– Ты мяне не так зразумела, Луіза. Я зусім не супраць таго, каб ты выязджала на прагулкі, але хай цябе хто-небудзь суправаджае. Выязджай з Генры ці з Касіем. Я толькі забараняю табе ездзіць адной. На гэта ў мяне ёсць прычыны.
– Прычыны? Якія?
Гэта пытанне міжвольна сарвалася з вуснаў Луізы. Яна зараз жа пашкадавала, што не стрымалася. Яна са страхам чакала адказу.
Адказ крыху супакоіў яе.
– Якія яшчэ прычыны табе патрэбны? – сказаў плантатар. – Ды перш за ўсё вось гэта пісьмо маёра. He забывай, што Тэхас – гэта не Луізіяна, дзе дзяўчына можа ехаць спакойна, куды ёй толькі ўздумаецца, не баючыся, што яе абразяць або абрабуюць. Тут жа, у Тэхасе, небяспека на кожным кроку. Напрыклад, індзейцы.
– Індзейцаў мне няма чаго баяцца. Я ніколі не ад’язджаю ад дома далей чым на пяць міль.
– На пяць міль! – саркастычна ўсклікнуў адстаўны капітан. – Гэта тое ж самае, што ад’ехаць на пяцьдзесят міль, кузіна Лу. Ты з такім жа поспехам можаш сустрэць індзейцаў на адлегласці ста крокаў ад варот дома, як і на адлегласці ста міль. Калі яны на сцежцы вайны, іх можна чакаць у любым месцы і ў любы час. Па-мойму, дзядзька Вудлі мае рацыю: крайне безразважна табе ездзіць адной.
– О, ты так думаеш? – рэзка сказала крэолка, з пагардай зірнуўшы на дваюраднага брата. – Ці не скажаце вы мне, сэр, чым вы зможаце мне дапамагчы, калі я сапраўды сустрэну каманчаў? Хаця я ўпэўнена, што гэтага не можа здарыцца. Добра ж мы будзем выглядаць – удваіх сярод ваеннага атрада размаляваных дзікуноў! Ха-ха! У небяспецы апынешся ты, а не я. Я якраз уцяку, а ты застанешся з імі. Вось ужо сапраўды небяспека – на адлегласці пяці міль ад дома! А ну, пашукай у Тэхасе конніка – не выключаючы і дзікуноў,– які мог бы дагнаць мяне на маёй мілай Луне! Табе гэта наўрад ці ўдасца, Каш!
– Замаўчы, дачка! – строга сказаў Пойндэкстэр. – Я не хачу слухаць такую бязглуздую балбатню… He звяртай на яе ўвагі, Касій. I, акрамя індзейцаў, тут шмат усякага зброду – іх трэба апасацца не меней. Запомні: я забараняю табе ездзіць далёка, як ты гэта рабіла раней!
– Няхай будзе па-твойму, тата, – пакорна адказала Луіза, устаючы з-за стала. – Канешне, я паслухаюся цябе, але ведай, што я магу захварэць, калі мне прыйдзецца сядзець дома… Ідзі, Плутон, – звярнулася яна да негра, які ўсё яшчэ стаяў у дзвярах і ўсміхаўся. – Адвядзі Луну ў караль, на пашу – куды хочаш. Няхай яна бяжыць у сваю родную прэрыю, калі гэта ёй падабаецца. Яна мне больш не патрэбна.
З гэтымі словамі дзяўчына горда выйшла з пакоя, пакінуўшы мужчын, якія ўсё яшчэ сядзелі за сталом, раздумваць над яе словамі.
Але гэта не былі яе апошнія словы. Калі яна спяшалася па калідоры ў свой пакой, у яе сарвалася шэптам некалькі пытанняў, на якія нічога пэўнага нельга было адказаць:
– Пра што бацька мог даведацца? Можа, гэта толькі падазрэнні? Хто мог яму расказаць? Ці ведае ён пра нашу сустрэчу?
Калхаўн устаў з-за стала амаль гэтак жа раптоўна, як і Луіза. Але, у адрозненне ад яе, ён не пайшоў да сябе, а выйшаў з дому.
Ён усё яшчэ пакутаваў ад ран, але значна паздаравеў і мог ужо хадзіць па садзе, дайсці да канюшні, да караля паблізу ад дома…
Але на гэты раз ён адправіўся далей. Пад уплывам пачутага ці ў сувязі з атрыманай весткай, але слабасць, здавалася, пакінула яго, і, абапіраючыся на кій, ён пайшоў у напрамку да форта Індж.
Ён прайшоў па пустцы, якая ляжала на паўдарозе паміж асьендай і фортам, накульгваючы, падышоў да зараснікаў акацыі, што прыхаваліся пад ценем іншых, больш высокіх дрэў. У самым гушчары зеляніны стаяла сплеценая з прутоў і абмазаная глінай хаціна – хакале, тыповае жыллё паўднёва-заходняга Тэхаса.
Гэта будыніна поўнасцю стасавалася з яе гаспадаром, Мігуэлем Дыясам – жорсткім напаўдзікуном, які нездарма заслужыў мянушку Эль-Каёт.
Далёка не заўсёды гэтага воўка можна было знайсці ў яго логавішчы – хакале Мігуэля Дыяса, бадай, не заслугоўвала лепшай назвы, тут ён толькі калі-нікалі начаваў. Толькі зрэдку, пасля ўдалага палявання, ён мог дазволіць сабе пажыць крыху каля пасёлка, аддаючыся грубым уцехам.
Калхаўну пашанцавала: ён застаў гаспадара дома, хаця і пад чаркаю – гэта, між іншым, быў яго звычайны стан. Праўда, мексіканец не быў ушчэнт п’яны, ён паспеў добра выспацца і крыху апамятацца.
– А, гэта вы, сеньёр! – закрычаў Эль-Каёт, убачыўшы ў дзвярах госця. – Якім чынам? Бярыце крэсла. Вось яно стаіць. Крэсла! Ха-ха-ха!
Эль-Каёт зарагатаў, гледзячы на прадмет, які ён назваў крэслам. Гэта быў проста чэрап мустанга, які выкарыстоўваўся для сядзення. Груба збіты стол з аполкаў юкі, другі такі ж чэрап і куча трыснягу, якая служыла пасцеллю і на якой ляжаў гаспадар, давяршалі абсталяванне жылля Мігуэля Дыяса.
Стомлены доўгай прагулкай, Калхаўн прыняў запрашэнне і апусціўся на чэрап. He губляючы часу, ён адразу прыступіў да справы.
– Сеньёр Дыяс, – сказаў ён, – я прыйшоў сюды.
– Сеньёр амерыкана! – усклікнуў напаўп’яны мустангер, перарваўшы тлумачэнне. – Карамба! Знаю, знаю, чаго вы завіталі! Навошта лішнія цырымоніі! Я павінен прыбраць з дарогі гэтага д’ябла ірландца!
– Так!