А ў плантатара, які так ганарыўся сваёй дачкой, не было і ценю падазрэння, што яна страшэнна падманвае яго. Яго дачка, яго адзіная дачка, гордая арыстакратка, прыгожая і адораная, якая магла б дастойна выйсці замуж, кахае простага паляўнічага на коней! Калі б яму гэта прыснілася, ён ускочыў бы са сваёй мяккай пасцелі, як ад гукаў трубы, якая абвяшчае канец свету. У яго пакуль не ўзнікла ніякага падазрэння. Усё гэта было непраўдападобным, занадта жахлівым. I калі б такая думка прыйшла яму ў галаву, яна здалася б яму бязглуздай.

Ён быў задаволены той бездакорнай пакорлівасцю, з якой дачка прыняла яго апошнюю забарону. Яму, праўда, было б больш прыемна, калі б яна дакладней выканала яго жаданне і не адмовілася зусім ад прагулак па прэрыі, але ездзіла б у суправаджэнні брата або кузена. Яна ж да гэтага часу не пагаджалася на гэта, а ён не настойваў. Ён ахвотна паддаўся яе капрызу. Вядома ж, пакуль Луіза заставалася дома, не магло ўзнікнуць ніякіх новых плётак. Яе падатлівасць нісколькі абяззброіла яго, што ён амаль шкадаваў аб сваёй забароне. Супакоіўшыся, ён ужо падумваў аб тым, каб яе адмяніць.

* * *

Была месячная ноч, адна з тых, якія бываюць толькі на поўдні; такая ноч, калі серабрысты дыск месяца плаўна слізгае па сапфіравым небе, а горы ў празрыстым паветры вырысоўваюцца так ясна, што, здаецца, можна дакрануцца да іх рукой; калі ветрык заціхае і вялікае лісце трапічных дрэў замірае ў нерухомасці, нібы прыслухоўваючыся да дзіўнага хору начных галасоў звяроў, птушак, паўзуноў і насякомых.

Гэта была такая ноч, калі хочацца гуляць удваіх з той адзінай ненагляднай, якая па нейкаму таямнічаму заказу прыроды завалодала тваім сэрцам, калі вы марыце аб тым, каб белыя рукі абвіліся вакол вашай шыі і чароўныя вочы глядзелі на вас з тым жа хвалюючым выразам, які мілей за ўсё бывае пры таямнічым святле месяца…

Ужо даўно барабан пехацінцаў і горн кавалерыстаў абвясцілі пра тое, што гарнізону форта Індж пара класціся спаць. Карацей кажучы, было ўжо каля поўначы, калі ад дзвярэй таверны Абердофера ад’ехаў коннік. Ён паехаў па дарозе ўздоўж Ляоны і хутка пакінуў за сабой пасёлак.

Як ужо ўпаміналася, гэта дарога праходзіла міма Каса-дэль-Корва па процілеглым беразе ракі. Упаміналася таксама, што яна перасякала паласу адкрытай прэрыі, дзе быў адзін невялікі гай.

Гэта адзінокая купа дрэў, адна з тых, якія жыхары прэрыі называюць астраўкамі лесу, стаяла ля дарогі, па якой скакаў коннік, што выехаў з пасёлка.

Даехаўшы да гаю, коннік саскочыў з каня і прывязаў яго да дрэва. Затым ён зняў з лукі сядла доўгую вяроўку, сплеценую з конскага воласу, скруціў яе кальцом і, надзеўшы на руку, бясшумна прайшоў праз гай да ракі.

Перш чым выйсці з-пад прыкрыцця густога ценю дрэў, ён запытальна паглядзеў на неба і на яркі месяц. У поглядзе яго мільганула трывога.

– Няма сэнсу чакаць, пакуль гэты прыгажун знікне, – заклапочана прамармытаў ён. – Відаць, ён наважыўся цараваць тут да самай раніцы.

Потым ён паглядзеў на адкрытае месца, якое аддзяляла яго ад вады. На процілеглым беразе цямнела асьенда Каса-дэль-Корва.

– Што, калі зараз хто-небудзь не спіць там?.. Наўрад ці гэта магчыма ў такі позні час. Канешне, калі каго-небудзь мучыць нячыстае сумленне… Ага! Ды там жа ёсць такі чалавек! Калі ён не спіць, то напэўна заўважыў мяне. Калі б гэта тычылася толькі мяне, я б ніколькі не хваляваўся. Што рабіць? Трэба рызыкаваць – іншага выйсця няма. Месяц зойдзе толькі праз некалькі гадзін, а на небе няма ні хмаркі. Я не магу прымушаць Луізу чакаць. Нічога не зробіш, што будзе, тое будзе!

З гэтымі словамі ён хутка, але асцярожна перасек адкрытае месца і падышоў да крутога абрыву над ракой.

He затрымліваючыся тут, ён спрытна спусціўся па звілістай, але, відаць, добра яму знаёмай сцежцы да самай вады.

Праз хвіліну ён ужо стаяў на беразе, якраз насупраць таго месца, дзе ў цені вялізнай таполі пагойдваўся на вадзе маленькі човен.

Некаторы час чалавек уважліва ўглядаўся ў зараснікі на процілеглым беразе, відаць правяраючы, ці не хаваецца там хто-небудзь.

Упэўніўшыся, што ў зарасніках нікога няма, ён узяў сваё ласо і, зрабіўшы некалькі кругавых рухаў, перакінуў яго цераз раку.

Пятля захліснула калок на носе чоўна, і чалавек перацягнуў яго да сябе; ён скочыў у яго, узяў вёслы, якія ляжалі на дне, і, уставіўшы на ўключыны, пераправіўся на другі бераг, падвёўшы човен да месца, дзе ён стаяў раней.

Выйшаўшы на бераг, ён выцягнуў човен на пясок, каб яго не знесла цячэннем. Потым начны госць Каса-дэль-Корва пракраўся ў цень таполі; здавалася, ён чакаў умоўнага сігналу ці з’яўлення кагосьці, з кім загадзя дамовіўся сустрэцца.

Калі б хто-небудзь заўважыў яго ў гэту хвіліну, то мог бы прыняць яго за злодзея, які збіраецца абрабаваць Каса-дэль-Корва. Але, пачуўшы шэпт, які зрываўся з вуснаў незнаёмца, ён зразумеў бы, што падазрэнні яго несправядлівыя. Праўда, ён марыў аб скарбе, схаваным за сценамі дома, але гэта былі не грошы, не каштоўнасці, не фамільнае серабро – гэта была гаспадыня дома.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже