Роздум Луізы быў перарваны ржаннем каня і бразганнем падкоў аб камень на дарозе.
Луіза паглядзела ўніз. Мустангер падымаўся прама да яе па абрывістым схіле. Яна магла б заўважыць яго і раней, калі б не ўглядалася так уважліва ў далячынь.
Ён быў па-ранейшаму адзін; і не было ніякіх падстаў меркаваць, што ён нядаўна расстаўся з кім-небудзь, і тым больш з каханкай.
Хавацца было позна. Крапчасты мустанг ужо адказаў на прывітанне старога знаёмца. Наезніца была вымушана застацца на месцы, чакаючы мустангера.
– Добры дзень, міс Пойндэкстэр, – сказаў ён, пад’язджаючы. У прэрыі не заведзена, каб дамы віталіся першымі.– Вы адна?
– Адна, сэр. Чаму вы здзіўляецеся?
– Зараснікі не вельмі падыходзяць для такіх прагулак. Зрэшты, вы неяк гаварылі, што вам падабаюцца прагулкі ў адзіноце.
– Вам яны як быццам таксама падабаюцца, містэр Джэральд. Толькі вы наўрад ці пакутуеце ад адзіноты… Ці не так?
– Я езджу адзін іменна таму, што люблю адзіноту. На жаль, мне прыходзіцца жыць у гасцініцы. Там так шумна, што і здароваму чалавеку цяжка, а я гэта асабліва востра адчуваю. Па гэтаму прагулка вярхом па гэтых ціхіх мясцінах прыносіць мне невыказную асалоду. Халадок у цені акацый і вецярок, які нястомна забаўляецца веерападобным лісцем, могуць узнавіць сілы нават паміраючага. Вы так не думаеце?
– Вам лепш гэта ведаць, – збянтэжана адказала Луіза. – Вы ж так часта наведваеце гэтыя месцы…
– Часта! Я толькі другі раз праязджаю тут, з той пары, як зноў змог сесці ў сядло… Але, прабачце, міс Пойндэкстэр… адкуль вы ведаеце, што я праязджаў тут?
– Ах, – адказала Луіза, чырванеючы і бялеючы, – я не магла не заўважыць гэтага! Я прывыкла праводзіць большую частку дня на асатэі. Там так прыемна – цудоўны від, і асабліва добра ранкам, калі дзьме халаднаваты вецярок і птушыны спеў даносіцца з усіх бакоў… З нашага даху далёка відна гэта дарога. I я бачыла вас, калі вы праязджалі міма, гэта значыць, пакуль вы не схаваліся пад ценем акацый.
– Значыць, вы бачылі мяне? – сказаў Морыс, збянтэжыўшыся. Але яго збянтэжанасць была выклікана не яе апошняй фразай, якой ён проста не зразумеў: ён успомніў, як глядзеў на асьенду, спыніўшыся за гаечкам.
– Ну канешне. Дарога ж праходзіць у шасцістах ярдах ад нашага дома. Я нават змагла разгледзець тую сеньярыту, якая праязджала тут вярхом, хаця яе конь не такі прыметны, як ваш. Я бачыла, як яна спрытна накінула ласо на шыю беднай маленькай антылопы, і адразу здагадалася, што гэта тая самая маладая дзяўчына, пра таленты якой вы мне так міла расказвалі.
– Ісідора?
– Ісідора!
– Ах, сапраўды! Яна ж тут гасціла некаторы час.
– I была вельмі ўважлівая да містэра Джэральда?
– Гэта так, яна сапраўды была вельмі ўважлівая, хаця я яшчэ не меў магчымасці падзякаваць ёй. Нягледзячы на яе прыязныя адносіны да мяне, яна ненавідзіць нас, чужаземцаў, і ніколі не пагадзілася б пераступіць парог гасцініцы Абердофера.
– Праўда? Напэўна, яна лічыць за лепшае бачыцца з вамі пад ценем акацый?
– Я зусім не бачыў яе – ва ўсякім выпадку, ужо шмат месяцаў – і, мабыць, не ўбачу яшчэ доўга: яна вярнулася дамоў на Рыо-Грандэ.
– Гэта праўда, містэр Джэральд? Вы не бачылі яе з той пары… Яна паехала ад свайго дзядзькі?
– Так, яна паехала – адказаў Морыс са здзіўленнем. – Канешне, я яе не бачыў і даведаўся, што яна тут гасціла, толькі таму, што, пакуль я ляжаў, яна прысылала мне ўсялякія ласункі, якія, па праўдзе кажучы, былі вельмі дарэчы. Кухня гасцініцы Абердофера не заслугоўвае асаблівых пахвал, ды і яго адносіны да мяне не самыя лепшыя. Донна Ісідора, трэба сказаць, вельмі шчодра аддзякавала мне за тую Maленькую паслугу, якую я ёй некалі аказаў.
– Паслугу? Можна спытаць, якую, містэр Джэральд?
– Канешне. Гэта выйшла выпадкова. Мне пашчасціла аднойчы вырваць донну Ісідору з рук індзейцаў – Дзікага Ката і яго супляменнікаў, семінолаў. Яны напалі на яе, калі яна ехала ад Рыо-Грандэ да берагоў Ляоны наведаць свайго дзядзьку, дона Сільвіо Марцінеса, – вунь там віднеецца яго дом. Нягоднікі былі п’яныя, і ёй пагражала калі не смерць, то, прынамсі, вялікая небяспека. Ёй, беднай, было б вельмі цяжка выслізнуць ад іх, калі б я не падаспеў у час.
– Гэта вы называеце маленькай паслугай? Вы вельмі сціплы, містэр Джэральд. Калі б я трапіла ў падобнае становішча і хто-небудзь выратаваў мяне.
– Чым бы вы адплацілі яму? – спытаў мустангер з хваляваннем.
– Я пакахала б яго, – хутка адказала Луіза.
– Калі гэта так, – прашаптаў Морыс, нахіліўшыся да Луізы, – я аддаў бы паўжыцця, каб убачыць вас у руках Дзікага Ката і яго п’яных таварышаў і выратаваць вас ад іх!
– Гэта праўда, Морыс Джэральд? He жартуйце – я ж не дзіця. Я хачу ведаць праўду! Скажыце, вы шчыры са мной?
– Так, гэта праўда! Клянуся вам!
Луіза Пойндэкстэр прыпаднялася ў страмёнах і палажыла руку на плячо мустангера. Адказваючы на яго пацалунак, яна горача прашаптала:
– Я кахаю цябе!