– Дык вось, я ж абяцаў вам зрабіць гэта за пяцьсот долараў, калі прыйдзе час і калі трапіцца зручны выпадак. Мігуэль Дыяс заўсёды трымае слова. Толькі час яшчэ не настаў і зручнага выпадку не было. Чорт вазьмі! Каб забіць чалавека як належыць, патрабуецца ўмельства. Нават у прэрыях нападаюць на след. А калі дазнаюцца, то для мяне гэта не жарты! Вы забываеце, сеньёр капітан, што я мексіканец. Быў бы я амерыканец, як вы, то лёгка ўкакошыў бы дона Марысіо. Варта толькі сказаць, што была сварка, і я выйшаў бы сухім з вады. Ліха на яго! Для мексіканца іншы закон. Калі хто-небудзь з нас усадзіць мачэтэ ў сэрца чалавека, гэта назавуць забойствам. I тады вы, амерыканцы, у вашым дурным судзе з дванаццаццю «прысяжнымі» пастановіце: «Павесіць». Карамба! Мне гэта не падыходзіць. Я ненавіджу гэтага ірландца, як і вы, але лезці ў пятлю не збіраюся. Я павінен вычакаць, пакуль прыйдзе час і трапіцца зручны выпадак – чорт вазьмі, і час і выпадак!
– I тое і другое прыйшло! – усклікнуў Калхаўн, нахіліўшыся да мексіканца. – Вы сказалі, што лёгка маглі б гэта зрабіць, калі б толькі пачаліся непрыемнасці з індзейцамі.
– Канешне, я гэта казаў, і калі б гэта было так, то…
– Значыць, вы яшчэ не ведаеце навін?
– Якіх навін?
– Дык жа каманчы на сцежцы вайны!
– Чорт вазьмі! – усклікнуў Эль-Каёт, ускакваючы са сваёй трысняговай пасцелі з імклівасцю воўка, які ўчуў здабычу. – Святая Дзева! Няўжо гэта праўда, сеньёр?
– Самая чыстая праўда. Гэта вестка толькі што атрымана ў форце. У мяне паведамленне ад самога каменданта.
– Тады… – адказаў мексіканец у роздуме, – тады дон Марысіо можа памерці. Каманчы могуць забіць яго. Ха-ха-ха!
– Вы ўпэўнены ў гэтым?
– Я быў бы больш упэўнены, калі б за яго скальп заплацілі тысячу долараў, а не пяцьсот.
– Ён варты гэтай сумы.
– Якой сумы?
– Тысячы долараў.
– Вы абяцаеце?
– Так.
– У такім выпадку каманчы здымуць з яго скальп, сеньёр капітан! Можаце вяртацца ў Каса-дэль-Корва і спаць спакойна. Будзьце ўпэўнены, што, як толькі трапіцца выпадак, ваш вораг застанецца без валасоў. Вы разумееце мяне?
– Так.
– А цяпер рыхтуйце вашу тысячу долараў.
– Яны чакаюць вас.
– Карамба! Я іх хутка зараблю! Бывайце!
– Святая Дзева! – усклікнуў бандыт, як толькі яго наведвальнік пайшоў.– Во пашанцавала! Атрымаць тысячу долараў за тое, каб укакошыць чалавека, якога я хацеў забіць дарма? Каманчы на сцежцы вайны! Карамба! Няўжо гэта праўда? Калі так, то трэба дастаць свой касцюм для гэтага маскараду. Тры доўгія гады перамір’я з індзейцамі ён валяецца ў мяне без дзела. Хай жывуць індзейцы на сцежцы вайны! I хай увянчаецца поспехам мой маскарад!
Луіза Пойндэкстэр, захапляючыся тымі відамі спорту, якія прынята лічыць мужчынскімі, канешне, не грэбавала і стральбой з лука. Яна дасканала валодала гэтым майстэрствам.
Абыходзіцца з лукам яна навучылася ў індзейцаў племені юма; апошнія рэшткі гэтага некалі магутнага племені можна да гэтага часу сустрэць у дэльце Місісіпі, ля заліва Атчафалая, і ў наваколлі Пойнт Купе.
Яна прывезла свой лук з Луізіяны, але ён доўга ляжаў без дзела, нават нераспакаваны. З таго часу як яна пераехала ў Тэхас, у яе яшчэ не было выпадку папрактыкавацца ў стральбе. Прыгожы лук з апельсінавага дрэва і апераныя стрэлы валяліся забытымі ў кладоўцы.
Але настаў час, калі яна ўспомніла пра іх. Гэта было хутка пасля размовы за снеданнем, калі бацька забараніў ёй выязджаць адной на прагулкі.
Яна без пярэчання падпарадкавалася гэтаму загаду; больш таго, яна не толькі перастала выязджаць адна, але і наогул адмовілася ад верхавой язды.
Крапчасты мустанг панура стаяў у канюшні або бегаў па каралі, здзіўляючыся, чаму ён болей не адчувае на спіне сядла – адзінага напаміну пра тое, што ён палонны.
Але Луіза не забывала сваёй улюбёнкі. Праўда, яна болей не ездзіла катацца, але ўсё ж штодзённа наведвала Луну і сачыла за тым, каб яе добра даглядалі. Кабылу кармілі лепшым зернем з засекаў Каса-дэль-Корва, самай сакавітай травой саванны, паілі сцюдзёнай вадой Ляоны.
Плутон дбайна даглядаў яе. Ён так старанна цёр яе скрабніцай і шчоткамі, што шэрсць яе блішчала не горш, чым скура яго чорнага твару.
Амаль увесь вольны час Луіза аддавала цяпер стральбе з лука.
Месцам для практыкаванняў ёй служыў сад з прылеглымі зараснікамі. З трох бакоў яго падковай агінала рака; з чацвёртага ён замыкаўся задняй сцяной асьенды.
Сад быў вельмі стары; аб гэтым сведчылі не толькі магутныя дрэвы, але і патрэсканыя статуі, якія ўпрыгожвалі яго. Яны былі зроблены разцом іспанскіх майстроў і ўяўлялі сабой герояў далёкага мінулага. Тут мы маглі ўбачыць вялікага Кандэ, Кампеадора; вялікага мараплаўца, якому належыць слава адкрыцця Амерыкі і праслаўленую сваёй прыгажосцю і адданасцю любімаму чалавеку індыянку Малінча.