Але не сярод гэтых герояў практыкавалася Луіза ў стральбе з лука, хаця не раз можна было бачыць, як яна стаіць перад статуяй Малінча, разглядваючы яе цудоўны твар. Луіза не папракала прыгажуню індыянку за тое, што яна пакахала іспанскага палкаводца. Маладая крэолка адчувала ў глыбіні душы, што не ёй папракаць Малінча. Яна ж і сама, забыўшы пра ўсё на свеце, аддала сваё сэрца чалавеку, які далёка не такі славуты, як Кортэс, хаця, на яе думку, не менш заслугоўвае славы.
He, не сярод гэтых статуй Луіза Пойндэкстэр займалася стральбой з лука. Яна ішла пад цень высокіх дрэў, якія па выгіну ракі ўтварылі паўкруглы гай паміж берагам і садам. Тут раслі пасаджаныя некалькі стагоддзяў назад самой прыродай тутавыя, арэхавыя дрэвы, кедры, якіх не крануў садоўнік, калі разбіваў сад.
Крэолка любіла сядзець пад зялёнымі шатамі гэтых лясных волатаў ці хадзіць па беразе празрыстай ракі, якая санліва бруіла міма.
Тут Луіза магла быць зусім адна, а ў апошні час яна шукала адзіноты. Бацька нават у моманты самага суровага настрою не стаў бы пярэчыць гэтаму. Ён быў спакойны за яе: сцены Каса-дэль-Корва, глыбокая і шырокая рака былі яе надзейнай абаронай. Плантатар не толькі не пярэчыў гэтым самотным прагулкам, але, наадварот, быў задаволены імі. Падазрэнні, якія ў яго ўзнікалі і для якіх, трэба сказаць, меліся падставы, пачалі рассейвацца.
Урэшце рэшт гэта магло быць толькі звычайнай плёткай. He выключана, што плантатар стаў ахвярай злых языкоў. Вельмі магчыма, што сустрэча яго дачкі з Морысам-мустангерам не была наўмыснай. Маглі ж яны выпадкова сустрэцца ў зарасніках! I наўрад ці Луізе было прыстойна не павітацца з чалавекам, які двойчы выратаваў яе жыццё. Напэўна, яна проста яшчэ раз выказала яму сваю ўдзячнасць.
Тое, што яна пакорліва адмовілася ад верхавой язды, здавалася, пацвярджала гэта меркаванне. Звычайна яна скаралася не так лёгка – значыць, гэтыя паездкі не былі ёй асабліва дарагія.
Так разважаў любячы бацька, у якога не было іншага сродку разабрацца ў характары сваёй дачкі. Калі б яны жылі ў іншай краіне або належалі да іншага кола, ён, можа, задаў бы прамое пытанне і патрабаваў бы прамога адказу. Але на Місісіпі гэта не заведзена; там дзесяцігадовы сын ці дачка, якой яшчэ не споўнілася пятнаццаць, абурыліся б і назвалі б гэта допытам з прыдзіркамі.
Наўрад ці Вудлі Пойндэкстэр мог разлічваць на пакорлівасць Луізы. Яго прыгажуня дачка за апошнія гады прывыкла да пакланення і кампліментаў, а гэта часта псуе чалавека.
Нягледзячы на тое што ён быў яе бацькам і, па закону, меў над ёю ўладу, ён добра разумеў, наколькі гэта ўлада прывідная.
Па гэтаму ён быў задаволены яе паслухмянасцю і радаваўся, што цяпер, замест нястрымнай скачкі па прэрыі, яна задавольваецца прагулкамі ў садзе, дзе цешыцца стральбой з лука па маленькіх птушачках, якія, на сваю бяду, набліжаюцца да яе.
Чаму вы разважаеце так наіўна, пяцідзесяцігадовы бацька? Хіба вы забылі сваю маладосць, забылі, як вы марылі, як вы падманвалі або прыкідваліся, каб утаіць тое, што, магчыма, было самым высакародным пачуццём у вашым жыцці!
Але бацька прыгажуні Луізы, здавалася, ні аб чым не ўспамінаў, хаця яму было што ўспомніць. Ён забыў усё, што тады хвалявала яго, інакш ён знайшоў бы выпадак, каб пайсці ўпотай за дачкой у сад і паглядзець, што яна робіць у зарасніках хмызняку, які акаймоўвае бераг ракі. Тады ён даведаўся б, што Луіза зусім не жорсткая, як магло здацца, – яна цэлілася не ў птушак, якія так даверліва пырхалі вакол яе. He для гэтага нацягвала яна лук: прывязаўшы шматок паперы да наканечніка стралы, яна пасылала яго ў гай на процілеглым беразе ракі.
I ён заўважыў бы нешта яшчэ больш цікавае: праз некаторы час гэта ж страла, нібы незадаволеная тым месцам, куды яна трапіла, вярталася ў рукі дзяўчыны з тым жа – або, можа, падобным – шматком паперы, прывязаным да яе наканечніка.
Недасведчанаму назіральніку гэтыя палёты стралы маглі здацца дзіўнай, нават звышнатуральнай з’явай. Але паколькі пабочных назіральнікаў не было, то здзіўляцца было некаму. А двум удзельнікам гэтай гульні, якія па чарзе нацягвалі лук і пасылалі туды і назад адну і тую ж стралу, усё было зразумела.
Каханне смяецца з перашкод.
Пазбаўленыя магчымасці бачыцца, Морыс і Луіза прыдумалі гэту паветраную пошту.
Паветраная пошта існавала нядоўга. Хіба могуць закаханыя задаволіцца перапіскай, застаючыся на адлегласці палёту стралы! Любячыя сэрцы павінны гарэць і біцца зусім блізка.
Морыс Джэральд і Луіза Пойндэкстэр не маглі болей пераносіць разлуку. Нарэшце яны сустрэліся – не ў здрадніцкім святле сонца, а ў цішы поўначы, і толькі зоркі былі нямымі сведкамі іх тайны. Ужо двойчы бачыліся яны ў гаі за садам. Двойчы абмяняліся яны любоўнымі клятвамі пры мігатлівым святле зорак. Яны дамовіліся аб трэцім спатканні.