Прайшло яшчэ некалькі дзён, але дзяўчына з ласо болей не паказвалася.
«У яго загаіліся раны, ён болей не мае патрэбы ў няспынным клопаце» – так разважала крэолка, стоячы на асатэі. Яна ўглядалася ў далячынь, трымаючы перад вачамі ларнет.
Гэта было раніцай, хутка пасля ўзыходу сонца, у час, калі звычайна праязджала наезніца.
Дзяўчына глядзела ў той бок, адкуль раней з’яўлялася яе саперніца.
Выпадкова зірнуўшы ў процілеглы бок, Луіза раптам замерла, не верачы сваім вачам. Яна ўбачыла Морыса Джэральда вярхом на кані – ён набліжаўся з боку форта.
Хаця ён сядзеў у сядле некалькі напружана і ехаў павольнай рыссю, гэта, безумоўна, быў ён. Луіза выразна ўбачыла яго праз ларнет і адразу заўважыла, што яго левая рука ў лубку.
Пазваўшы яго, маладая крэолка схавалася за парапет, і з яе грудзей вырваўся прыглушаны крык.
Чым быў выкліканы гэты журботны вокліч? Тым, што Дзяўчына заўважыла параненую руку ці яна разглядзела ў ларнет хваравітую бледнасць твару?
He. Гэта не быў крык жалю ці здзіўлення – гэта быў стогн набалелага сэрца.
Хворы быў на шляху да выздараўлення. Ён болей не меў патрэбы ў клопатах сястры міласэрнасці. Цяпер ён ехаў да яе сам.
Затаіўшыся за парапетам асатэі, пад прыкрыццём квітнеючай юкі, Луіза сачыла за коннікам; падняўшы да вачэй ларнет, яна магла ўлавіць кожны яго рух, нават выраз твару.
Яна адчула некаторую палёгку, калі заўважыла, што ён кінуў не адзін позірк на Каса-дэль-Корва, і ёй стала яшчэ прыемней, калі Морыс спыніўся ў цені дрэў прыдарожнага гаёчка і доўга, ўважліва глядзеў у бок асьенды.
У Луізы мільганула надзея, што ён думаў пра яе, калі глядзеў на асьенду.
Але гэта быў толькі пробліск радасці, які гаснуў, нібы сонечнае святло ў час зацьмення, і зноў змяняўся змрочнай тугой.
Морыс Джэральд прышпорыў каня і знік у густых зарасніках, у якіх гублялася дарога.
Куды ж ён ехаў? Канешне, наведаць донну Ісідору Каварубіо дэ Лос-Льянас.
I ці можна было суцяшацца тым, што не прайшло і гадзіны, як ён ужо праехаў назад? Яны ж маглі сустрэцца ў блізкім лесе – амаль на вачах у раўнівай саперніцы, заслоненыя толькі лёгкім лісцем.
Яе не суцешыла і тое, што, праязджаючы міма, мустангер зноў глянуў на асьенду, зноў спыніўся за гаем і доўга глядзеў у бок Каса-дэль-Корва.
Ці быў гэты погляд насмешлівым, а можа, пераможным? Канешне, Морыс можа радавацца. Але навошта такая бязлітаснасць? Навошта ён спыніўся тут, калі на яго губах яшчэ не астылі пацалункі Ісідоры?
Луіза Пойндэкстэр зноў на асатэі, зноў адна са сваім горам. Шырокая каменная лесвіца прыводзіла яе на месца, дзе яе чакалі ўсё новыя і новыя выпрабаванні. Ужо не раз давала яна сабе клятву, што не будзе падымацца туды – прынамсі, у бліжэйшы час. Але клятва парушалася на наступны ж дзень, раней чым сонца паспявала асушыць расу на траве прэрыі.
Як і напярэдадні, яна стаяла на асатэі, углядаючыся ў дарогу па той бок ракі. Як і напярэдадні, яна ўбачыла праезджага конніка з рукой на перавязі. Як і напярэдадні, яна прыгнулася, хаваючыся за парапетам.
Коннік ехаў у тым жа напрамку, як і напярэдадні; ён кінуў, як і напярэдадні, позірк на асьенды і, спыніўшыся за гаечкам, доўга глядзеў у бок Каса-дэль-Корва.
Надзеяй і страхам затрымцела сэрца маладой крэолкі. Яна ўжо гатова была паказацца з-за свайго прыкрыцця, але страх атрымаў верх, а праз хвіліну коннік ужо паехаў.
Куды?
Канешне, на спатканне з доннай Ісідорай Каварубіо дэ Лос-Льянас.
Хіба можна ў гэтым сумнявацца!
Як бы там ні было, яна хутка будзе ведаць гэта. He прайшло і дваццаці хвілін, як на той жа дарозе з’явіўся другі конь, леапардавай масці, з наезніцай на спіне.
Раўнівае сэрца крэолкі не магло болей мучыцца сумненнямі. Ніякая праўда не магла прычыніць ёй большых пакут, чым тыя, якія яна цярпела ад сваіх падазрэнняў. I Луіза наважылася дазнацца праўды – можа, пагібельнай для яе слабай надзеі.
Дзяўчына накіравалася ў зараснікі, дзе дваццаць хвілін назад знік мустангер. Яна ехала пад хісткімі ценямі акацый, па мяккай траве ля краю дарогі, каб конь выпадкова не ўдарыў капытом аб камень. Перыстае галлё акацый спускалася так нізка, што чаплялася за яе капялюш. Наезніца сядзела, прыгнуўшыся ў сядле, нібы баючыся, што яе заўважаць, і ў той жа час сама ўважліва глядзела ўперад.
Яна паднялася на вяршыню ўзгорка, адкуль відаць было ўсё наваколле. Перад ёю быў дом, акружаны высокімі дрэвамі. Гэта была багатая асьенда. Луіза ведала, што тут жыве дон Сільвіо Марцінес, дзядзька Ісідоры.
На раўніне віднеліся і іншыя дамы, але толькі на гэты дом, толькі на дарогу да яго быў скіраваны трывожны погляд крэолкі.
Некаторы час яна працягвала назіраць, але ніхто не з’яўляўся ні ў асьендзе, ні каля яе. На дарозе, што вяла да маёнтка, як і на праезджай, таксама нікога не было відаць. Па лузе хадзіла некалькі коней, але ўсе яны былі не асядланыя.
«Сеньярыта магла выехаць яму насустрач… Ці Морыс зайшоў да іх у дом?
Дзе яны зараз? У лесе ці ў доме? Калі яны ў лесе, то ці ведае пра гэта дон Сільвіо? Калі ж Морыс у гасцях у іх, то як да гэтага ставіцца дзядзька Ісідоры, і наогул, ці дома ён сам?»