ больш. Але ні час, ні разлука не могуць заглушыць тугу па страчанаму другу ці супакоіць сэрца, што не ведала шчаслівага кахання.

Луізе Пойндэкстэр нялёгка было змагацца з пачуццём, якое завалодала ёй, хаця яно успыхнула нядаўна, але разгаралася хутка, пераадольваючы ўсе загароды. Гэта пачуццё стала нісколькі моцным, што дзяўчыну болей не бянтэжылі такія перашкоды, як нездаволенасць бацькі або няроўнасць іх грамадскага стану. Яна ўжо дасягнула паўналецця, і згода бацькі не была для яе абавязковай; што ж тычыцца другой перашкоды, то чалавек, які шчыра кахае, не баіцца пераступіць цераз грамадскія ўмоўнасці. Каханню не ўласціва такая дробязнасць. Прынамсі, яе не было ў глыбокім пачуцці Луізы Пойндэкстэр. Наўрад ці гэта было першае захапленне ў жыцці Луізы. Але гэта было першае расчараванне, якое парушыла яе душэўны спакой.

Спачатку ёй здавалася, што яна заглушыць боль сэрца сілай волі, што ёй дапаможа яе прыроджаная жыццярадаснасць. Але ішлі дні, а палёгкі не наступала. Яна не магла забыць чалавека, які цалкам завалодаў яе марамі.

У некаторыя моманты Луіза ненавідзела яго ці, дакладней, хацела ненавідзець. Тады ёй здавалася, што яна магла б забіць яго ці, калі б яго забівалі ў яе на вачах, не зрабіла б спробы дапамагчы яму. Але ж гэта былі толькі мімалётныя настроі.

Чым больш яна думала, тым больш усведамляла, што, калі б ён быў нават яе найзлейшым ворагам, ворагам усяго чалавецтва – самім Люцыферам, з якім Яна яго некалі параўнала, – яна ўсё роўна не перастала б кахаць яго.

Ненавідзець Морыса Луізе было не пад сілу. Яна толькі спрабавала быць да яго раўнадушнай. Але гэта была дарэмная спроба.

Кожны дзень, амаль кожны час Луіза падымалася на асатэю і глядзела на дарогу, дзе яна ўпершыню ўбачыла сваю саперніцу. Больш таго: нягледзячы на сваё рашэнне пазбягаць сустрэч з чалавекам, які зрабіў яе няшчаснай, яна садзілася на каня і ездзіла па дарозе, па вуліцах пасёлка з адным толькі намерам – сустрэць яго.

Праз тры дні пасля непрыемнага адкрыцця яна зноў убачыла з асатэі мексіканскую сеньярыту, якая накіроўвалася да форта, у суправаджэнні таго ж слугі з кошыкам у руках. Назіраючы за імі, Луіза калацілася ад рэўнасці, зайздросцячы той, якая апярэдзіла яе клопатамі аб хворым.

Луіза ведала цяпер пра яе больш, чым раней, хаця і не вельмі шмат. Гэта была донна Ісідора Каварубіо дэ Лос-Льянас, дачка ўладальніка вялікай асьенды на Рыо-Грандэ і пляменніца асьендала, чый маёнтак знаходзіўся ў мілі ад Каса-дэль-Корва ніжэй па цячэнню Ляоны.

Маладая мексіканка мела рэпутацыю эксцэнтрычнай асобы, якая добра ўпраўляецца з ласо, здольная ўтаймаваць любога дзікага мустанга, але не свае капрызы.

Гэтыя звесткі не знішчылі раўнівых падазрэнняў крэолкі – наадварот, яны ўмацавалі іх.

Ёй падабаліся такія рысы характару. Яна сама любіла незалежнасць. Луізе здавалася, што гэта падабалася і іншым. Морыс Джэральд наўрад ці быў выключэннем.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже