З той пары як у Тэхасе з’явіліся англа-саксонскія перасяленцы – можна нават сказаць, з часу каланізацыі Тэхаса нашчадкамі канкістадораў, што адбылося на стагоддзе раней, – самым важным для яго жыхароў былі адносіны з індзейцамі.
I калі індзейцы, законныя гаспадары краіны, былі ў стане вайны з перасяленцамі, і калі з імі ўдавалася заключыць перамір’е – усё роўна яны заставаліся пастаяннай тэмай размоў. У першым выпадку гаварылі аб навіслай небяспецы, у другім – абмяркоўвалася пытанне, ці надоўга чырванаскурыя правадыры вырашылі закапаць свае тамагаўкі.
Гэта тэма абмяркоўвалася скрозь і ўсюды – за снеданнем, абедам і вячэрай. У асьендзе плантатара ці ў халупе паляўнічага словы «мядзведзь», «пума», «пекары» вымаўляліся радзей і з меншым страхам, чым слова «індзеец». Індзейцамі ў Тэхасе пужалі дзяцей, але і бацькі баяліся іх не менш.
Нават высокія каменныя сцены Каса-дэль-Корва, якія рабілі асьенду падобнай на крэпасць, не пазбавілі яе жыхароў ад страхаў, што хвалявалі насельніцтва ўсёй памежнай паласы.
Да гэтага часу сям’я Пойндэкстэра мела толькі слабае ўяўленне аб індзейцах, і то толькі па чутках; але дзень за днём яна ўсё болей дазнавалася пра набегі чырванаскурых.
Яны ўжо пачалі верыць, што гэта небяспека не простая выдумка; а калі хто-небудзь яшчэ сумняваўся, то пісьмо ад маёра, каменданта форта, дасланае тыдні праз два пасля пікніка, павінна было развеяць апошнія сумленні.
Пісьмо прывёз конны стралок раніцай. Яно было ўручана плантатару, калі той садзіўся за сервіраваны для сведчання стол, вакол якога ўжо сабралася ўся сям’я: дачка Луіза, сын Генры і пляменнік Касій Калхаўн.
– Дзіўныя навіны! – усклікнуў Пойндэкстэр, хутка прабегшы вачамі паперу. – I вельмі непрыемныя, калі гэта праўда. Але, раз маёр так упэўнены, сумнявацца не прыходзіцца.
– Непрыемныя навіны, тата? – спытала дачка, моцна пачырванеўшы, а сама падумала: «Што мог маёр напісаць? Я сустрэла яго ўчора ў зарасніках. Ён бачыў мяне з… Няўжо пра гэта? Божа, калі бацька даведаецца!..»
– «Каманчы на сцежцы вайны» – вось што піша маёр, – сказаў Пойндэкстэр.
– I толькі ўсяго? – міжвольна вырвалася ў Луізы, як быццам у гэтым паведамленні не было нічога трывожнага. – Ты напужаў нас. Я думала, здарылася нешта больш страшнае.
– Больш страшнае? Што за глупства ты мелеш, дзіця маё! У Тэхасе няма нічога страйнейшага за каманчаў на сцежцы вайны, няма нічога апаснейшага.
Магчыма, Луіза з гэтым не пагадзілася, падумаўшы пра іншыя небяспекі, пазбегчы якіх было не лягчэй. Можа, яна ўзгадала табун дзікіх жарабцоў ці след ласо на выпаленай прэрыі. Яна нічога не адказала.
Размову працягваў Калхаўн:
– А маёр упэўнены, што індзейцы наважыліся пачаць вайну? Што ён піша?
– Піша, што ўжо некалькі дзён хадзілі гэтыя чуткі, але ён не надаваў ім асаблівага значэння. Цяпер жа ўсё пацвердзілася. Учора вечарам у форт з’явіўся Дзікі Кот – правадыр семінолаў са сваімі супляменнікамі. Яны паведамілі, што па ўсім Тэхасе каманчы ў сваіх сёлах паставілі размаляваныя шасты і цэлы месяц скачуць танец вайны, што некалькі атрадаў ужо рушылі ў паход і кожную хвіліну могуць з’явіцца на Ляоне!
– А сам Дзікі Кот хіба лепшы? – спытала Луіза, узгадаўшы выпадак, расказаны мустангерам. – Няўжо гэтаму здрадніку можна давяраць? Мяркуючы па ўсяму, ён такі ж вораг белым, як і сваім супляменнікам.
– Твая праўда, дачушка. Маёр у пастскрыптуме дае яму якраз такую характарыстыку. Ён раіць быць асцярожным з гэтым двудушным нягоднікам, які, канешне, перакінецца на бок каманчаў, як толькі гэта яму здасца выгадным… Ну што ж, – працягваў плантатар, адкладваючы ўбок пісьмо і вяртаючыся да сваёй кавы і вафляў,– я спадзяюся, што мы зусім не ўбачым тут чырванаскурых – ні каманчаў, ні семінолаў. Трэба думаць, што, ступіўшы на сцежку вайны, каманчы адступяць перад зубчастымі парапетамі Каса-дэль-Корва і не асмеляцца крануць нашу асьенду…
У гэты час у дзвярах сталовай, дзе яны сядзелі за снеданнем, паказалася чорная фізіяномія фурмана, і размова перайшла на іншую тэму.
– Што табе трэба, Плутон? – спытаў яго Пойндэкстэр.
– Хо-хо! Маса Вудлі, гэтаму хлопцу нічога не трэба. Я толькі заглянуў; толькі трэба сказаць міс Луі: хай хутчэй канчае снеданне – крапчастая стаіць з сядлом на спіне і чакае, каб ёй сунулі жалезку ў рот. Крапчастая не хоча стаяць на камянях, ірвецца на мяккую траву прэрыі.
– Ты едзеш катацца, Луіза? – спытаў плантатар з яўным незадавальненнем.
– Так, тата. Я хацела праехацца.
– Няможна!
– Вось як!
– Зразумей мяне: я не хачу, каб ты ездзіла адна. Гэта непрыстойна.
– Чаму ты так думаеш, тата? Я ж часта ездзіла адна.
– Так, на жаль, занадта часта.
Апошняя заўвага прымусіла дзяўчыну злёгку пачырванець, хаця яна яе была ўпэўнена, што мае на ўвазе бацька.
Але Луіза не стала дапытвацца. Наадварот, яна палічыла за лепшае замяць гэту размову, што было ясна па яе адказу.
– Калі ты супраць, тата, я не буду болей катацца па прэрыі. Але няўжо ты будзеш трымаць мяне пад замком, калі вы, мужчыны, ездзіце па справах? Вось якое жыццё мне наканавана ў Тэхасе!