Наўрад ці трэба тлумачыць, што чалавек, які пакінуў свайго каня ў гаі і так удала пераправіўся цераз раку, быў Морыс-мустангер.

<p>32. святло і цень</p>

Нядоўга давялося Морысу чакаць пад таполяй. У тое самае імгненне, калі ён скочыў у човен, адно з вокнаў асьенды, якое выходзіла ў сад, ціхенька прычынілася і не зачынялася некаторы час, як быццам нехта хацеў выйсці і вагаўся, не ведаючы, ці свабодны шлях.

Маленькая белая рука з каштоўнымі пярсцёнкамі на тонкіх пальцах прытрымлівала адчыненую раму, асветленую месяцам; праз некалькі хвілін стройны сілуэт дзяўчыны з’явіўся на лесвіцы, якая вяла ў сад.

Гэта была Луіза Пойндэкстэр.

Некалькі секунд яна стаяла прыслухоўваючыся. Усплёск вясла? Ці не здалося ёй гэта? Цыкады напаўнялі паветра сваім няўрымслівым стракатаннем, і лёгка можна было памыліцца. Умоўлены час спаткання настаў, і яна не магла болей чакаць.

Нячутна спусцілася Луіза па каменнай лесвіцы, праслізнула ў сад, ціхенька прайшла праз хмызняк, міма статуй і нарэшце апынулася пад таполяй. Тут яе сустрэлі абдымкі мустангера.

Шчаслівыя хвіліны ляцяць хутка, і неўзабаве настае час расставання.

* * *

– Заўтра ўначы мы зноў убачымся, любы? Заўтра ўначы?

– Калі б я толькі мог, я сказаў бы табе: так, заўтра, і паслязаўтра, і зноў, мая любая!

– Але чаму ж? Чаму ты не можаш гэтага сказаць?

– Заўтра раніцай я еду на Аламо.

– Вось як! Хіба гэта неабходна?

Пытанне прагучала міжвольным папрокам. Кожны раз, калі яна чула ўпамінанне пра адзінокую хаціну на Аламо, у ёй прачыналася нейкае непрыемнае пачуццё. Але чаму? Яна і сама не ведала.

– Мне сапраўды трэба туды паехаць.

– Трэба? Цябе там чакаюць?

– Толькі мой слуга Фялім. Спадзяюся, што з ім нічога не здарылася. Я адаслаў яго туды дзён дзесяць назад, яшчэ да гэтых чутак пра індзейцаў.

– Толькі Фялім і больш ніхто? Ты кажаш праўду, Морыс? Мілы, не падманвай мяне! Толькі ён, ты сказаў?

– Чаму ты пытаеш пра гэта, Луіза?

– Я не магу табе сказаць чаму. Я б памерла ад сораму, калі б прызналася ў тым, што мне часам прыходзіць у галаву.

– He бойся, скажы мне ўсё, што ты думаеш. Я не мог бы нічога ўтаіць ад цябе. Ну, гавары ж, радасць мая!

– Ты гэтага хочаш, Морыс?

– Канешне, хачу. Я ўпэўнены, што вырашу ўсе твае недаўменні. Калі хто-небудзь даведаецца пра нашы сустрэчы, іх могуць дрэнна вытлумачыць. Па гэтаму я і еду на Аламо.

– Каб там застацца?

– Усяго толькі на адзін ці два дні. Толькі для таго, каб сабраць свае рэчы і сказаць апошняе бывай майму жыццю ў прэрыі.

– Вось як?

– Ты, здаецца, здзіўлена?

– He! Толькі недаўмяваю. Я не магу зразумець цябе, і, мабыць, мне гэта ніколі не ўдасца.

– Але ж усё вельмі проста. Я прыняў важнае рашэнне і ведаю, што ты даруеш мне, калі я табе пра яго скажу.

– Дараваць табе, Морыс! За што?

– За тое, што я не адкрыў табе сваёй тайны. Я не той, за каго ты мяне прымаеш…

– Але ж ты такі, якім мне здаешся: высакародны, смелы, прыгожы, незвычайны чалавек. О Морыс! Калі б ты толькі ведаў, які ты мне дарагі і як я цябе кахаю!

– Галубка мая, не болей, чым я цябе, але дзеля нашага шчасця мы павінны рашыцца на разлуку.

– На разлуку?

– Так, любая. Але мы расстанемся ненадоўга.

– На колькі?

– На час, які спатрэбіцца параходу, каб перасячы Атлантычны акіян туды і назад.

– Цэлая вечнасць! Але навошта?

– Мне неабходна з’ездзіць на радзіму – у Ірландыю, у краіну, якой тут пагарджаюць, як ты сама ведаеш. Усяго толькі дваццаць гадзін назад я атрымаў адтуль важную вестку. I я спяшаюся туды паехаць і спадзяюся па вяртанні даказаць твайму гордаму бацьку, што бедны мустангер, які заваяваў сэрца яго дачкі… Ці заваяваў я яго, Луіза?

– Ці трэба табе пра гэта пытаць? Ты ведаеш, што пакарыў маё беднае сэрца і яму ніколі не вырвацца з гэтай няволі. He смейся з мяне, Морыс, – я навекі твая раба!

Зноў абдымкі, зноў пяшчотныя пацалункі і любоўныя клятвы.

Заціхла стракатанне конікаў у зялёнай траве, замоўклі цыкады на лістах дрэў, не даносіліся болей крыкі перасмешніка з макушкі высокай таполі, і казадой узляцеў яшчэ вышэй у месячным святле.

Але закаханыя нічога не чулі. Яны не бачылі і цёмнага ценю чалавека – або, можа, д’ябла, – які слізгаў сярод кветак, то заміраючы ля статуі, то хаваючыся ў хмызняку, пакуль, нарэшце, не спыніўся за дрэвам – крокаў за дзесяць ад таго месца, дзе яны цалаваліся. У хвіліны шчасця, калі ўсё навокал заціхла, яны зусім не падазравалі, што гэта цішыня дапамагае падслухаць іх любоўныя прызнанні, а здрадніцкі месяц выдае кожны рух.

Чалавек, які чорным ценем хаваўся за дрэвам, падслухаў кожнае іх слова, нават любоўныя ўздыхі і шэпт; а ў серабрыстым святле месяца ён выразна бачыў іх самыя непрыметныя жэсты.

Ці трэба гаварыць, хто быў гэты паскудны шпіён? Імя Касія Калхаўна напрошваецца само сабой.

Гэта быў ён.

<p>33. Пакутлівае адкрыццё</p>

Як здарылася, што кузен Луізы Пойндэкстэр не спаў такім познім часам ночы ці, дакладней, такім раннім ранкам? Ці быў ён папярэджаны аб гэтым спатканні або ў яго проста ўзніклі падазрэнні, якія прымусілі яго выйсці са спальні і пайсці праверыць, ці ўсё ў садзе як мае быць?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже